Жырыноўскі: сумленна перамагчы на выбарах Лукашэнка не зможа

07.10.2010 13:54
Архив Редакция

Намеснік старшыні Дзяржаўнай думы, лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Расіі Уладзімір Жырыноўскі лічыць, што цяперашні беларускі лідар Аляксандр Лукашэнка не зможа перамагчы на будучых прэзідэнцкіх выбарах сумленна. "Максімальная падтрымка — 20-30%. Ён больш не можа атрымаць", — заявіў Уладзімір Жырыноўскі.

«Лукашэнка паводзіць сябе па-хамску, нахабна паводзіць сябе. І ідзе ва-банк. Няўжо ён думае, што ўсе закрыюць вочы на фальсіфікацыю выбараў?», — цытуюць Уладзіміра Жырыноўскага Вести.Ru.

Разам з тым, лідар ЛДПР лічыць, што расійцы і беларусы добра ставяцца адзін да аднаго. Прычынай жа ўскладнення беларуска-расійскіх адносін, «лаянкі і антырасійскай рыторыкі» з боку Аляксандра Лукашэнкі намеснік старшыні расійскай Дзярждумы называе прэзідэнцкія выбары, «на якіх Лукашэнка прайграе, але не хоча сумленна сысці».

Уладзімір Жырыноўскі лічыць, што Масква не стане падтрымліваць Аляксандра Лукашэнку на цяперашніх выбарах, і беларускі лідар будзе шукаць падтрымкі ў Захада. Па словах расійскага палітыка, там выбары могуць прызнаць, каб Беларусь заняла антырасійскую пазіцыю. Разам з тым, менавіта «Масква зрабіла Аляксандра Лукашэнкк прэзідэнтам», лічыць Уладзімір Жырыноўскі. «Калі б не было падтрымкі Масквы, ён бы ніколі не стаў прэзідэнтам», — заявіў лідар ЛДПР.

Жырыноўскі: Лукашэнка так і застаўся дырэктарам саўгаса

«Яго (Аляксандра Лукашэнкі — Тэлеграф) каснаязычча тлумачыцца тым, што ён як быў дырэктарам саўгаса, так і застаўся. Там, на свінаферме так размаўляе — сельская праца агрубляе чалавека. Нельга быць прэзідэнтам з такой адукацыяй і такой папярэдняй працай», — дадаў Уладзімір Жырыноўскі.

Акрамя таго, лідар ЛДПР лічыць, што Аляксандр Лукашэнка блакуе ўступленне Беларусі ў склад Расіі супраць волі беларусаў, а саюзная дзяржава Беларусі з Расіяй ніколі створана не будзе. «Ніякая саюзная дзяржава ніколі не зможа быць створана. Уступаць абласцямі — так. Будзе Мінская, Віцебская, Гомельская, Гарадзенская, Берасцейская і Магілёўская вобласці», — заявіў Уладзімір Жырыноўскі.

«Мы б выдалі ўказ і зрабілі б яго (Аляксандра Лукашэнку — Тэлеграф) паўнамоцным прадстаўніком Мінскай федэральнай акругі. Чым дрэнная арганізацыя дзяржавы?», — дадаў лідар ЛДПР.

Как вам новость?
Головоломки