ЗША падоўжылі прыпыненне санкцый супраць беларускіх прадпрыемстваў

25.05.2010 11:46
Архив Редакция

Злучаныя Штаты прынялі рашэнне падоўжыць прыпыненне санкцый у дачыненні да двух беларускіх прадпрыемстваў канцэрна "Беннафтахім" — ААТ "Полацк-Шкловалакно" і Лідскага ААТ "Лакафарба". Санкцыі ў дачыненні да гэтых прадпрыемстваў не будуць дзейнічаць да 30 лістапада гэтага года, аднак астатнія санкцыі застаюцца ў сіле, адзначылі ў пасольстве ЗША ў Беларусі.

«На жаль, нядаўнія падзеі, уключаючы рэйды супраць няўрадавых арганізацый на мінулым тыдні, сведчаць пра тое, што дзеянні беларускіх уладаў у дачыненні да асноўных свабод працягваюць насіць негатыўны характар. Паляпшэнне амерыкана-беларускіх адносінаў адбудзецца толькі пры ўмове рэальнага прагрэсу ў вобласці дэмакратыі і выканання асноўных правоў чалавека. Гэта сітуацыя будзе ўлічвацца падчас прыняцця рашэння пра далейшае прыпыненне санкцый у лістападзе», — заявілі ў амерыканскім дыппрадстаўніцтве.
Як раней паведамляў Тэлеграф, у мінулы раз міністэрства фінансаў ЗША падоўжыла рашэнне пра змякчэнне санкцый у дачыненні да ААТ «Лакафарба» і «Полацк-Шкловалакно» ў лістападзе 2009 года. Як праінфармаваў тады афіцыйны сайт амерыканскага мінфіна, рашэнне падоўжана па 31 траўня 2010 года.
Ва ўказаны перыяд амерыканскім грамадзянам было дазволена супрацоўніцтва з двума беларускімі прадпрыемствамі.
У той жа час уласнасць ААТ «Лакафарба» і «Полацк-Шкловалакно» застаецца заблакаванай у адпаведнасці з урадавым распараджэннем № 13405. Грамадзянам ЗША забаронена праз ці пры пасрэдніцтве гэтых двух прадпрыемстваў купляць прадукцыю, паслугі і тэхналогіі ў іншых суб’ектаў гаспадарання, занесеных у спіс (маецца на ўвазе спіс прадпрыемстваў «Белнафтахіма», у дачыненні да якіх санкцыі дзейнічаюць у цяперашні час).
Нагадаем, у лістападзе 2007 года ЗША ўвялі эканамічныя санкцыі ў дачыненні да канцэрна «Белнафтахім» у сувязі з парушэннем правоў чалавека ў Беларусі.
У сакавіку 2008 года, пасля таго як улады Беларусі адмовіліся вызваліць былога кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна (на той момант — апошняга з шасці прызнаных міжнароднай супольнасцю ўвязненых апазіцыянераў), ЗША ўвялі санкцыі ў дачыненні да ўсіх прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у склад «Белнафтахіма». Мінск і Вашынгтон адклікалі сваіх амбасадараў для кансультацый. Да сённяшняга дня штаты абаіх пасольстваў скарочаны да мінімуму.
Пятага верасня 2008 года мінфін ЗША на паўгады змякчыў эканамічныя санкцыі ў дачыненні да двух ААТ — «Лакафарба» і «Полацак-Шкловалакно». У лютым 2009 года дзеянне гэтага рашэння было падоўжана да першага чэрвеня, затым — да 30 лістапада 2009 года.

Как вам новость?
Головоломки