Злотнікаў: з падзеннем еўра Беларусь і губляе, і знаходзіць

20.05.2010 11:47
Архив Редакция

Эканаміст Леанід Злотнікаў лічыць, што з падзеннем курсу еўра Беларусь адначасова і губляе, і знаходзіць. "Палова нашага экспарту ідзе ў еўрапейскія краіны, астатняе — у зону даляра і расійскага рубля. Калі мы губляем ад экспарту ў Еўропу, то выйграём за кошт падаражэння рубля і даляра і паставак у гэтыя зоны", — адзначае эксперт.

«Калі браць макраэканоміку ў цэлым, то вялікіх праблемаў ад гэтых ваганняў няма. Але моцных ваганняў варта чакаць па асобных галінах і прадпрыемствах. Напрыклад, зніжэнне курсу еўра пагражае вялікімі стратамі ў нафтаперапрацоўцы», — мяркуе Леанід Злотнікаў, перадае «Завтра твоей страны».  
Па словах эканаміста, хоць экспарт нафтапрадуктаў і ўпаў у апошні час на 40%, асноўная яго доля прыпадае на Еўропу. «А вось машынабудаванню і лёгкай прамысловасці пашанцавала, паколькі ў гэтых галінах наш асноўны экспартны рынак — Расія. Рост курсу расійскага рубля ў адносінах да еўра можа нават паўплываць на павелічэнне экспарту ў Расію ці на эфектыўнасць гэтых прадпрыемстваў-пастаўшчыкоў», — сказаў спецыяліст.
Чалы: эканоміка Беларусі моцна далярызаваная ў плане псіхалогіі насельніцтва
У сваю чаргу, эканаміст Сяргей Чалы лічыць, што з паданнем курсу еўра беларускія банкі не адмовяцца ад правядзення валютна-абменных аперацый у еўра, як гэта цяпер адбываецца ва Украіне, дзе некаторыя банкі адмаўляліся ад правядзення такіх аперацый.
«Ва Украіне гэта адбываецца праз павышаную валатыльнасць — калі курс змяняецца на некалькі сотняў пунктаў на працягу дня, рызыкі банкаў узрастаюць. Натуральна, банкі, якія ў дадзеным выпадку абавязаны падтрымліваць двухбаковую каціроўку (на куплю і на продаж), прадпрымаюць спробы дэстымуляваць сваіх кліентаў, каб не атрымаць выпадковыя страты», — адзначае эксперт.
«У звычайнай сітуацыі, калі б гэта быў рынак безнаяўнай валюты, можна было б рассунуць розніцу паміж купляй і продажам, але ва ўкраінскіх банкаў, мабыць, такой магчымасці няма — памер спрэду абмежаваны заканадаўча. Вось яны і адмаўляюцца ад здзяйснення валютна-абменных аперацый», — распавёў Сяргей Чалы, дадаўшы, што беларуская эканоміка «вельмі моцна далярызаваная ў плане псіхалогіі насельніцтва». 
«Гэта адразу відаць, калі кажуць пра курс беларускага рубля, то параўноўваюць яго, галоўным чынам, не з еўра, а з далярам. Хоць наш асноўны экспарт ідзе ў краіны еўразоны і гандлёвы зварот з імі большы, чым з даляравай зонай. Падзенне еўра для беларускай эканомікі горшае, паколькі расце прывабнасць імпарту з еўразоны, а наш экспарт становіцца таннейшы», — канстатаваў эканаміст.

Как вам новость?