ЗША робяць больш жорсткімі правілы выдачы візаў беларускім студэнтам

31.01.2011 08:48
Архив Редакция

З студзеня 2011 года ЗША робяць больш жорсткімі правілы выдачы візаў для грамадзян Беларусі, Балгарыі, Малдовы, Расіі, Румыніі і Украіны, што маюць намер адправіцца на працу і вучобу па праграме "Праца і адпачынак у ЗША". Пра гэта распавёў генеральны консул ЗША ў Расіі Рычард Бір.

Генконсул растлумачыў, што ў гэтым годзе ўрад ЗША запусціў пілотную праграму для шасці краінаў, якія ўдзельнічаюць у праграме «Праца і адпачынак у ЗША». У сувязі з гэтым для ўдзельнікаў праграмы ўводзяцца дадатковыя патрабаванні, перадае БелТА.

Так, напрыклад, жадаючым паўдзельнічаць у праграме, перш, чым звяртацца па візу, неабходна будзе знайсці канкрэтнае месца будучай працы на тэрыторыі ЗША. Разам з тым раней маладыя людзі маглі самастойна шукаць сабе сезонную працу, непасрэдна па прыбыцці ў ЗША.

Па словах генконсула, на такія меры амерыканскія ўлады пайшлі з-за частых выпадкаў прыцягнення ўдзельнікаў праграмы да незаконнай працоўнай дзейнасці, уключэння іх у злачынную дзейнасць, а таксама фактаў неаплаты працы ўдзельнікам праграмы.

«Таму мы палічылі неабходным неяк вырашаць праблему. Цяпер удзельнікі праграмы не змогуць атрымаць візу да таго, як упаўнаважаная арганізацыя падбярэ ім канкрэтную працу ў пэўным месцы», — паведаміў Рычард Бір.

Генконсул таксама падкрэсліў, што жадаючым прыняць удзел у праграме варта звяртацца па дапамогу па працаўладкаванні да прадстаўнікоў спецыяльных спонсарскіх арганізацый, упаўнаважаных на гэтую дзейнасць ўладамі ЗША.