Хто вызначыць лёс пераможцаў: журы Сёмага фестывалю aDNaK! сфармаванае

Урачысты дзень Сёмага Фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі aDNaK! ужо хутка — 30 чэрвеня на тэрыторыі крэатыўнай прасторы "Корпус8". А падаць работы ўдзельнікі яшчэ могуць паспець да 10 чэрвеня. Пасля чаго абноўлены склад журы ў гарачых абмеркаваннях, дыскусіях, а часам і спрэчках вызначыць пераможцаў. І заўсёды цікава, хто ж тыя людзі, ад меркавання якіх залежыць твая перамога.

Хто будзе журыць?

Сёлета склад журы, як і ў мінулым годзе, абнавіўся амаль напалову, бо aDNaK! і ў гэтым прытрымліваецца стандартнай практыкі ўсіх прафесійных фестываляў рэкламы. Арганізатары Фестывалю aDNaK! упэўненыя, што такая ратацыя сябраў журы, як і мінулыя гады, забяспечыць высокі ўзровень аб’ектыўнасці ацэнкі конкурсных работ. Журы склалі прадстаўнікі найбуйнейшых рэкламных агенцтваў Беларусі, вядомыя асобы з бізнесу і культуры, шоу-бізнесу і сродкаў масавай інфармацыі, а таксама аўтарытэтныя персоны з іншых сфераў.

Гэта кіраўнікі, крэатыўныя і арт-дырэктары найбуйнейшых рэкламных агенцтваў Беларусі: AIDA Pioneer Branding & Creative Company, Cuba Production, TDI Group, Leo Burnett Kryn, AVC (Agensy of visual of communications), Vondel, PRKVADRAT, Fabula Branding, прадакшн-студыі PLAY, NEFTBWA, Forte Grey Belarus, getbob digital agency, Salmon Graphics, студыя дызайнаў «Адліга», PRACTICA, EZERIN’COM і іншыя прафесіяналы рэкламна-камунікацыйнага рынку Беларусі.

У журы намінацый “Сацыяльная рэклама”, ”Грамадсказначныя праекты”, “Беларусаарыентаваны рэкламны і камунікацыйны праект” і “Каша сувораўская” ўвайшлі такія вядомыя асобы, як амбасадар МЗС Швецыі Стэфан Эрыксан, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец, галоўны рэдактар газеты «n#####n» Андрэй Скурко, заснавальнік выдавецтва «Рыфтур» Сяргей Плыткевіч, культуролаг Юлія Чарняўская, мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі, трэнер мужчынскай прафесійнай баскетбольнай каманды «Цмокі-Мінск» Аляксандр Куль.

Менавіта яны і будуць, абапіраючыся на крытэры Фестывалю,  ацэньваць работы, пададзеныя ў кожную з намінацый.

Як будуць журыць?

Сурова, але справядліва. Бо досвед кожнага з сябраў журы дазваляе ацэньваць працу ў адпаведнасці з усімі фестывальнымі крытэрамі, і гэтаму якраз спрыяе сумесная праца прафесіяналаў рэкламнай і грамадскай сфераў. Дарэчы, у адпаведнасці з правіламі Фестывалю, кожны сябар журы мае права ўдзельнічаць у працы па некалькіх намінацыях.

Як стаць удзельнікам aDNaK!?

Стаць удзельнікам Сёмага Фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі aDNaK! яшчэ не позна. І ёсць некалькі варыянтаў трапіць у кола крэатыўных, прафесійных, камунікабельных людзей, якія ствараюць адметны культурніцкі фон праз рэкламу.

Па-першае, ёсць яшчэ некалькі дзён, каб паспець падаць свае работы ў розныя намінацыі. І гэта могуць зрабіць не толькі тыя, хто займаецца бізнес-рэкламай, але і аўтары культурніцкіх і камунікацыйных праектаў.

Па-другое, любы неабыякавы і назіральны можа трапіць у фестывальнае кола, угледзеўшы і даслаўшы фота з прыкладамі непрафесійнай рэкламы ў спецыяльную антыпрэмію “Каша сувораўская”.

Дэдлайн падачы прац — 10 чэрвеня ўключна. І, што важна, удзел у Фестывалі, як заўсёды, бясплатны.

Усё, што неабходна зрабіць для ўдзелу ў Фестывалі, — зарэгістравацца на сайце, абраць неабходную намінацыю і паднамінацыю і запампаваць работу. У большасці намінацый прапануецца некалькі варыянтаў падачы работ. Каб лягчэй і хутчэй аформіць работу, у некаторых варыянтах удзельнікам прапануюцца гатовыя ўзоры, па якіх трэба іх афармляць.

У фестывальны дзень, 30 чэрвеня, у фармаце нон-стоп будзе праходзіць адметная адукацыйная праграма з удзелам беларускіх і замежных спецыялістаў. У ёй можна ўдзельнічаць безадносна падачы работ у намінацыі. Трэба толькі папярэдне зарэгістравацца праз сайт adnak.by. Адукацыйная праграма будзе апублікаваная неўзабаве на сайце Фестывалю. А прыемным бонусам да новых ведаў стане магчымасць прысутнічаць на ўрачыстай цырымоніі.

Дапамагаючы aDNaK!, дапамагаем беларускай культуры

Фестываль aDNaK! — дастаткова буйное мерапрыемства, да ўсяго, удзел у ім для тых, хто падае працы і ўдзельнічае ў адукацыйнай праграме, бясплатны, і толькі партнёрскай дапамогі недастаткова, каб вырашыць усе арганізацыйныя пытанні! Таму Аргкамітэт Фестывалю прапануе ўсім разам дапамагчы гэтай яскравай культурніцкай падзеі, каб Фестываль і надалей заставаўся стымулам для павелічэння колькасці якасных рэкламных і камунікацыйных праектаў у беларусаарыентаваным рэчышчы, робячы культурніцкую атмасферы нашай краіны, кожнага нашага горада і мястэчка адметна-роднымі. Для гэтага кожны неабыякавы можа зайсці на пляцоўку ulej.by і зрабіць свой унёсак для “aDNaK!”. І атрымаць заслужанае публічнае прызнанне як суарганізатара Фестывалю.

А больш пра Фестываль, намінацыі, умовы падачы работ і ўдзелу ў адукацыйнай праграме, а таксама пра атмасферу, у якой ён звычайна праходзіць, — на сайце adnak.by.

Как вам новость?
Головоломки