Купалаўскі тэатр паказаў спектакль Art у Маладзечна, які наведалі больш за 400 гледачоў

22 кастрычніка Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы наведаў з гастролямі горад Маладзечна і паказаў у гарадскім Палацы культуры спектакль ART. Культавы спектакль мастацкага кіраўніка і рэжысёра тэатра Мікалая Пінігіна прайшоў з аншлагам: пастаноўку ўбачылі 410 гледачоў. Галоўныя ролі выканалі Міхаіл Зуй, Сяргей Чуб і Віталь Макарэвіч.

ART – адзін са спектакляў-візітовак Купалаўскага тэатра, які палюбіўся не толькі гледачам Мінска, але і ў іншых гарадах Беларусі і нават у Парыжы, дзе спектакль быў паказаны ў чэрвені 2016 года ў рамках Першых беларускіх тэатральных сезонаў у Францыі. У аснове спектакля гісторыя пра трох 40-гадовых сяброў, якія перажываюць крызіс сярэдняга ўзросту. П’еса вядомага драматурга Ясміны Рэзы прыцягвае ўвагу многіх аматараў тэатра ва ўсім свеце – яе тэкст быў перакладзены на 35 моваў і пастаўлены ў шматлікіх тэатрах Еўропы.

З нагоды 100-га тэатральнага сезона Купалаўскі тэатр пашырае мапу гастроляў па Беларусі. Так, ужо 25 і 26 кастрычніка тэатр прадставіць спектаклі “Рэвізор” і “Паўлінка” ў Гродзенскім абласным драматычным тэатры. 5 лістапада горад Бабруйск прымае “Ўраджай” паводле п’есы Паўла Пражко. ART яшчэ раз адправіцца ў гастролі ўжо 15 лістапада ў Ліду. 3 снежня Гомель убачыць сапраўдную тэатральную сенсацыю мінулага сезону – спектакль “Рэвізор”. А 7 снежня знакавы спектакль “Вечар” рэжысёра Валерыя Раеўскага будзе паказаны ў Салігорску ў Палацы культуры.

Как вам новость?
Головоломки