Жырыноўскі: Лукашэнка ніколі не сыдзе добраахвотна

21.12.2010 16:17
Архив Редакция

Абраны ў чацвёрты раз прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка не пакіне пасаду кіраўніка дзяржавы добраахвотна, але будзе займаць яе да таго часу, пакуль аднойчы хто-небудзь «не спіхне яго ад улады», лічыць старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Расіі Уладзімір Жырыноўскі. Пра гэта ён заявіў на пленарным пасяджэнні Дзярждумы РФ 20 снежня.

«Ён застаўся на пяць гадоў. Вы думаеце, ён сыдзе праз пяць гадоў, у 2015 годзе? Не. І ў 2020, і ў 2025 не сыдзе. Бальшавікі ніколі не сыходзяць добраахвотна. Яны ноччу сілай прыйшлі і толькі ўначы хто-небудзь калі-небудзь спіхне Лукашэнку ад улады», — цытуе віцэ-спікера Дзярждумы РІА «Новости».

Як адзначыў Уладзімір Жырыноўскі, Лукашэнка «паказаў дэмакратыю, разагнаўшы тысячы людзей, сотні кінуўшы ў засценкі, у тым ліку і рускіх журналістаў, і іншых замежнікаў».

Зюганаў: «Плошча» — гэта лямант адчаю купленай апазіцыі

Старшыня Камуністычнай партыі Расіі Генадзій Зюганаў, у сваю чаргу, віншуе Аляксандра Лукашэнку «з перамогай на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі».

«Дзевяць з дзесяці выбаршчыкаў прыйшлі на выбары і восем з дзесяці падтрымалі Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку. Гэта азначае, што ён і далей можа разам са сваёй камандай праводзіць курс на стварэнне і сапраўдную мадэрнізацыю», — цытуе старшыню партыі прэс-служба КПРФ.

Генадзій Зюганаў таксама пракаментаваў акцыю пратэсту, арганізаваную беларускай апазіцыяй 19 снежня па заканчэнні выбараў. «У дадзеным выпадку гэтыя людзі, хутчэй за ўсё, выконваюць чужыя ўказанні. Сведчаннем чаму — тое варварства і той вандалізм, які яны наладзілі ў ноч пасля выбараў. […] І я лічу, што беларускі народ паступіў вельмі мудра, не даўшы ажыццявіцца гэтаму сцэнару. Мы паслалі на выбары ў Беларусь вялікую групу сваіх назіральнікаў. Яны былі здзіўлены той адкрытасцю, з якой праходзілі выбары», — заявіў палітык.

Ён адзначыў, што не ведае ні адной еўрапейскай краіны, дзе б назіральнікам дазвалялі прысутнічаць падчас падліку галасоў. «Таму тое, што адбылося ўчора ў Мінску, — лямант адчаю з боку тых, хто хоча дэстабілізаваць абстаноўку ў рэспубліцы. На мой погляд, яны адпрацоўваюць чужыя грошы. Нічога новага ў гэтым няма: гэта цэрэушны сцэнар, які выкарыстоўваўся ўжо не адзін раз. Ён накіраваны на тое, каб «апазіцыянеры» маглі захапіць уладу, перадаць рэспубліку пад кантроль ЗША, а самі — распрадаць і расцягнуць усё, што дрэнна ляжыць. І калі так званая беларуская апазіцыя павяла сябе падобным чынам, гэта яе цалкам выкрывае як антынародную сілу, не здольную да канструктыўнай працы», — мяркуе Генадзій Зюганаў.

Нямцоў: фальсіфікацыі пачаліся задоўга да дня галасавання

«Некаторыя еўрапейскія назіральнікі выказваюць сваё захапленне выбарамі прэзыдэнта Беларусі, якія прайшлі ў нядзелю. Бескарысліва яны гэта робяць ці не — я не ведаю. Ведаю іншае — выбары татальна фальсіфікаваныя. Фальсіфікацыі пачаліся задоўга да дня галасавання», — піша ў сваім блогу на сайце радыёстанцыі «Эхо Москвы» прадстаўнік расійскага руху «Салідарнасць» Барыс Нямцоў.

Альтэрнатыўныя кандыдаты ў прэзідэнты і дзейны кіраўнік дзяржавы знаходзіліся ў няроўных умовах, лічыць ён. «Лукашэнка займаў 90% эфірнага часу, а на ўсіх астатніх кандыдатаў прыходзілася 10%. Грамадскае меркаванне, як у Беларусі, так і ў Расіі, і ва ўсім свеце фармуецца тэлебачаннем. Так што тэлевізійныя маніпуляцыі і фальсіфікацыі відавочныя», — аргументуе палітык свой пункт гледжання.

Іншай праблемай, лічыць Барыс Нямцоў, з’яўляецца выкарыстанне датэрміновага галасавання. «23% прымусовых, у асноўным пенсіянераў і бюджэтнікаў, не кіем, дык палкай заганяліся на выбарчыя ўчасткі задоўга да дня галасавання. Урны, дзе захоўваліся бюлетэні, нікім не кантраляваліся. Далей тлумачыць не трэба», — адзначае ён.

Акрамя таго, колькасць прадстаўнікоў апазіцыі на ўчастковых выбарчых камісіях склала менш за 1%. «Гэта азначае, што падлік галасоў быў аддадзены на водкуп Лукашэнку і яго брыгадзе. […] Фальш і падман вывелі спакойных і памяркоўных беларусаў з сябе. Дзясяткі тысяч чалавек выйшлі ўчора ўначы на плошчу. І тут Лукашэнка канчаткова раз’юшыўся і паказаў сваё сапраўднае дыктатарскае мурло. Далей вы ведаеце: сотні арыштаваных, скалечаных, уключаючы кандыдатаў у прэзідэнты, у прыватнасці Уладзіміра Някляева і Андрэя Саннікава», — працягвае прадстаўнік «Салідарнасці».

«Лукашэнка кіруе 16 гадоў. Ён ўжо ўсіх дастаў. І як бы ні развіваліся ў далейшым падзеі, шанцаў стаць нават мінімальна легітымным ў яго ніякіх. А за скалечаных і арыштаваных у ноч з 19 на 20 снежня 2010 г яму ўсё роўна прыйдзецца адказаць», — піша апазіцыйны палітык.

Палітык таксама заклікае беларускія ўлады вызваліць усіх затрыманых падчас акцыі апазіцыі, нязгодных з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў, уключаючы журналістку Ірыну Халіп і чальца палітрады руху «Салідарнасць» Анастасію Рыбачэнка.

«Не дыктатуры ў цэнтры Еўропы! Жыве Беларусь! «, — Скончыў свой запіс у блогу Барыс Нямцоў.

Как вам новость?