Прамы нашчадак мінскага граданачальніка Караля Чапскага знаходзiцца ў Мінску

З 18 па 24 мая ў Мінску па запрашэнні піўзавода “Аліварыя” з візітам знаходзіцца прамы нашчадак вядомага мінскага граданачальніка Караля Чапскага Эдуарда Аранда Гадлеўскі. Візіт прымеркаваны да юбілейных мерапрыемстваў у рамках 155-годдзя графа, уклад якога ў развіццё Мінска і паляпшэнне жыцця гараджан складана пераацаніць.

Эдуарда Аранда Гадлеўскі з'яўляецца праўнукам Караля Чапскага па матчынай лініі. Жыве ён з жонкай у Лондане. Тут жа Эдуарда Аранда Гадлеўскі атрымаў адукацыю авіяінжынера. Яго жонка Аляксандра Ваньковіч належыць да іншага старажытнага беларускага роду, з якога паходзіў сусветна вядомы мастак Валенцій Ваньковіч, стрыечны брат Аляксандры Ваньковіч.

Візіт у Мінск Аранда Гадлеўскі адбыўся па запрашэнні піўзавода “Аліварыя”. Гэта ўжо не першае наведванне Беларусі нашчадкам Чапскага. У гэтым годзе ў праграме візіту – удзел у юбілейных мерапрыемствах, прысвечаных 155-годдзю вядомага продка, наведванне архіваў, з якіх можна будзе больш падрабязна даведацца пра справы свайго прадзеда графа Чапскага. У бліжэйшых планах нашчадка – напісаць кнігу пра гісторыю свайго знакамітага продка Караля Чапскага і яго ўклад у развіццё Мінска.

Па прызнанні Эдуарда Аранда Гадлеўскі, у яго ёсць мара вывучыць беларускую мову і напісаць кнігу пра свайго прадзеда на мове краіны, для якой Караль Чапскі стаў адной з ключавых фігур.

Прамы нашчадак мінскага граданачальніка Караля Чапскага знаходзiцца ў Мінску

Даведачна:

Гутэн-Чапскія – старажытны нямецкі род, які атрымаў у XII стагоддзі тытул графаў Свяшчэннай Рымскай імперыі. З часам Гутэн-Чапскія зблізіліся з польскім каралеўскім дваром, а ў XVII стагоддзі трапілі ў Беларусь.

Эмерык Гутэн-Чапскі (1828–1896) быў адным з самых яркіх прадстаўнікоў роду. Ён займаў вядомыя пасады пры расійскім імператарскім двары: губернатара Наўгародскай губерні і віцэ-губернатара Санкт-Пецярбурга, пазней узначаліў Дэпартамент лясной гаспадаркі.

Яго бабуля Вераніка, народжаная Радзівіл, дачка Міхаіла Казіміра Рыбанькі, была замужам за графам Францішкам Станіславам Косткам фон Гутэн-Чапскім. Менавіта дзякуючы ёй у Чапскіх з'явіўся маёнтак Станькава, ператвораны ў другой палове ХIX стагоддзя ў радавое гняздо Гутэн-Чапскіх. Граф Эмерык Мікалай фон Гутэн-Чапскі ўзвёў тут палацава-паркавы ансамбль.

У яго былі два сыны – Караль Ян Аляксандр (1860–1904) і Ежы (Георгій) (1861–1930).

Караль Чапскі ўпісаў самую яркую старонку ў гісторыю Мінска – з'яўляючыся гарадскім галавой з 1890 па 1901 гады, ён правёў у Мінску рэформы, роўных якім не было ні да, ні доўгі час пасля яго. У Караля Чапскага і яго жонкі Леанціны Пуслоўскай былі два сыны і тры дачкі. Разам з маці яны пакінулі Беларусь у 1920 годзе, жылі спачатку ў Польшчы, потым у Італіі. Сярод краін, дзе пражывала знакамітая сям'я, таксама Венесуэла, Іспанія, Бельгія, Фінляндыя і Англія.

Адна з дачок Караля Чапскага, Янка, выйшла ў 1920 годзе замуж за Іосіфа Гадлеўскага, адсюль у родзе з'явілася прозвішча Гадлеўскі. У іх нарадзілася дачка Ізабэла – маці праўнука Караля Чапскага Эдуарда Аранда Гадлеўскі (1964 г.н.), які наведаў Мінск з мэтай удзелу ў юбілейных мерапрыемствах, прысвечаных знакамітаму мінскім кіраўніку горада.

 

Как вам новость?
Головоломки