Зліва ў Мінску: уладальнікаў падтопленых крамаў і кавярняў могуць пакараць

28.06.2010 11:47
Архив Редакция

Уладальнікі пунктаў грамадскага харчавання і крамаў Мінску, якія не выканалі загад МНС па папярэджанні выпадкаў падтаплення падчас моцных дажджоў, могуць быць прыцягнутыя да адказнасці. Такую заяву зрабіў 28 чэрвеня старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька на аператыўнай нарадзе ў мэрыі.

Выканаўца абавязкаў начальніка Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС Руслан Ліхаманаў праінфармаваў, што загады МНС (павысіць парогі, нарыхтаваць мяхі з пяском), выдадзеныя суб’ектам гаспадарання ў мінулым годзе пасля моцнае злівы, у большасці выпадкаў не былі выкананыя, паведамляе БелТА.

Звяртаючыся да кіраўніка МНС сталіцы, Мікалай Ладуцька сказаў: «Ёсць закон аб мясцовым самакіраванні, і вы валодаеце правам голасу. Калі выпісалі загад, то адсочваць яго выкананне». Кіраўнік горада адзначыў, што гаворка ідзе аб чалавечым жыцці, і задача МНС заключаецца ў тым, каб падрыхтавацца і папярэдзіць падобныя факты. Мікалай Ладуцька распарадзіўся правесці дэталёвы аналіз сітуацыі, якая склалася 26 чэрвеня. Ён таксама загадаў выпрацаваць дадатковы комплекс мераў у адпаведнасці з планам аператыўнага рэагавання на надзвычайныя сітуацыі.

МНС: у выніку злівы прыйшлося эвакуяваць 53 чалавекі

Руслан Ліхаманаў паведаміў, што за дзве гадзіны моцнае злівы 26 чэрвеня ў Мінску выпала 8 мм ападкаў, або 10% месячнай нормы. Ападкі размеркаваліся вельмі нераўнамерна: ад 7,3 мм у раёне абсерваторыі да 33,2 мм у раёне аэрапорта Мінск-1.

Падтопленымі апынуліся 20 участкаў праезнай часткі і 20 аб’ектаў з масавым знаходжаннем людзей. Прыпыняўся рух 34 маршрутаў грамадскага транспарту. Былі часова зачыненыя станцыі метро «Няміга» і «Партызанская». З чатырох тралейбусаў на вуліцы Няміга былі выратавана і эвакуявана 53 чалавекі, паведамляе прэс-служба МНС Беларусі.

«У мінулую суботу службы горада спрацавалі згодна з планам рэагавання на надзвычайныя сітуацыі. Загадзя было атрымана штармавое папярэджанне, абвешчаны сігнал «Пасейдона», — паведаміў кіраўнік мінскага МНС. На яго думку, гэта дазволіла мінімізаваць наступствы, пазбегнуць гібелі і траўмавання людзей. Як заявіў Руслан Лихаманаў, 26 чэрвеня службы горада спрацавалі адэкватна наяўнай абстаноўцы.

Усяго было задзейнічана 43 адзінкі тэхнікі, прыцягнута больш за 100 супрацоўнікаў МНС, ДАІ, ДВА «Гаррамаўтадар», ЖКГ і іншых. У бліжэйшыя дні ў Мінску пройдзе камандна-штабная трэніроўка і вучэнні службаў горада, падчас якіх будзе дадзена ацэнка дзеянням усіх службаў.

Руслан Ліхаманаў адзначыў таксама, што наступствы злівы сёлета былі значна меншымі, чым летась. Тады, 24 ліпеня 2009 года ў Мінску вада падтапіла 77 участкаў і 64 аб’екта, было выратавана і эвакуявана 546 чалавек.

Як паведамляе БелаПАН, моцныя дажджы прайшлі 26 чэрвеня і ў іншых рэгіёнах Беларусі. Па 18 мм ападкаў выпала на метэастанцыях «Палеская» ў Брэсцкай і ў Жыткавічах Гомельскай вобласці. Вецер памацняўся да 15 м/с у Лельчыцах Гомельскай вобласці. Навальніцы адзначаліся на большай частцы тэрыторыі Мінскай, Гомельскай і Віцебскай абласцей, месцамі ў Магілёўскай, Брэсцкай і Гарадзенскай.

У ноч на 27 чэрвеня 20 мм ападкаў было зарэгістравана ў Вілейцы Мінскай вобласці, а 18 мм зноў на метэастанцый «Палеская» Брэсцкай вобласці.

Как вам новость?