ЗША распавялі АБСЕ пра парушэнні правоў чалавека ў Беларусі

14.07.2010 11:00
Архив Редакция

ЗША адзначаюць з сур'ёзнай занепакоенасцю, што працягваюцца ціск і запалохванне, накіраваныя на незалежныя СМІ і палітычную апазіцыю ў Беларусі. "Пасля некаторага прыкметнага паляпшэння ў канцы 2008 году мы з сумам адзначаем, што ў наступны перыяд мелі месца няспынныя парушэнні нормаў АБСЕ", - заявіў кіраўнік місіі ЗША пры АБСЕ Іэн Келі, выступаючы перад Сталай Радай АБСЕ ў Вене.

Сярод найбольш вострых парушэнняў Іэн Келі адзначыў напад восьмага ліпеня на лідара «Маладой Беларусі» Артура Фінькевіча пасля наведвання ім амбасады ЗША. Пры нападзе актывісту пырснулі ў твар невядомай вадкасцю, зьбілі і павалілі на зямлю, а пасля скралі ноўтбук, мабільны тэлефон, ключы, пашпарт. Праз адсутнасць пашпарта Артур Фінькевіч не здолеў прыехаць у ЗША па арганізаванай дзярждэпартаментам ЗША праграме абмену, паведамляе Радыё «Свабода».

Іэн Келі адзначыў таксама затрыманне ў Віцебску дзявятага ліпеня сябра КХП-БНФ Віктара Каваленкі і яго брата з мэтай прадухіліць іх з’яўленне на «Славянскім базары», які павінен быў адкрыць прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Апроч таго, амерыканскі дыпламат узгадаў канфіскацыю накладаў незалежных выданняў «Вольны горад» і «Наша Ніва», якія надрукавалі артыкулы пра расійскі дакументальны фільм «Хросны бацька», у якім Аляксандра Лукашэнку абвінавачвалі ў датычнасці знікнення яго палітычных апанентаў.

Заклапочанасць у прадстаўніка ЗША выклікала перашкода дзявятага ліпеня сустрэчы кіраўнікоў незарэгістраванага Саюзу палякаў на Беларусі Анжалікі Арэхвы і Андрэя Пачобута з еўракамісарам Штэфанам Фюле, а таксама ператрус аўтамабіля актывіста Міхася Башуры і канфіскацыя подпісаў за перайменаванне вуліц у Мінску і Горадні у гонар Васіля Быкава.

Да таго ж Іэн Келі адзначыў допыты рэдактаркі вэб-сайту charter97.org і наяўнасць дагэтуль артыкулу 193 КК, які прадугледжвае крымінальную адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

«Гэтыя выпадкі зьяўляюцца толькі невялікай часткай шматлікіх фактаў, якія сведчаць пра сістэматычнае павелічэнне ціску і запалохвання незалежных СМІ і палітычнай апазіцыі ў Беларусі. Мы працягваем заклікаць урад Беларусі перагледзець свае законы аб СМІ, свабодзе сходаў і асацыяцыяў, а таксама аб палітычных партыях, і іх рэалізацыю, у мэтах прывядзення ў адпаведнасць з абавязаннямі АБСЕ… у адпаведнасці з нашымі абавязаннямі перад АБСЕ мы гатовыя супрацоўнічаць з урадам Беларусі ў гэтай справе», — заявіў Іэн Келі.