Жарко распавёў, што чакае беларускую медыцыну ў бліжэйшыя пяць гадоў

10.02.2011 13:31
Архив Редакция

Міністр аховы здароўя Беларусі Васіль Жарко распавёў аб змяненнях і новаўвядзеннях, якія чакаюць беларускую медыцыну ў найбліжэйшыя пяць гадоў. Так, па словах міністра, першачарговая ўвага будзе нададзена выкананню пратакола даручэнняў па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы лячэбных устаноў, і па пераабсталяванні іх сучасным начыннем. "Гэта тычыцца лячэбнай сеткі ўсёй краіны", — адзначыў кіраўнік Міністэрства аховы здароўя. 

«Па папярэдніх разліках, толькі на рэканструкцыю і завяршэнне новага будаўніцтва на два гады спатрэбіцца 2,5 трлн. рублёў. Плюс яшчэ закупка медыцынскага абсталявання. Плануем, як і цяпер, штогод закупляць прыкладна на 400 млрд. рублёў», — цытуе Васіля Жарко БелТА.

Па словах кіраўніка ведамства, гэта вялікі аб’ём працы. «І гэта ўсвядомяць ўсе: і органы ўлады на месцах (аблвыканкамы, райвыканкамы), і лекары», — сказаў міністр. «Нам трэба будзе завяршыць рэканструкцыю і будаўніцтва рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтраў, — паведаміў Васіль Жарко. — Гэта РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі (увод якога плануецца ў гэтым годзе), гематалогіі і трансфузіялогіі, пульманалогіі і фтызіятрыі, і завяршэнне рэканструкцыі РНПЦ «Маці і дзіця». Таксама хочам пабудаваць яшчэ дыягнастычны корпус і, напэўна, частку палатнага комплексу (якія злучаць разам) ў РНПЦ «Кардыялогія».

Жарко: беларускія ўрачы ўжо ўмеюць рабіць усё

Па словах міністра аховы здароўя, «задача вельмі складаная, няпростая, трэба шукаць крыніцы фінансавання». «Неабходна завяршыць рэканструкцыю і пераабсталяванне, каб мы выйшлі па матэрыяльна-тэхнічнай базе на еўрапейску ўзровень. Лекары нашы ўжо ўмеюць рабіць усё, яны добра падрыхтаваныя. Застаецца толькі стварыць ўмовы», — заявіў Васіль Жарко.

Акрамя таго, па словах кіраўніка міністэрства, у бліжэйшыя пяць гадоў таксама трэба будзе ўзмацніць прафілактычную накіраванасць працы сістэмы аховы здароўя. «Дамагчыся, каб мы выйшлі ў аб’ёме фінансавання амбулаторна-паліклінічнага і стацыянарнага звяна — 50 на 50», — адзначыў міністр.

Па словах Васіля Жарко таксама зменяцца падыходы да фінансавання. «Цяпер разлік фінансавання ідзе на аднаго жыхара, але плануем гэты разлік яшчэ разбіць па відах аказання меддапамогі: стацыянарная, амбулаторная, хуткая, г.зн. зрабіць так, каб яна была канкрэтнай», — падкрэсліў кіраўнік міністэрства.

Жарко: мы павінны зменшыць смяротнасць і захворвальнасць насельніцтва

Пры гэтым, адзначыў кіраўнік Міністэрства аховы здароўя, асноўнай задачай медыцынскіх працаўнікоў з’яўляецца забеспячэнне якасці і даступнасці аказання дапамогі, укараненне высокіх тэхналогій на рэспубліканскім узроўні, часткі з іх — у рэгіёнах.

«Шляхам гэтай працы мы павінны зменшыць смяротнасць і захворвальнасць насельніцтва. У першую чаргу знізіць смяротнасць ад захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы і анкалагічных захворванняў», — заявіў міністр аховы здароўя.

Па словах Васіля Жарко ўжо распрацаваны і знаходзяцца на зацвярджэнні дзве профільныя праграмы — «Анкалогія» і «Кардыялогія». У гэтых дакументах прапісана ўсё: пачынаючы ад раённага ўзроўню і заканчваючы закупкай расходных матэрыялаў, рэагентаў, медыкаментаў, медтэхнікі, падрыхтоўка кадраў і г.д., адзначыў міністр.

«Наша галоўная задача — умацаваць здароўе насельніцтва і знізіць захворвальнасць і смяротнасць. Асноўныя шляхі таго, як гэта зрабіць, — выкананне дзяржаўных праграмаў, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, узмацненне прафілактычнай накіраванасці, пераарыентацыя на амбулаторна-паліклінічнае звяно, недапушчэнне росту інфекцыйных захворванняў», — сказаў Васіль Жарко.

Міністэрства аховы здароўя плануе да 2013 года вырашыць праблему дэфіцыту кадраў у сферы аховы здароўя

Акрамя гэтага, перад аховай здароўя стаіць задача нарошчваць экспарт медыцынскіх паслуг, адзначыў міністр. Васіль Жарко таксама распавёў, што міністэрства распрацавала галіновую праграму «Кадры» на 2011-2015 гады, у якой разлічана патрэба галіны аховы здароўя ў кадрах з улікам большай колькасці выпускнікоў пачынаючы з 2011 года.

«З 2006 года павялічаны набор абітурыентаў і два апошнія гады на бюджэтную форму навучання набіраліся 2,7 тыс. чалавек, на пазабюджэтную — 50% гэтай колькасці, гэта значыць усяго каля чатырох тысяч чалавек. Мы пралічылі, што пры наборы 2,1 тыс. на бюджэт плюс па-за бюджэтам будзем пакрываць натуральнае змяншэнне, сыход з галіны працаўнікоў. Плануем, што ў 2013 годзе будзе вырашана праблема дэфіцыту кадраў у галіне аховы здароўя», — сказаў Васіль Жарко.

Как вам новость?
Головоломки