Вядомыя беларусы агучылі "Краязнаўчыя казкі" пра паходжанне гарадоў і рэк

06.07.2016 17:16
Жизнь Редакция

Штотыднёвік «Аргументы і факты» ў Беларусі пры падтрымцы velcom і МТРК «Мір» распачаў аўдыёпраект «Краязнаўчая казка». 10 вядомых дзеячоў культуры агучылі казкі, прысвечаныя ўзнікненню беларускіх гарадоў і іншых геаграфічных пунктаў. 3 5 ліпеня штотыдзень па аўторках на сайце http://kazka.aif.by/ будзе даступная аўдыёверсія новай казкі з 10 агучаных, якую можна праслухаць ці спампаваць. Першая казка прысвечана ўзнікненню старажытнага горада Браслава.

Некалькі гадоў таму штотыднёвік «Аргументы і факты» прапанаваў чытачам даслаць цікавыя гісторыі, міфы, казкі, якія могуць раскрыць таямніцу ўзнікнення гарадоў. Чытачы жыва адгукнуліся на заклік – і на старонках выдання з’явілася рубрыка «Краязнаўчая казка», дзе ўжо апублікаваныя некалькі дзясяткаў казак. Цяпер рэдакцыя штотыднёвіка вырашыла, што галасы нашых продкаў не могуць змоўкнуць назаўсёды, і што казкі павінны гучаць і перадавацца далей з вуснаў у вусны.

Галасамі краязнаўчых казак сталі Сяржук Доўгушаў – спявак, музыка (этна-гурт «VuRaj», сацыяльны праект «Спеўны сход»), Іван Кірчук – лідар этна-трыа «Троіца», Іван Падрэз – вядучы АНТ, спявачка Паліна Рэспубліка, Руся – спявачка гурта «Shuma», Андрусь Такінданг – мастак, музыка гурта «Recha», Святлана Цімохіна – актрыса Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек, а таксама акцёры Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы: Раман Падаляка, актрыса і тэлевядучая канала СТБ Юлія Шпілеўская, актрыса і лідар гурта «S○unduk» Ганна Хітрык.

«Калі некалькі гадоў таму мы пачалі друкаваць некаторыя артыкулы на беларускай мове, шматлікія чытачы дасылалі нам лісты з падзякай, – паведаміў галоўны рэдактар штотыднёвіка «Аргументы і факты» ў Беларусі Ігар Сакалоў. – У Год Культуры мы вырашылі зрабіць цэлы праект на беларускай мове. Цяпер «Аргументы і факты» можна не толькі чытаць, але і слухаць».

Праект стаў магчымым пры падтрымцы мабільнага аператара velcom. «Рэалізацыя праектаў, звязаных з нацыянальнай самасвядомасцю – адзін з галоўных напрамкаў карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці velcom. Мы з радасцю падтрымалі праект «Краязнаўчая казка», бо гэта магчымасць дакрануцца да народнай мудрасці і роднага слова дзякуючы сучасным тэхналогіям і з дапамогай вядомых беларускіх музыкаў, акцёраў і тэлевядучых, – адзначыў кіраўнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі velcom Вячаслаў Смірноў. – Мы ўпэўненыя, што гэты праект будзе цікавы шырокаму колу чытачоў і слухачоў, асабліва ў тых гарадах, якім прысвечаны гісторыі».

Праект падтрымала таксама радыёстанцыя «Мір», дзе і праходзіў асноўны гуказапісвальны працэс. «Радыё «Мір» слухаюць жыхары ўсіх абласцей Беларусі, – падзяліўся дырэктар Прадстаўніцтва МТРК «Мір» у Рэспубліцы Беларусь Уладзімір Пярцоў. – На жаль, ня ўсе ведаюць гісторыю сваіх родных мясцін. Кожны горад, як і кожны чалавек, мае імя, узрост, летапіс падзей і захоўвае сваю культуру. Мы з задавальненнем прынялі ўдзел у праекце ў гэты асаблівы год, аб’яўлены ў нашай краіне Годам Культуры, і спадзяемся, што гісторыі гарадоў, якія прадстаўлены ў выглядзе краязнаўчых казак, будуць цікавыя беларусам».

Наступная казка ў выкананні спявачкі Русі з’явіцца на сайце http://kazka.aif.by/ 12 ліпеня і будзе прысвечана мінскай рацэ Пярэспа.

Как вам новость?