"Зялёныя" патрабуюць не пускаць Някляева на выбары праз забойства коткі

24.09.2010 14:52
Архив Редакция

Беларуская партыя "Зялёныя" заклікае Цэнтрвыбаркамам не рэгістраваць у якасці прэтэндэнта ў кандыдаты на пасаду прэзідэнта Уладзіміра Някляева. Справа ў тым, што напярэдадні, 23 верасня, паэт і лідар кампаніі "Гавары праўду!" прызнаўся падчас он-лайн канферэнцыі на сайце аднаго інтэрнэт-выдання, што ў дзяцінстве забіў кацяня.

Працэс забойства жывёліны быў падрабязна апісаны Уладзімірам Някляевым ў творы «Армагедон. Драматычная паэма»: «Мне было гадоў дзесяць, калі я злавіў і забіў котку. Яна жыла Ў свіране, бяздомная. Я забіў яе, узяўшы за заднія лапы — галавой аб бетонны слуп. Доўга, размахваючыся, я біў і біў каціным целам аб бетон, у коткі галавы ўжо не было, а я ўсё лупіў, лупіў і лупіў!..»

«Публічнае бравіраванне палітыкам сваім жорсткім стаўленнем да жывёл ставіць пад сумнеў яго маральнае аблічча і прымушае задумацца аб небяспецы, якую можа прадстаўляць яго кампанія для грамадства», — адзначаецца ў заяве «зялёных».

«Пры гэтым сам кандыдат ініцыятывы «Гавары праўду!» абсалютна не адчувае згрызот сумлення за здзейсненае і разглядае факт забойства жывёліны толькі як падставу для рэфлексіі пра асаблівасці сваёй дзіцячай псіхікі», — гаворыцца ў паведамленні «Зялёных».

Сам паэт пра той выпадак сказаў так: «Шмат што ў дзяцінстве — ва ўспамінах аб ім і ў яго фіксацыі — таямніца. Напрыклад, прыступы дзіцячай жорсткасці… Ува мне такое здарылася толькі раз, але ўсё ж здарылася. Як, чаму?.. Звычайнымі спосабамі сам сабе я не мог гэта растлумачыць, таму і паспрабаваў прааналізаваць у драматычнай паэме…»

«Паколькі адным з асноўных праграмных прынцыпаў Беларускай партыі «Зялёныя» з’яўляецца ахова навакольнага асяроддзя і жывёльнага свету, мы выступаем з пратэстам супраць прапаганды жорсткага абыходжання з жывёламі ў беларускай палітыцы. Мы хочам нагадаць Уладзіміру Някляеву, што забойства жывой істоты не з’яўляецца толькі пытаннем рэалізацыі яго хваравітага лібіда і літаратурных амбіцый», — адзначылі ў сваёй заяве «Зялёныя «.

«Неабходнасць абароны жывёл ад жорсткага абыходжання даўно прызнана на міжнародным узроўні. У прыватнасці, Еўрапейская канвенцыя па абароне хатніх жывёл прызнае наяўнасць у чалавека маральнага абавязку перад жывёламі і забараняе прычыняць ім пакуты», — адзначылі ў партыі.

«За дзеянні, якімі бравіруе пісьменнік, які прэтэндуе на прэзідэнцкі пост, у большасці еўрапейскіх краін прадугледжаная крымінальная адказнасць. Нават у Беларусі, дзе, на думку большасці экспертаў, правы жывёл абароненыя ў недастатковай ступені, таксама прадугледжана пакаранне для такіх, як Някляеў», — гаворыцца ў заяве «Зялёных».

Беларуская партыя «Зялёныя» нагадала, што згодна з артыкулам 15.45 КоАП Рэспублікі Беларусь за «Жорсткае абыходжанне з жывёламі» пагражае адміністрацыйны арышт тэрмінам да двух сутак. «Жорсткае абыходжанне з жывёламі, што пацягнула іх гібель або калецтва, а роўна катаванне жывёл» былі забаронены і савецкім заканадаўствам. Калі б пра злачынства стала вядома ў момант яго здзяйснення, бацькам малалетняга забойцы кацяняці прыйшлося б паўстаць перад судом і заплаціць значны штраф, адзначылі «Зялёныя».

«Мы не прапануем заклікаць Някляева да судовай адказнасці за ўчынак, здзейснены ў дзяцінстве. Але мы патрабуем спыніць прапаганду жорсткага абыходжання з жывёламі праз выбары», — заклікае партыя ў сваёй заяве.

«Публічная выбарчая кампанія чалавека з такімі поглядамі, як у спадара Някляева, будзе спрыяць дэгуманізацыі беларускага грамадства. У першую чаргу, гэта можа нанесці велізарную шкоду маральнаму здароўю моладзі і дзяцей. Акрамя таго, з’яўленне палітычнага лідэра з рэнамэ «забойца кацяняці», стане дыскрэдытацыяй усяго беларускага грамадства ў вачах еўрапейскай супольнасці, паказчыкам яго нізкай цывілізаванасці», — заявілі «Зялёныя».

«У сілу гэтых прычын мы просім ЦВК адмовіць Уладзіміру Някляеву ў рэгістрацыі. Мы так жа прапануем далучыцца да гэтай заявы ўсім экаарганізацыям, зоаабаронцам і зацікаўленым асобам», — адзначаецца ў заяве.

Как вам новость?
Головоломки