ЗША паабяцалі Беларусі палепшыць адносіны наўзамен на павагу дэмакратыі

01.12.2010 15:05
Архив Редакция

Паляпшэнне двухбаковых адносінаў паміж Мінскам і Вашынгтонам у першую чаргу залежыць ад дэмакратызацыі Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве дзяржаўнага сакратара ЗША Хілары Клінтан і міністра замежных спраў Беларусі Сяргея Мартынава па выніках сустрэчы ў Астане, дзе праходзіць саміт АБСЕ.

«Вітаючы прагрэс, дасягнуты па пытаннях глабальнай бяспекі, ЗША і Беларусь пацвярджаюць, што для паляпшэння двухбаковых адносін першачарговую важнасць па-ранейшаму мае праява большай павагі да дэмакратыі і правоў чалавека, што неабходна для прагрэсу краіны і яе грамадзянаў», — гаворыцца ў дакуменце.

ЗША выказалі надзею на прагрэс у справе забеспячэння адпаведнасці міжнародным стандартам ходу прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, якія адбудуцца 19 снежня. У сувязі з гэтым амерыканскі бок станоўча ацаніў рашэнне Мінску накіраваць запрашэнне значнага складу міжнародных назіральнікаў для ажыццяўлення назірання за правядзеннем выбараў.

У сваю чаргу кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Беларусі не стаў больш падрабязна закранаць тэмы будучых выбараў, а таксама не пракаментаваў сітуацыю з уцечкай інфармацыі на WikiLeaks, які гатовы апублікаваць 1878 сакрэтных тэлеграмаў па Беларусі.

Акрамя таго, у сумесным выступе Сяргей Мартынаў і Хілары Клінтан выказаліся з нагоды рашэння Беларусі ліквідаваць запасы высокаўзбагачанага ўрану.

Як ужо перадаваў Тэлеграф, кіраўнік знешнепалітычнага ведамства лічыць рашэнне аб ліквідацыі запасаў высокаўзбагачанага ўрану «яшчэ адным рэальным пацвярджэннем паслядоўнай і адказнай палітыкі Беларусі ў галіне ядзернага нераспаўсюджання».

Дзяржсакратарка ЗША ў сваю чаргу падкрэсліла, што разлічвае на прыезд беларускай дэлегацыі на саміт па пытанні ядзернай бяспекі ў 2012 годзе для таго, «каб выказаць ухваленне і адзначыць завяршэнне гэтай важнай справы».

Как вам новость?
Головоломки