Карані беларускай палітыкі. Алесь Лагвінец

Карэспандэнты Тэлеграфа, вырашылі даведацца, што падштурхоўвае беларусаў у палітыку, чаму яны выбіраюць менавіта такі шлях. Для гэтага ў межах новай рубрыкі "Карані беларускай палітыкі" мы вырашылі запытацца ў беларускіх палітычных дзеячоў пра іхнае паходжанне, дзяцінства, палітычны досвед, каб неяк зразумець, чаму яны займаюцца тым, чым займаюцца.

Першай ахвярай нашага праекту стаў выкладчык, удзельнік двух кампаній па выбарах дэпутатаў у Мінскі гарадскі савет дэпутатаў і двух кампаній па выбарах у Палату прадстаўнікоў, дарадчык лідара Руху "За Свабоду" і экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Аляксандра Мілінкевіча — Алесь Лагвінец.

Лагвінец: я жыў на балоце

Карані беларускай палітыкі. Алесь Лагвінец
Людзі на "балоце"
 
"Нарадзіўся я ў далёкім студзені 72-га году, году, калі, здаецца, у Савецкім Саюзе найвялікшая колькасць дзяцей нарадзілася — недзе каля пяці мільёнаў. Паходжу я з вялікай усходнепалескай вёсцы Дворышча Хойніцкага раёну. Яна знаходзіцца недалёка ад Прыпяці, а таксама за 50 кіламетраў ад Чарнобыльскай станцыі.

У вёсцы на 90% размаўлялі на мове, вельмі набліжанай да літаратурнай беларускай мовы. Па вымаўленні, па структуры — гэта цалкам беларуская мова, пэўныя ж словы мяшаныя, беларуска-расейскія. Праз дзве-тры вёскі бліжэй да Прыпяці ўжо адчуваўся ўкраінскі ўплыў: там, напрыклад, казалі не "тата, мама", а "тато, мамо". Вельмі блізка апісаў тое жыццё, што было ў нашай вёсцы, Іван Мележ у сваіх "Людзях на балоце". Яго вёска, дарэчы, недзе за кіламетраў 15 знаходзіцца ад маёй.

Вёска Дворышча даволі вялікая, нават па стандартах нашага Хойніцкага раёну: яна цягнецца недзе на тры кіламетры. Яшчэ ёсць завулкі, гэта ў нас называлася "балота", бо ўздоўж іх, недзе ў метрах 30-і ад нашага дому, ішла выкапаная канава, якая потым упадала ў Прыпяць. І калі мы гулялі ў футбол ці хакей з тымі, хто жыў на галоўнай вуліцы, мы казалі "балота на сялёта" (сяло).

У вёсцы быў адзін з найбольш прасунутых саўгасаў, у якім трактарыстам працаваў мой бацька. Ён быў адным з перадавых работнікаў, звенявым па вырошчванні бульбы. Яму якіясьці граматы, нават ордэны і медалі давалі ў свой час. Я толькі адзін раз за ўсё жыццё бачыў бацьку п'яным. Дакладней, ён сам сказаў, што быў крыху выпіўшы. Мой бацька вельмі адказна ставіўся да алкаголю, яго практычна не ўжываў. Нават у нашай вёсцы гэта не была частая з'ява.

Маці працавала ў школьнай сталоўцы. Ад яе я, думаю, атрымаў у спадчыну здольнасць камунікаваць з людзьмі. Яна заўсёды вельмі прыязна з усімі размаўляла. Яна вельмі шчыры і адкрыты чалавек. Зараз мае бацькі на пенсіі".  

 
Лагвінец: майго прадзеда за лісты ў Мінск саслаліў ГУЛАГ
 
 
Карані беларускай палітыкі. Алесь Лагвінец
Алесь Лагвінец з бацькамі
 
"Бацька мой з вялікай сям'і, дзе было восем дзяцей. Ён рана згубіў сваіх бацькоў, і ўсю сям'ю, малодшых дзяцей, вырасціла старэйшая сястра. Бацька сам з 1939 году, а дзед памёр у 1943-м, бабуля — у 1944-м. Яны не загінулі ў вайну, але, відавочна, памерлі з прычыны голаду, бо, калі восем дзяцей у сям'і, бацькі шмат у чым сабе адмаўляюць".

У вёсцы ўсю нашу вялікую сям'ю, ў каго прозвішча Лагвінец і хто пражываў у нашым канцы вёскі, чамусьці звалі Сідарэвічамі. Я так да канца і не зразумеў, чаму, і ніхто гэтага ня ведаў. Магчыма, гэта таму, што прапрадзед быў Сідарам.

На жаль, як гісторык я нямоцна цікавіўся дакументамі. Але мне цётка даволі шмат распавядала пра дзеда, пра прадзеда і прапрадзеда. Што мяне мацней за ўсё ўразіла, гэта тое, што мой прадзед быў пісьменным чалавекам, адным з нямногіх у вёсцы. Ён пісаў лісты Чарвякову (старшыню Цэнтральнага выканаўчага камітэту БССР у 1920-1937 гадах Аляксандру Чарвякову — Тэлеграф) пра несправядлівасць калектывізацыі пры стварэнні калгасаў. За гэта і паплаціўся. Яго спачатку зрабілі старшынёй калгасу, а потым раскулачылі і дэпартавалі разам са старэйшымі дзецьмі ў Котлас (цяпер Архангельская вобласць Расіі — Тэлеграф). Яны адтуль уцяклі і, вяртаючыся дадому ў Беларусь, ён захварэў і памёр. Гэта найбольшае ўражанне пра маіх продкаў.

Таксама цётка расказвала пра другую сусветную вайну, як гэта было. Я памятаю, як яна выказвалася пра партызанаў. Пры тым, што ў літаратуры ў той час пра іх казалі вельмі ўзнёсла, яна казала, што ў партызаны пайшлі людзі, якія былі не самымі прыстойнымі, не самымі лепшымі ў вёсцы. Аднойчы партызаны прыйшлі, напіўшыся, да хаты маіх дзядоў. Па вуліцы хадзіў вартавы немец, а п'яныя партызаны збіраліся яго застрэліць. Іх упрошвалі не ісці, не страляць немцаў, бо тыя ўсіх бы дзяцей пазабівалі ў доме. Іх атрымалася ўгаварыць. Вось такое вось уражанне пра другую сусветную вайну.

Цётка расказвала таксама пра розныя паводзіны тых войскаў, якія праходзілі праз вёску: пра немцаў, як асноўных акупантаў, пра італійцаў, вугорцаў і славакаў. Найбольш добра і прыстойна сябе паводзілі славацкія войскі. Я думаю, што на гэта ўплывала расавая дактрына Гітлера, паводле якой славяне былі недачалавекі, Untermensch, а таксама агульныя славянскія карані,блізкія мовы".

Лагвінец: мой брат быў у камандзе Лукашэнкі

"Адна з найвялікшых гісторый у нашай вёсцы — гэта мой траюрадны брат Віктар Лагвінец. Ён быў у камандзе Лукашэнкі (прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі — Тэлеграф), быў, можна сказаць, бізнэсоўцам № 1, сябраваў вельмі блізка з Іванам Ціцянковым (у 1994-1999 гадах кіраўнік справаў прэзідэнта — Тэлеграф). У 1999 годзе яго пасадзілі, забралі практычна ўсё ў Беларусі. Праседзеўшы шэсць месяцаў у турме, ён збег у Маскву. Яму далі з'ехаць.  

 
 
Карані беларускай палітыкі. Алесь Лагвінец
Першы выпуск факультэта міжнародных адносін БДУ 
(Алесь Лагвінец у цэнтры)
 
У мяне родныя мясціны выклікаюць вельмі станоўчае эмацыйнае пачуццё. У мяне ёсць сын. Не кожны год атрымліваецца ездзіць на Радуніцу, але, калі я прыязджаю на могілкі, то мне важна перадаць сыну адчуванне сваёй зямлі і зямлі продкаў. Ня ведаю, наколькі сын гэта ўспрымае, але я лічу, што ёсць эмацыйныя, нерацыянальныя рэчы, якія ўплываюць на пачуцці людзей, і я вельмі хацеў бы перадаць стаўленне да гэтай зямлі продкаў, якая знаходзіцца на пашкоджанай тэрыторыі. Гэтая лучнасць сапраўды важная, і, спадзяюся, яна будзе захоўвацца.

Вясковае жыццё і тое, што здарылася ў 1986 годзе, паўплывала на маё станаўленне як асобы. Нягледзячы на тое, што ў вёсцы не было царквы, у ёй кшталтавалася пэўная прыстойнасць, адказнасць, чалавечнасць. Тыя рысы, якія маю, я звязваю з маім вясковым выхаваннем і менавіта з тым атачэннем вялікай палескай вёскі.

Моцна таксама паўплывала тое, што да 12-і год я далей за раённы цэнтр нікуды не выязджаў. Першы вялікі горад, які я наведаў, быў Кіеў. Самае галоўнае ўражанне, якое ў мяне ад гэтай паездкі засталося, — гэта горкі-горкі, незразумелы смак кавы. Я пра яе толькі чуў, але ніколі не частаваў дагэтуль. Зараз я вельмі люблю каву".

Лагвінец: мая вёска апынулася ў зоне адсялення

"У выніку Чарнобыльскай аварыі мая вёска патрапіла пад адсяленне, і шмат якія людзі з'ехалі з яе. Зараз вёска заселеная дзесьці на чвэрць. У апошнія два-тры гады ўлады, калі дамы развальваюцца, цалкам руйнуюць іх з зямлёй і пасыпаюць пяском. Калі вёску ўзяць,то толькі кожны чацвёрты дом яшчэ стаіць, а так ужо папросту пустыя месцы.  

 
 
Карані беларускай палітыкі. Алесь Лагвінец
Алесь Лагвінец у 1980 годзе
 
Самы яскравы ўспамін пра аварыю тычыцца майго дзядзькі, які на машыне збіраў малако. І вось ён ехаў збіраў малако, а на кожным посце, якія паставілі пасля аварыі, яму прапаноўвалі выпіваць спірт як сродак супраць радыяцыі. У выніку ён прыехаў да хаты, адчыніў дзверы і проста вываліўся з машыны.

З-за Чарнобыльскай аварыі я з'ехаў з роднай вёскі. Бацькі засталіся, а я паехаў вучыцца ў Дуброўна ў Віцебскай вобласці. Пасля гэтага пачалося маё больш імклівае сталенне, якое прыпала на гады перабудовы, аднаўлення беларускай дзяржаўнасці. Відавочна, што быць сведкам гэтых падзеяў было вельмі натхняльна і вельмі цікава.

У Дуброўне я жыў у стрыечнай сястры. Там была рускамоўная школа, я адчуваў, што часам з мяне нават смяяліся, калі я выкарыстоўваў беларускае слова. Мне, дарэчы, па рускай мове чацвёрка была выніковая, хоць я вельмі старана і адказна вучыўся".

Лагвінец: я перакладаў з дзясятак міністраў замежных спраў

"На маё станаўленне вельмі паўплывала і французская мова. У маёй вёсцы ў школе, як гэта нядзіўна, бо зазвычай у школах на вёсцы выкладаецца нямецкая мова, выкладалася французская. І так сталася, што мой лёс аказаўся звязаны з Францыяй: спачатку я паступіў на франкамоўны факультэт у ЕГУ і потым, дзякуючы яму, паехаў на два гады вучыцца ў Францыю.  

 
 
Карані беларускай палітыкі. Алесь Лагвінец
Алесь Лагвінец на мітынгу на Дзень Волі ў 2010 годзе
 
Я ніколі не вучыўся на перакладчыка, але лічу адным са сваіх дасягненняў тое, што я з дзясятак міністраў замежных спраў, трох старшыняў Еўрапарламента і аднаго прэм'ера перакладаў. Я, дарэчы, і да Мілінкевіча патрапіў пасля таго, як быў перакладчыкам ягонага выступу з беларускай на французскую мову падчас уручэння яму прэміі Сахарава. І мой пераклад, як афіцыйны пераклад выступу Мілінкевіча, знаходзіцца ў архівах Еўрапейскага парламенту.

Я ганаруся, што сабраў у 2006 годзе кожны 130-ы подпіс за Мілінкевіча. Мы сабралі 1300 подпісаў, гэта не так і шмат, але ўсё адно. Я ў той час стажыраваўся ў каледжы ў Амерыцы, але вырашыў не заставацца на вясенні семестр і вярнуўся датэрмінова ў Беларусь у снежні, бо падчас выбарчай кампаніі хацеў быць тут. Я планаваў, што кампанія будзе летам, але ўсё адно не хацеў заставацца на вясну. Я, нават едучы ў ЗША ў жніўні і не ведаючы, што выбары будуць у сакавіку, усё адно казаў, што буду толькі падчас першага семестру".

Лагвінец: у палітыку мяне штурхнуў Міхалевіч
 


Карані беларускай палітыкі. Алесь Лагвінец
Алесь Лагвінец і Алесь Міхалевіч у 1996 годзе ў Лондане ў музеі мадам Цюсо
 
"Першая выбарчая кампанія ў 2004 годзе мяне пакінула ў палітыцы, бо я ўбачыў, што ёсць зваротная сувязь. У той кампаніі я мог разлічваць толькі на сябе, тым больш, што па акрузе, апроч праўладнай кандыдаткі, яшчэ ішоў Анатоль Лябедзька (старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі — Тэлеграф). Гэты факт быў для мяне дадатковым стымулам.

У палітыку мяне штурхнуў Міхалевіч (кандыдат у прэзідэнты Беларусі ў 2010 годзе — Тэлеграф) , але Лябедзька лічыў, што мяне супраць яго выставіў Фронт (Партыя БНФ — Тэлеграф), бо я быў у Фронце да 2004 году. Але так не было. У 2003 годзе, калі яшчэ ніхто не ведаў, хто і дзе будзе балатавацца, Міхалевіч падштурхоўваў мяне да гэтага. Заўсёды прынцып такі, што лепш за ўсё балатавацца там, дзе ты жывеш. Таму я пайшоў там, дзе я жыў. А Лябедзька не там жыў. Тым не менш, я шмат чаго ад яго навучыўся. Паколькі я блізка адсочваў тое, што ён рабіў, то я штосьці пераймаў, на штосьці рэагаваў.

Мы свядома выбралі вельмі пазітыўную кампанію. Мы раскручвалі мяне як выкладчыка, як прафесіянала, звярталі ўвагу на мясцовыя праблемы і шляхі іх вырашэння, арганізоўвалі непасрэдны кантакт. Я больш чым хто з іх у акрузе стаяў у пікетах, камунікаваў з людзьмі, абыходзіў кватэры. Мне нават здаецца, што атрымаўшы інфармацыю, што я шмат хаджу, іншыя пачалі таксама хадзіць. Нават праўладная кандыдатка стаяла ў пікетах.
 

Карані беларускай палітыкі. Алесь Лагвінец


Злева направа: Аляксандр Казулін, Івонка Сурвіла, Зянон Пазняк, Станіслаў Шушкевіч, Алесь Лагвінец, Аляксандр Мілінкевіч
 
Я лічу, што Лябедзька быў далёкім ад ісціны, калі казаў, што 60 ці 70% набіраў у акрузе. Гэта няпраўда. Ён быў першым, хутчэй за ўсё, пад 40%, другім невядома хто — праўладная кандыдатка ці я. Ну я, відавочна, падтрымаў бы яго ў другім туры, калі б быў другі тур, а другі тур мусіў быць. А калі б выйшлі мы разам, я б яму ўсё згадаў. Я думаю, што там былі ўкідванні за праўладную кандыдатку, бо ў нас з ёй быў практычна роўны вынік. У 2008 годзе я яму прапаноўваў Лябедзьку рабіць у Сухараве праймэрыз, але ён адмовіўся, сказаўшы, што лепш сацыялагічнае апытанне.

Год таму я сказаў, што буду балатавацца да таго часу, пакуль не выйграю. Магчыма, так і трэба рабіць, але пры ўмове, што ёсць працэдура. Калі няма працэдуры, то часам трэба адступіцца ў бок і займацца чымсьці іншым".

 
Гутарыў Максім Гацак

Как вам новость?
Головоломки