"Жывы гук ON-line" пачынае вясновую серыю канцэртаў

19.03.2010 09:22
Архив Редакция

Праект «Жывы гук ON-line» у партнёрстве з Еўрарадыё і пры падтрымцы варшаўскай галерэі ZOYA пачынае веснавую серыю канцэртаў. Першы канцэрт серыі адбудзецца 2 красавіка ў самым цэнтры Мінску, ў Палацы Мастацтва, ў межах арт-фэстывалю «Fun House».

«Леташнія канцэрты праекту «Жывы гук ON-line» стварылі новую мадэль існавання альтэрнатыўнае сцэны ў нашым горадзе і сталі ў шэраг найбольш адметных імпрэзаў году. Атмасфера чэрвеньскага фэсту ў Дворыку Дома Афіцэраў, які наведалі каля тысячы чалавек, нарэшце нагадала ўсім прысутным і тым, хто далучыўся да інтэрнэт-трансляцыі і глядзеў фотарэпартажы, што Мінск — еўрапейскі горад», адзначаюць арганізатары праекту.

«Жывы гук ON-line» плануе серыю рок-канцэртаў і ў гэтым годзе. Галоўная задача праекту — даць музыкам сцэну, а публіцы — магчымасць завесці звычку рэгулярна хадзіць на рок-канцэрты, а значыцца знайсці сабе новае кола знаёмстваў. Мерапрыемствы будуць праходзіць на працягу году ў розных месцах, якія магчыма прыстасаваць пад рок-канцэрт — на вуліцы, у кватэрах, гаражах, альтанках ды клубах. А завершыць сезон — вялікі фэстываль.

«„Жывы гук ON-line», звычайна, працуе на розных пляцоўках. Непрадказальнасць у нашым выпадку не эпітэт, а ўмовы існавання, — кажа Піт Паўлаў, ідэйны кіраўнік праекту. —  Анансуючы кожную наступную акцыю мы выкарыстоўваем бліц-рэжым і разлічваем на ўважлівасць, як уласціваць нашае аўдыторыі».

Захоўваючы інтрыгу, поўны склад удзельнікаў арганізатары абвесцяць на наступным тыдні. Але дакладна вядома, што ў межах канцэрту 2 красавіка будуць паказаныя фрагменты фільму, знятага падчас папярэдняга канцэрту. А ўсе, хто прыйдзе, стануць ўдзельнікамі on-line трансляцыі і героямі наступнага музычнага фільму. Трансляцыя будзе арганізаваная пры тэхнічнай падтрымцы інтэрнет кавярні «Саюз On-line».

Кастынг сярод маладых музыкаў на права ўдзелу ў канцэртах праекту працягваецца. Свае запісы, інфармацыю аб гурце і ўсё што можа дапамагчы стварыць уяўленне аб творчасці каманды дасылайце на адрас: [email protected].

Как вам новость?