Жыхар Горадні атрымаў 1,4 тыс. даляраў штрафу за абразу ў інтэрнэце

07.12.2010 14:24
Архив Редакция

Студэнта з Горадні аштрафавалі на 1,4 тыс. даляраў за абразу міліцыянта на інтэрнэт-форуме. 22-гадоваму гарадзенцу прысудзілі пакаранне ў памеры 100 базавых велічыняў, а таксама мільён рублёў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды за тое, што той у непрыстойнай форме раскрытыкаваў дзеянні афіцэра міліцыі з Мінску, які аштрафаваў ягонага бацьку.

Яшчэ ў студзені ў ДАІ УУС Гарадзенскага аблвыканкама на 40 тыс. рублёў аштрафавала бацьку студэнта за дробнае правапарушэнне. Мужчына, будучы ў Мінску, заехаў пад забараняльны знак. Супрацоўнікі мінскай Дзяржаўтаінспекцыі склалі пратакол аб правапарушэньні і накіравалі яго на разгляд у Горадню.

Вярнуўшыся дадому, мужчына распавёў сваёй сям’і аб візіце ў ДАІ. Яго сына настолькі абурыў той факт, што бацьку аштрафавалі, што малады чалавек адразу выклаў свой пункт гледжання на тое, што адбылося на гарадзенскім форуме. Малады чалавек здзіўляўся, за што аштрафавалі яго бацьку, разважаў аб наяўнасці шэрага рэчыва ў супрацоўнікаў ДАІ, закрануў асобу афіцэра міліцыі, які выносіў пакаранне, а ў канцы падвёў рысу з выкарыстаннем нецэнзурнага выразу, перадае «Міліцэйскі веснік».

Дзякуючы ўмяшанню падраздзялення па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій абразлівае паведамленне з форуму выдалілі, вылічылі яго аўтара і распачалі супраць яго крымінальную справу па ч.2 арт.189 КК («Абраза»). Да справы таксама падключыліся супрацоўнікі службы ўласнай бяспекі УУС, якія вывучылі ўсе акалічнасці таго, што адбылося і прызналі правамернымі дзеянні мінскага міліцыянта, які аштрафаваў жыхара Горадні.

Характэрна, што студэнт так і не прызнаў сваёй віны, нават на судовым пасяджэнні, у той час як абражаны міліцыянт патрабаваў ад маладога чалавека толькі выбачэнняў і не меў намераў даводзіць справу да суда.

Тым не менш, малады чалавек стаяў на сваім. Ён перакананы, што асудзілі яго неправамерна: інтэрнэт сродкам масавай інфармацыі не з’яўляецца, а паведамленне аб разглядзе адміністрацыйных матэрыялаў у ДАІ з выразамі, якія зневажаюць гонар і годнасць афіцэра міліцыі і ДАІ ў цэлым, — гэта ўсяго толькі інфармацыя на форуме. Малады чалавек перакананы, што ён нікога не абражаў, а проста хацеў паведаміць грамадскасці аб здарэнні і атрымаць якія-небудзь каментары аб выкладзеным. Тым не менш, суддзі з гэтымі довадамі не пагадзіліся і пададзеныя касацыйныя скаргі ў абласны і Вярхоўны суды задаволеныя не былі.

Как вам новость?
Головоломки