Пачаліся здымкі новага фальклорнага праекта “Спявае Беларусь”

У лістападзе гледачоў тэлеканала “Беларусь 3” чакае яскравая і мілагучная прэм’ера сезона – праект “Спявае Беларусь”, праз які традыцыйныя беларускія песні прагучаць на ўсю краіну.

Ці ведаем мы, якія песні спяваюць на Віцебшчыне альбо на Палессі, як яны гучаць на поўначы – і на поўдні, ці зразумеем мы словы старадаўніх беларускіх песень розных рэгіёнаў нашай неабсяжнай краіны? Новы фальклорны праект “Спявае Беларусь” прэзентуе песенную мапу Беларусі ва ўсім убранстве.

Вядучыя праграмы – этнограф Ларыса Мятлеўская, вядомая гледачам па праектах “Хата на хату” і “Беларуская кухня”, і знакаміты этнахарэограф, даследчык беларускага народнага танца Сяргей Выскварка. Разам яны адправіліся ў падарожжа па Беларусі ў пошуках таленавітых фальклорных калектываў, а фалькларыст Іван Крук падрыхтаваў шмат займальных гісторый пра істотныя сімвалы жыцця вясковых жыхароў, звязаныя з імі традыцыі, прыкметы і падзеі: напрыклад, што такое чырвоны кут і што сімвалізуе парог, дзеля чаго ў хаце вісела падкова і дзе павінен стаяць стол.

Першы выпуск народнага шоу ўжо зняты, і пачнецца музычная экскурсія з гарадскога пасёлка Міханавічы Мінскага раёна, дзе свой самабытны талент прадэманструе тэлегледачам фальклорны калектыў “Калыханка”.

Асаблівасць новага праекта яшчэ і ў тым, што тэксты песень нашай краіны стануць зразумелымі і даступнымі для кожнага гледача пры дапамозе караоке-цітраў. Аўтары праграмы ўпэўненыя – спяваць будзе ўся Беларусь!

 

Как вам новость?
Головоломки