Распачаўся продаж квіткоў на паказ спектакля “Рэвізор” Купалаўскага тэатра ў Вільні

Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы пакажа адзін з самых папулярных спектакляў са свайго рэпертуара ў Вільні. Спектакль-лаўрэат Нацыянальнай тэатральнай прэміі ў трох намінацыях – “Рэвізор” – пройдзе 19 студзеня 2020 года а 18.30 на сцэне Рускага драматычнага тэатра Літвы (адрас: Jono Basanavičiaus g. 13, Vilnius).

У верасні 2020 года Купалаўскі тэатр – найстарэйшы драматычны тэатр Беларусі – адзначыць сваё 100-годдзе. Літва стане першай краінай, якую Купалаўскі тэатр наведае з гастролямі ў юбілейным 2020 годзе. У старажытнай Вільні мы пакажам адзін з найлепшых спектакляў, які стаў сапраўднай сенсацыяй адразу пасля прэм’еры і па сённяшні дзень збірае аншлагі не толькі падчас паказаў на сцэне Купалаўскага тэатра, але і на гастролях у Беларусі і за мяжой.

Спектакль “Рэвізор” паводле п’есы Мікалая Гогаля здзівіць незвычайнай рэжысёрскай трактоўкай і самаіроніяй. Штосьці падасца да болю знаёмым, а штосьці – даўно забытым. Разынкай беларускага “Рэвізора” з’яўляецца пераклад: усе персанажы спектакля размаўляюць на трасянцы, а Хлестакоў – на літаратурнай беларускай мове. Спектакль будзе паказаны гледачу з літоўскімі субтытрамі.

Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы запрашае прадстаўнікоў літоўскай грамадскасці, беларускай дыяспары ў Літве, а таксама сваіх прыхільнікаў наведаць спектакль “Рэвізор” у Вільні. Квіткі можна набыць на сайце tiketa.lt. Кошт квіткоў – ад 13€ да 18 €.

Как вам новость?