Сеть АЗС "А-100" официально объявила о переходе на белорусский язык

08.01.2015 16:05
Авто

У сетцы аўтазаправачных станцый “А-100” пачалі абслугоўваць на беларускай мове. Аператарам рэкамендавана звяртацца да роднай мовы ў абслугоўванні ўсіх кліентаў.

— Наша мэта – пашырэнне моўнага асяроддзя, бо “А-100” – прыватная сетка аўтазаправачных станцый з беларускім капiталам. Мы паважаем нашу Радзiму, шануем мову, ганарымся беларускiм”, — каментуе навінкі ў абслугоўванні генеральны дырэктар ГК “А-100 АЗС” Ірына Валадзько.

Супрацоўнікі кампаніі на працягу 4 месяцаў аднаўлялі мову па праграме і пры дапамозе арганізатараў курсаў “Мова Нанова”, а таксама на ўнутраных трэнінгах. Цяпер вядзецца праца па стварэнні моўнага асяроддзя на паліўных станцыях. Пераход на беларускую мову будзе ажыццяўляцца паступова. Па-першае, афіцыйныя вэб-рэсурсы будуць (і ўжо часткова ёсць сайт кампании, афіцыйная суполка facebook) беларускамоўнымі. Па-другое, аператарам рэкамендавана абслугоўваць кліентаў на беларускай мове. Па-трэцяе, будуць заменены ўсе рэкламныя матэрыялы ў гандлёвых залах, з’явяцца цэтлікі на таварах на беларускай мове – некалькі тысяч найменняў бясплатна пераклалі эксперты службы “Хуткая моўная дапамога” курсаў “Мова Нанова”. Такiм чынам, праз некоторы час уся аздоба паліўных станцый стане беларускамоўнай.

-Праграма пераходу на родную мову будзе, як і сама мова, мяккай i павольнай. Гэта датычыцца як супрацоўнікаў, гэтак i кліентаў. Нам падабаецца тое, што мы робiм, і мы ганарымся тым, што ў даволі кароткі тэрмін пачалі здзяйсняць сваю мару – сталі імкнуцца размаўляць па-беларуску. Сёння падчас абслугоўвання можна пачуць прыемнае “Калі ласка! Дзякуй! Прыязджайце да нас зноў!”, – адзначае апошнія перамены ў кампаніі генеральны дырэктар ГК “А-100 АЗС” Ірына Валадзько.

І працягвае:

-Наогул, любы праект А-100 — гэта вынік агульных намаганняў: каманды, нашых сяброў-кліентаў і нашых партнёраў. Менавіта таму цяпер мы адкрытыя да любой моўнай «дапамогі», бо вучыцца разам – гэта выдатна. Будзем таксама ўдзячныя за крытыку. Мы адкрытыя для парадаў i прапаноў!

Такім чынам, на працягу 2015 года на паліўных станцыях магчыма будзе пачуць абедзве дзяржаўныя мовы: беларускую і рускую.