“Аб’ектыў_на: Правы дзіцяці” — новы конкурс для кінематаграфістаў ад Майстэрні сацыяльнага кіно

Майстэрня сацыяльнага кіно запускае праект, які прапануе поўны цыкл падтрымкі кінарэжысёрам і сцэнарыстам, гатовым творча вырашыць грамадсказначную задачу. “Аб’ектыў_на: Правы дзіцяці” — праект, прызначаны паказаць буйным планам праблемы, з якімі сутыкаюцца сённяшнія дзеці і падлеткі, у некалькіх караткаметражных фільмах.

Цягам лютага-мая 2019 года аўтары пяці абраных гісторый змогуць зняць уласныя кароткаметражныя фільмы, якія ўтвораць адмысловы кінаальманах аб правах дзіцяці. Кінаальманах будзе паказаны ў 18 гарадах Беларусі, а кожны фільм атрымае добрыя шанцы трапіць на міжнародныя кінафестывалі. Скіраваць аб’ектывы ініцыятары заклікаюць на праявы дыскрымінацыі і неталерантнасці, булінг сярод падлеткаў, гвалт у адносінах да дзяцей, правы дзяцей з інваліднасцю на роўныя ўмовы для жыцця. Аднак названымі праблемамі творцы могуць не абмяжоўвацца. “Мы імкнемся натхніць гэтай тэмай у ракурсе абароны правоў дзіцяці, — кажа каардынатар праекта, прадзюсар Майстэрні сацыяльнага кіно Канстанцін Варабей. — Кіно — уплывовы сродак данесці да шырокай аўдыторыі важныя для грамадства тэмы”.

Задуму падтрымалі Амбасада Каралеўства Нідэрландаў і ЮНІСЕФ у Рэспубліцы Беларусь. Мустафа Сарвар, прадстаўнік ЮНІСЕФ, на прэс-канферэнцыі аб праекце адзначыў, што ёсць шмат тэмаў у галіне правоў дзіцяці, на якія важна звярнуць грамадскую ўвагу. «Неабходна казаць пра гвалт у дачыненні дзяцей, пра дзяцей і падлеткаў, якія знаходзяцца ў канфлікце з законам. Выключаць “рызыкоўных” дзяцей з грамадства няправільна. Вярнуць іх у грамадства — вось да якога вырашэння варта ісці,  — прапанаваў Рашэд Мустафа Сарвар.”

“Кожны скажа, што мы любім сваіх дзяцей. Але толькі любіць дзяцей — недастаткова. Пра іх трэба клапаціцца” – падсумаваў ён.  

Паўл ван Ааствейн, часовы павераны ў справах Каралеўства Нідэрландаў у Беларусі, падкрэсліў, што праект «Аб’ектыў_на: Правы дзіцяці» адпавядае актуальным прыярытэтам Амбасады Нідэрландаў. «Мы падтрымліваем тэмы правоў чалавека, надаем увагу моладзі, развіццю недзяржаўных арганізацый, — казаў спадар ван Ааствейн. — Для нас таксама важна, што праект скіраваны на ўсю Беларусь”.

Акрамя творчай задачы, Майстэрня сацыяльнага кіно звяртае ўвагу на магчымасці, якія праект адкрые творцам з розным досведам у кінематографе.

Поўны цыкл падтрымкі прадугледжвае:

  • Ментарскае суправаджэнне з боку Майстэрні сацыяльнага кіно і экспертаў на кожным этапе працы;
  • дапамогу ў фармаванні здымачнай каманды;
  • пракат фільмаў у Беларусі;
  • каардынацыю ў прома знятых караткаметражных фільмаў на міжнародных кінафестывалях.

Прыняць удзелу праекце на яго старце могуць кінарэжысёры і аўтары сцэнароў кароткаметражных фільмаў па тэме правоў дзіцяці. Конкурс сцэнароў абвешчаны да 13 студзеня (23:59), падаць заяўку можна праз рэгістрацыю на сайце abjektyuna.by.

Другі крок адбору – пітчынг 12 лютага, на якім сцэнарысты і рэжысёры прадставяць перад журы і публікай дапрацаваныя сцэнары кінапраектаў аб правах дзіцяці. На ўсе далейшыя этапы праекта пройдуць 5 абраных сцэнароў.

Уласна здымачны перыяд, а таксама вытворчы працэс прызначаныя на вясну 2019 года. Вялікую падтрымку будучым здымачным групам праекта “Аб’ектыў_на: Правы дзіцяці” акажуць кампаніі FirstRental і FilmWagen, якія прадаставяць сваю тэхніку для вытворчасці фільмаў.

5 знятых караткаметражных стужак складуць кінаальманах аб правах дзіцяці працягласцю ад 60 хвілін. Гэты супольны прадукт выйдзе ў пракат у 18 гарадах Беларусі ўлетку і ў верасні 2019 года. Партнёр паказаў у Мінску – Silver Screen velcom cinema.

З траўня 2019 года фільмы могуць прымаць удзел у міжнародных кінафестывалях. Прадзюсары праекта плануюць скіраваць на гэта асобную ўвагу, паколькі ўдзел у конкурсных праграмах можа стаць выхадам на новыя магчымасці для творцаў-удзельнікаў конкурса. Адпраўка заявак на фестывалі будзе ажыццяўляцца супольна арганізатарамі праекта і камандамі фільмаў.

17-20 снежня адбылася адукацыйная канферэнцыя для патэнцыйных удзельнікаў, якія ўжо прынялі гэты творчы выклік. Разам з творцамі ў прапанаваную задачу цягам лекцый і майстар-класаў заглыбляліся запрошаныя эксперты праекта: кінакрытыкі Максім Жбанкоў, Ігар Сукманаў, рэжысёрка-пераможца Нацыянальнага конкурсу МКФ “Лістапад”-2018 Мара Тамковіч, сцэнарысты Андрэй Курэйчык і Сяргей Анцэлевіч, кінарэжысёр Андрэй Палупанаў, а таксама праваабаронцы, грамадскія дзеячы і псіхолагі. Культуролаг і кінакрытык Максім Жбанкоў падзяліўся сваімі развагамі аб ідэі праекта: “Кінамастацтву (у тым ліку і Канам) моцна не хапае сацыяльнай адказнасці. У многіх гісторыях на экране не зразумела, дзе і калі адбываюцца падзеі. Кінапрадукт звычайна існуе альбо ў ідэалагічна-патрыятычным фармаце, альбо ў безадказна-забаўляльным. Гэтым праект “Аб’ектыў_на: Правы дзіцяці” і цікавы — падыходам, што разбурае такую інэртнасць: падштурхоўвае аўтара да праблемнага мыслення. І гэта надзвычай карысна. Бо заклапочаны аўтар, аўтар, якому не ўсё роўна, –гэта найлепшы аўтар.”

Андрэй Курэйчык: “У аснове любой гісторыі ляжыць чалавечы лёс, і ў гэтым сэнсе тэма абароны правоў дзіцяці дае велізарны дыяпазон для аўтараў сцэнароў і для рэжысёраў, каб зрабіць цікавае і разнастайнае кіно, здольнае не толькі фармальна адлюстраваць тэму, але і стаць сапраўдным творам мастацтва. Я б хацеў, каб падыход аўтараў да раскрыцця гэтай тэмы быў нетрывіяльным. Каб паспрабавалі знайсці розныя жанравыя, сюжэтныя і тэматычныя магчымасці, каб раскрыць тэму правоў дзіцяці і пры гэтым зрабіць гэта кіно максімальна цікавым для гледача. З тымі аўтарамі, якія пройдуць адбор, мы і будзем працаваць у гэтым кірунку.”

Сайт праекта: abjektyuna.by

Сайт арганізатара: sockino.by

Как вам новость?
Головоломки