ЗША высунулі Мінску ўльтыматум

17.01.2011 09:12
Архив Редакция

У кіраўніцтва Беларусі ёсць некалькі дзён, каб адпусціць затрыманых падчас пратэстаў у Мінску, у іншым выпадку ЗША адновяць санкцыі. Такую заяву зрабіла першая намесніца памочніка дзяржсакратара ЗША Нэнсі МакЭлдані ўвечары 14 студзеня ў Вільні.

«Мы сказалі, што калі затрыманыя не будуць у найбліжэйшы час адпушчаныя, у нас не будзе іншага выбару, як лічыць іх палітычнымі вязнямі. Гэта будзе значыць, што зноў будуць уведзеныя санкцыі, дзеянне якіх было спынена», — цытуе Нэнсі МакЭлдані «Народная Воля«.

На просьбу журналістаў удакладніць тэрміны, яна адказала, што гэта «пытанне дзён». Па словах Нэнсі МакЭлдані, ЕС і ЗША імкнуцца праводзіць узгодненую палітыку адносна Мінску. Сярод санкцый, якія могуць аднавіць Брусэль і Вашынгтон, ёсць і забарона на візіты службовых асобаў, і замарожванне банкаўскіх рахункаў.
 
Як ужо паведамляў Тэлеграф, у найбліжэйшы панядзелак, 17 студзеня, на сваёй пленарнай сэсіі ў Страсбургу Еўрапейскі парламент мае намер прыняць рэзалюцыю па сітуацыі ў Беларусі. Як заявіў пасля зносінаў з аўтарамі праекту дакументу галоўны рэдактар расійскай «Новай Газеты» Дзмітры Муратаў, рэзалюцыя прадугледжвае «беспрэцэдэнтныя» санкцыі ў дачыненні да ўладаў Беларусі.