Аб выступленні Купалаўскага тэатра ў Польшчы

29 верасня 2019 года Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы прыме ўдзел у міжнародным фестывалі “Кірунак Усход” у Беластоку (Польшча).

На сцэне Драматычнага тэатра імя Аляксандра Вянгеркі Купалаўцы прадставяць польскай грамадскасці і прадстаўнікам беларускай этнічнай меншасці знакамітую “Пінскую шляхту” паводле п’есы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Варта адзначыць, што квіткі на паказ спектакля гледачы разабралі ўжо ў першы дзень распаўсюджвання.

Упершыню спектакль мастацкага кіраўніка Купалаўскага тэатра Мікалая Пінігіна пабачыў свет у 2008 годзе і з таго часу атрымаў шэраг прэмій, як у Беларусі, так і за мяжой, галоўная з якіх — Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь. У Беластоку “Пінскую шляхту” прадставіць зорны склад Купалаўскага тэатра. Сярод акцёраў Купалаўскага тэатра гледачы змогуць убачыць на сцэне  Народнага артыста Беларусі Віктара Манаева і Заслужанага артыста Беларусі Аляксандра Падабеда.

У рамках фестывалю “Кірунак Усход” сваё тэатральнае мастацтва прадэманструюць калектывы з Беларусі, Польшчы, Грузіі, Літвы і Украіны.

Гэта першыя гастролі Купалаўскага тэатра ў юбілейным 100-м сезоне. Наперадзе ў Купалаўцаў цэлы год цікавых праектаў і планы па гастролях як у Беларусі, так і за мяжой. Наступны замежны праект – паказ спектакля “Ураджай” у снежні бягучага года ў г. Парыжы.

 

Как вам новость?
Головоломки