Жыхарам беларускіх рэгіёнаў не хапае валюты

25.10.2010 12:32
Архив Редакция

Жыхары рэгіёнаў Беларусі скардзяцца на тое, што ў абменных пунктах не хапае валюты. «Вырашыла купіць 200 даляраў. Абыйшла пасля абеду ўсе «абменнікі» Бярозы — пуста. Нідзе няма валюты. Аказваецца, попыт настолькі высокі, што купіць даляры можна толькі зранку...», — паведаміла жыхарка Бярозы.

У аддзяленні Белаграпрамбанка ў горадзе Бяроза па вуліцы Леніна пацвердзілі адсутнасць валюты. «Даляраў ў нас няма! За імі трэба прыходзіць з самай раніцы, таму што валюту сталі браць вельмі ахвотна — па тысячы адразу купляюць… Калі пачалося? Дзесьці два тыдні таму з’явіўся гэты ажыятаж, людзі скупляюць даляры і еўра вельмі хутка. Параю: прыходзьце раніцай», — сказала касірка.

Кіраўніца аддзялення Святлана Кошаль не згодная, што праблема стаіць востра, але пацвярджае, што попыт на валюту ў апошнія тыдні нечакана вырас. «У кожны разлікова-касавы цэнтр мы накіроўваем па 5 тыс. даляраў штодня. Але іх разбіраюць на працягу адной-дзвюх гадзінаў. Чаму? Цяжка адказаць. Магчыма, панічныя настроі… Ведаеце, у нашым горадзе моцныя прадпрыемствы — сыраробны завод, мясакансервавы камбінат. Людзі нябедныя працуюць, могуць дазволіць сабе набыць валюту. Хоць, па праўдзе кажучы, яшчэ тыдзень-другі таму за ёй асабліва ніхто не стаяў», — адзначыла спецыялістка.

На недахоп валюты ў абменных пунктах таксама скардзяцца жыхары Івацэвічаў і Белаазёрску, перадае «Вячэрні Брэст».

Кіраўнік прэс-службы Нацбанка Беларусі Анатоль Драздоў пацвердзіў, што ў рэгіёнах назіраецца нарастанне попыту на замежную валюту. «Прычын для гэтага некалькі. Не апошнюю ролю адыгрываюць ўкіды негатыву з боку супернікаў дзейнага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, якія абяцаюць то абвал, то калапс… Вось людзі і бягуць у банкі. Нешта падобнае назіралася зімой-вясной 2009 года, калі на голым месцы нарадзіліся нейкія падазрэнні, людзі чакалі дэвальвацыі, здымалі рублёвыя ўклады. А ніякага абвалу тады не здарылася! Прычынай можа быць і тое, што вяскоўцы атрымалі прыбытак за здадзеную сельгаспрадукцыю і больш актыўна сталі купляць валюту. Ды і, ведаеце, непаваротлівыя гэтыя банкі ў глыбінцы», — адзначыў Анатоль Драздоў.

Как вам новость?
Головоломки