Жыллё на другасным рынку Мінска патаннела за месяц на 8%

30.03.2010 12:17
Архив Редакция

Старшыня Беларускага таварыства ацэншчыкаў (БТА) Мікалай Трыфанаў паведаміў, што сярэдні кошт жылля на другасным рынку сталіцы патаннеў з пачатку сакавіка гэтага года на 8% і па стане на 26 сакавіка склаў каля 1,46 тыс. даляраў за квадратны метр. "З пачаткам вясны рынак другаснага жылля Мінска прыкметна ажывіўся", — сказаў Мікалай Трыфанаў.

Па словах кіраўніка БТА, у цэлым «у сакавіку сталі амаль удвая больш падаваць аб’яў пра продаж кватэр, чым у канцы студзеня гэтага года, калі на другасным рынку жылля назіралася мінімальная актыўнасць».

«Дагэтуль на працягу трох месяцаў запар назіралася тэндэнцыя росту коштаў. Дадзенае паніжэнне адбылося досыць рэзка, мы фактычна вярнуліся да пераднавагодняга ўзроўня кошту другаснага жылля», — цытуе БелТА словы Мікалая Трыфанава.

Эксперт не змог сказаць, як будзе развівацца сітуацыя далей і ці працягне другаснае жыллё таннець. «Пра наяўнасць такой тэндэнцыі можна будзе сцвярджаць толькі праз некаторы час», — сказаў старшыня Беларускага таварыства ацэншчыкаў.

Па дадзеных БТА, сярэдні кошт прапановы на другасным рынку жылля сталіцы ў студзені цяперашняга года вагаўся на ўзроўні 1,54 тыс. даляраў плюс-мінус 23 даляры за адзін квадратны метр, у лютым калідор ваганняў склаў 1,54 тыс. даляраў плюс-мінус 15 даляраў за квадратны метр.

Паводле дадзеных БТА, леташняе падзенне коштаў на другасным рынку жылля ў Мінску было самым значным за апошнія дзевяць гадоў. Па інфармацыі Беларускага таварыства ацэншчыкаў, свайго мінімуму сярэдні кошт прапановы на другасным рынку жылля дасягнуў у верасні 2009 года і склаў 1,33 тыс. даляраў за адзін квадратны метр, зменшыўшыся на 33% да ўзроўня пачатку 2009 года.

Как вам новость?