Як граф Чапскі пакіраваў жыццё Мінска на новы лад

На мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў у гісторыі Мінска вызначыўся род Гутэн-Чапскіх. Выхадцы ці то з Германіі, ці то з Польшчы яны аказаліся ў Беларусі дзякуючы выгаднаму шлюбу з Радзівіламі яшчэ ў XVIII стагоддзі. Адзін з іх прадстаўнікоў Караль Ян Аляксандр узняўся да пасады гарадскога галавы Мінска і з яго прыходам на гэтую пасаду ў жыцці губернскага цэнтра адбылася культурная і эканамічная рэвалюцыя.

З канца XVIII стагоддзя род Гутэн-Чапскіх звязаны са Станькавам, вёскай пад Мінскам. Караль Юзаф Гутэн-Чапскі «са Станькава» (1777-1836), як яго звалі, атрымаў гэты маёнтак у спадчыну ад сваёй маці — Вэранікі Яанны Радзівіл, дачкі ўладара Нясвіжа, гетмана Вялікага Княства Літоўскага Міхала Казімежа Рыбанькі.

Сынам Караля Юзафа быў Эмэрык Захар’яш Міколай Сэвэрын Гутэн-Чапскі (Emeryk Zachariasz Mikołaj Seweryn Hutten-Czapski). Ён пайшоў на расійскую службу, дзе атрымаў тытулы тайнага саветніка, губернатара Вялікага Ноўгарада (1863-1864), віцэ-губернатара Санкт-Пецярбурга (1865). У 1879 годзе Чапскі пакінуў дзяржаўную службу і пераехаў у свой маёнтак Станькава, дзе збіраў польскія і расійскія манеты, медалі, ордэны, зброю, графіку, карціны і старадрукі. У 1894 годзе пераехаў са сваёй калекцыяй у Кракаў. Па яго смерці сям'я стварыла музей імя Эмэрыка Гутэн-Чапскага, а ў 1903-м перадала збор гораду – цяпер гэта частка Нацыянальнага музея ў Кракаве (Muzeum Narodowe w Krakowie). А пяцітамовая праца Чапскага пра польскія манеты дагэтуль лічыцца каштоўнай крыніцай для даследчыкаў.

Эмэрык стварыў вялікую гаспадарку — Станькаўскі ключ, які ахопліваў абшар ад Мінска ад Стоўбцаў — 45 тысяч гектараў ворнай зямлі, не лічачы лесу і вод.

Разам з жонкай Эльжбетай Каралінай фон Меердорф (Elżbieta Karolina von Meyendorff) Эмэрык Чапскі меў чацвёра дзяцей, сярод якіх вылучаецца постаць Караля Яна Аляксандра Гутэн-Чапскага (Karol Jan Aleksander Hutten-Czapski; 15 жніўня старога стылю 1860 г., Станькава — 30 студзеня 1904 г., Франкфурт-на-Майне), гарадскога галавы Мінска ў 1890-1901 гадах, філантропа.

Караль Ян Аляксандр быў найстарэйшым сынам Эмэрыка. Навуку атрымліваў спярша дома, а затым скончыў нямецкую гімназію — школу Святой Ганны (Sankt-Annen-Schule) — у Санк-Пецярбургу (1878). Вывучаў палітычную эканоміку і статыстыку ва ўніверсітэце ў Дэрпце (цяпер Тарту ў Эстоніі), дзе атрымаў годнасць доктара навук (1882). Належаў там да студэнцкага таварыства Polonia, якое працягвала традыцыі віленскіх філаматаў і філарэтаў.

У той час бацька Эмэрык займаўся ўпарадкаваннем сваіх калекцый, і таму даручыў сыну Каралю кіраваць сямейнымі ўладаннямі. Гэтую работу ён выконваў разам з працай гарадскога галавы Мінска.

У 1890 годзе, калі Караль Чапскі заступіў на пасаду кіраўніка горада, Мінск быў цэнтрам губерні Расійскай імперыі і налічваў пад 90 тысяч жыхароў.

За Чапскім былі адкрыты бясплатная радзільня, прытулкі для бедных і бяздомных.

У 1892 годзе была павялічана магутнасць гарадскога вадаправода, які дзейнічае ў Мінску з 1874 года (пра дату пуску вадаправода сведчыць скульптура «Хлопчык і лебедзь» у Аляксандраўскім парку). У 1892-м вадаправодам карысталіся жыхары 28 цэнтральных вуліц, у 1898 годзе — 38-і.

Сярод важных дасягненняў, якім мы абавязаныя пану Чапскаму, і тое, што ў 1892 годзе па вуліцах пайшоў конны трамвай — папярэднік сучаснага электрычнага. У 1896-м пачала працу тэлефонная станцыя агульнага карыстання спачатку на 8 нумароў, а за 4 гады яна разраслася да 100. У першую чаргу былі падключаны да тэлефона пажарныя частці, паліцэйскія пастарункі і лякарні.

З ініцыятывы Чапскага ў Мінску паўсталі Таварыства аматараў спорту (1892), якое выбрала графа на пасаду свайго першага старшыні, Таварыства апекі жанчын (1901), крэдытнае таварыства (1901).

Сваю дзейнасць у Мінску Чапскі часткова фінансаваў з уласных сродкаў. А ў 1894 годзе адмовіўся ад заробку 3000 рублёў (у той час карова каштавала 3 рублі).

Караль Чапскі жыў усе гады кіравання Мінскам у сваім маёнтку ў Станькаве і едзіў у горад конна, не зважаючы на надвор'е. Ягоны сябар Эдвард Вайніловіч успамінаў: «Пасля весела праведзенай ночы ў клубе ён на досвітку сядлаў каня і гнаў у роднае Станькава, каб зарадзіцца энергіяй і аддаць загады падначаленым. Аднак неўзабаве вяртаўся ў горад, каб паспець на нараду кіраўніцтва горада і падаць там праекты па развіцці і добраўпарадкаванні Мінска». Да 155-гадовага юбiлею з дня нараджэння графа сумесна з ААТ “Піўзавод Аліварыя” адноўлены ў першапачатковым выглядзе гістарычны комплекс “Востраў Радасці” палацава-паркавага ансамбля Станькава.

Да нашых дзён дайшлі некалькі іншых будынкаў, збудаваных на загад або ў час кіравання горада Чапскім.

У 1890-м скончылася будоўля Мінскага гарадскога тэатра, які цяпер носіць тытул Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. У мінулым годзе пры падтрымцы “Алiварыі” ў тэатры адбылася значная прэм’ера: на сцэне была адноўлена п’еса “Сфiнкс”, якой у 19 стагоддзі ў прысутнасцi графа Чапскага i быў адкрыты галоўны тэатр Мiнска.

У 1894 годзе Чапскі адкрыў у Мінску свой бровар «Багемія» (цяпер завод «Аліварыя»). Хаця гісторыя завода пачалася яшчэ ў 1864 годзе, калі мяшчанка Фрумкіна выпрасіла ў самога цара дазвол адкрыць бровар на рагу цяперашніх вуліц Багдановіча і Кісялёва. Але прадпрыемства Фрумкінай не падзялілі спадчыннікі, і яно перайшло да Чапскага. Аднак той мусіў праз некалькі год працаваць прадпрыемства аўстрыйскім купцам братам Лекертам. У той час у ледзяных вагонах з Мінска піва адсюль развозілі не толькі па Беларусі, Літве, Польшчы, Расіі, але і ў Аўстрыю. У канцы ХХ стагоддзя гатавалі гатунак піва «Граф Чапскі». У 2014 годзе на фасадзе бровара з боку вуліцы Кісялёва адкрылі мемарыяльную дошку ў гонар графа.

На Захар'еўскай вуліцы ў 1894 годзе Чапскі пабудаваў трохпавярховы дом, дзе размясцілася Мінскае таварыства сельскай гаспадаркі. У час Вялікай Айчыннай вайны будынак згарэў, але стаяў прынамсі да 1948 года, пакуль яго не знеслі ў час рэканструкцыі вуліцы Савецкай (цяпер праспект Незалежнасці). Караль Чапскі быў актыўным таварыства сельскай гаспадаркі, якое аб'ядноўвала уплывовых і заможных паноў Мінскай губерні, а адным з сябраў гэтага «клуба алігархаў» быў Эдвард Вайніловіч, прыяцель Чапскага і ініцыятар будоўлі ў пачатку ХХ стагоддзя з Мінску касцёла Святых Сымона і Алены.

У 1895-м на беразе Свіслачы, злева ад цяперашняга будынка Белдзяржцырка, была пабудавана першая ў горадзе электрастанцыя ў стылі неаготыкі. З таго часу на вуліцах з’явіліся першыя электрычныя ліхтары, а ў кватэрах свечкі пачалі замяняць лямпачкамі. Першымі былі асветлены вуліцы Петрапаўлаўская (цяпер Энгельса), Праабражэнская (Інтэрнацыянальная), Губернатарская (Леніна), Захар'еўская (праспект Незалежнасці). У 2011 годзе апошні корпус электрастанцыі, што дайшоў да нашых дзён, быў зруйнаваны і на гэтым месцы паўстаў сучасны гмах.

У 1900 годзе была заснавана першая ў горадзе публічная бібліятэка, якая атрымала імя класіка расійскай літаратуры Аляксандра Пушкіна і захоўвае яго да сёння. З 1938 года гэта Мінская абласная бібліятэка імя А. С. Пушкіна. У 1904-1971 гадах яна знаходзілася ў будынку на вуліцы Інтэрнацыянальнай, 31. У 1908 годзе яе ганаровым членам быў абраны расійскі пісьменнік Леў Талстой. У 1916-1917 гадах чытачом бібліятэкі быў беларускі паэт Максім Багдановіч.

На рагу сучасных вуліц Карла Маркса (Падгорнай) і Чырвонаармейскай (Скобелеўскай) да Вялікай Айчыннай вайны стаяў пабудаваны ў канцы ХІХ стагоддзя палац Чапскіх.

На тэрыторыі Губернатарскага сада (сучасны Цэнтральны дзіцячы парк імя Максіма Горкага) за Чапскім быў пабудаваны спартыўны комплекс, у тым ліку велатрэк, зімовы каток. Спартыўныя традыцыі тут працягваюцца і ў наш час.

У 41 год Чапскі пакінуў пасаду гарадскога галавы і паехаў у Германію падлячыцца. Спачатку — у Бадэн-Бадэн. Адтуль — у Франкфурт-на-Майне. Там і памёр у 44 гады ад сухотаў (туберкулёзу лёгкіх). Праз паўгода яго цела даставілі ў Станькава, у сямейную капліцу-пахавальню.

У 1911 годзе Мінскае губернскае праўленне разглядала справу пра перайменаванне вуліцы Міхайлаўскай (цяпер — Кірава) у вуліцу графа Чапскага, але новая назва так і не была нададзена.

Караль Чапскі быў жанаты з Мар’яй Леантынай Пуслоўскай, з якою меў чацвёра дзяцей. Адзін з іх – Эмэрык Аўгуст (Emeryk August) у часы II Польскай Рэспублікі быў старостам у Стоўбцах і пазней дэпутатам Сейма (выбраны ў 1930 i 1935 гадах).

Першая, праўда, больш легендарная, чым праўдзівая, згадка пра род фон Гутэнаў (von Hutten) з нямецкай зямлі Франконіі датуецца 930 годам. Паводле іншай версіі, яны паходзяць з вёскі Чапле (Czaple) або з суседняга сяла Чапэлькі (Czapelki), што ў цяперашнім Куяўска-Паморскім ваяводстве Польшчы – на поўдзень ад Гданьска.

Адзін з першых дакладна вядомых продкаў Чапскіх – Дытрых фон Гутэн (Dietrich von Hutten), якога ў 1112 годзе польскі кароль Балеслаў Кшывавусты (Bolesław Krzywoustу) паклікаў разам з іншымі франконскімі шляхцічамі на дапамогу ў змаганні з прускімі плямёнамі. Кшывавусты надаў тады Дытрыху тытул рыцара і вёску Смолянг (Smoląg) ля Старагарда (Starogard) на Гданьскім Памор'і (Pomorze Gdańskie).

Нашчадкі Дытрыха пазней прынялі прозвішча фон Смолянген (von Smolangen). У другой палове XV стагоддзя, у часе вайны Ордэна з Польшчай, Гуга І фон Смолянген (Hugo I von Smolangen) у часе вайны Ордэна з Польшчай стаў на бок польскага караля Казіміра Ягелончыка (Kazimierz Jagiellończyk), а ягоны сын Гуга ІІ атрымаў у 1482 годзе пасаду гданьскага кашталяна. Яго нашчадкі вярнуліся да сямейнага прозвішча Гутэн, але ў спаланізаванай форме: адзіночны лік — Czapski, множны лік — Czapscy, ад нямецкага слова Hut, польскага czapka — капялюш, шапка.

Паводле Віктара Корбута, журналіста, экскурсавода, аўтара кнігі «Минск. Лучший вид на этот город».

 

Как вам новость?