Жонцы экс-кандыдата Міхалевіча забаранілі выезд з Беларусі

13.01.2011 14:19
Архив Редакция

Жонцы экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Алеся Міхалевіча, які пасля падзей 19 снежня ў Мінску знаходзіцца ў следчым ізалятары КДБ, забаранілі выезд за межы краіны. Аб гэтым ёй паведамілі пасля таго, як аўтамабіль, у якім яна ехала ў Варшаву для выступу на слуханнях па Беларусі, спынілі недалёка ад горада Баранавічы Берасцейскай вобласці.

Як паведамілі ў прэс-службе экс-кандыдата, раней Мілана Міхалевіч праз тое, што супрацоўнікі КДБ праводзілі ў яе кватэры ператрус, спазнілася на цягнік. За дзень да гэтага з СІЗА КДБ ёй патэлефанаваў муж, які папрасіў не ехаць у Варшаву. Жонка палітыка распавяла, што Алесь Міхалевіч у гутарцы з ёй гаварыў у неўласцівай яму манеры. Акрамя таго, яна чула, як хтосьці падказваў яму, што казаць, перадае «n#####n».

Таксама супрацоўнікі КДБ не далі магчымасці выехаць у Варшаву маці сустаршыні «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі» Паўла Севярынца Тацяне. За гадзіну да адпраўлення цягніка да яе падышлі супрацоўнікі КДБ, уручылі ёй позву да следчага, на якую, па іх словах, яна павінна была неадкладна з’явіцца. Пасля допыту, які доўжыўся паўтары гадзіны, жанчына не змагла атрымаць назад свой пашпарт.

Адбыліся ператрусы ў кватэры экс-кандыдата Саннікава

Таксама супрацоўнікі КДБ 12 студзеня правялі ператрусы ў кватэры яшчэ аднаго былога кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, а таксама ў кватэры бацькоў яго жонкі Ірыны Халіп. Цешча палітыка Люцына Халіп, якая прысутнічала пры ператрусах, даўшы падпіску аб невыдаванні, адмовілася каментаваць тое, што адбылося.

Апроч гэтага, стала вядома, што супрацоўнікі КДБ затрымалі ўжо судзімага за падзеі 19 снежня актывіста кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Аляксандра Васілеўскага. Акрамя гэтага, на допыт у КДБ у якасці сведкі выклікаюць старшыню «Беларускай асацыяцыі журналістаў» Жанну Літвіну.

Таксама ў рамках крымінальнай справы па факце падзеяў 19 снежня прайшлі ператрусы на офісах апазіцыйных арганізацый у Горадні — кампаніі «За свабодныя выбары» і мясцовым офісе Партыі БНФ. Пра гэта паведамілі адпаведна праваабаронца Віктар Сазонаў і гарадзенскі кіраўнік ПБНФ Вадзім Саранчукоў. Акрамя таго, у Горадні затрымалі польскага журналіста Андрэя Пачобута, якога пасля ператрусу супрацоўнікі КДБ адвезлі ў Мінск у суд Кастрычніцкага раёна горада. «Гэта помста за маю журналісцкую дзейнасць, за тую няўдалую «гутарку», за скаргу ў пракуратуру», — адзначыў затрыманы.

Как вам новость?
Головоломки