ЗША падоўжылі рэжым нармальных гандлёвых адносінаў з Беларуссю

22.06.2010 10:31
Архив Редакция

Паводле наказу дзяржсакратара ЗША Хілары Клінтан, Вашынгтон яшчэ на год падоўжыў ў дачыненні да Беларусі рэжым найбольшага спрыяння ў гандлі (нармальныя гандлёвыя адносіны — у заканадаўчай тэрміналогіі ЗША).

У Федэральным рэгістры ЗША згодна з загадам дзяржсакратара 17 чэрвеня 2010 года з’явілася паведамленне дзярждэпартамента аб падаўжэнні ў дачыненні да Беларусі рэжыму нармальных гандлёвых адносін на наступныя 12 месяцаў. На гэты перыяд будзе прыпынена дзеянне папраўкі Джэксана-Вэніка да закона аб гандлі ад 1974 года, паведамілі ў МЗС Беларусі.

На думку знешнепалітычнага ведамства, такое рашэнне амерыканскай адміністрацыі «дазволіць беларускім экспарцёрам карыстацца льготным рэжымам у гандлі з ЗША». «Краіна экспартуе сваю прадукцыю, выплочваючы больш нізкія мытныя пошліны і, тым самым, павышаючы канкурэнтаздольнасць сваёй прадукцыі на амерыканскім рынку», — патлумачылі ў МЗС выгаду рэжыму нармальных гандлёвых адносін для краіны-экспарцёра.

Папраўка Джэксана-Вэніка была прынятая Кангрэсам у 1974 годзе з мэтай ціску на дзяржавы сацлагеру ў сувязі з парушэннем ў гэтых краінах права чалавека на свабодную эміграцыю. Яна забараняе прадстаўляць краінам з нярынкавай эканомікай, якія абмяжоўваюць правы сваіх грамадзянаў на эміграцыю, рэжым нармальных гандлёвых адносін.

Спіс краінаў, да якіх прымяняецца папраўка Джэксана-Вэніка, паступова скарачаецца. На сёння ЗША не прадстаўляюць нармальных гандлёвых адносін толькі Кубе і Паўночнай Карэі.

Гандлёвыя адносіны ЗША з васьмю былымі савецкімі рэспублікамі (Азербайджанам, Беларуссю, Казахстанам, Малдовай, Расіяй, Таджыкістанам, Туркменістанам і Узбекістанам) фармальна падпадаюць пад дзеянне папраўкі, але на іх распаўсюджваецца часовае вызваленне.

Как вам новость?
Головоломки