Фестываль “Лятучы стол Караткевіча”

Кнігарні “логвінаЎ” (Незалежнасці 37а) падарылі легендарны пісьмовы стол, за якім Уладзімір Караткевіч напісаў “Каласы пад сярпом тваім” і “Чорны замак Альшанскі”. І гэта выдатная нагода для літаратурнага фестывалю! Цэлы лістапад раз на тыдзень у кнігарні “логвінаЎ” і галерэі “Ў” будуць адбывацца літаратурныя, музычныя і мастацкія імпрэзы, прысвечаныя Уладзіміру Караткевічу, з удзелам паэтаў, спевакоў і мастакоў. На кожнай імпрэзе фестывалю самых актыўных чакаюць “лятучыя” прэзенты ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”

Расклад імпрэзаў фестывалю “Лятучы стол Караткевіча”

6 лістапада. Кнігарня “логвінаЎ”. 19.00.  Сакрэты зайцаў-півавараў

Зусім неафіцыйнае, але, тым  не менш,  дужа ўрачыстае адкрыццё фестывалю “Лятучы стол Караткевіча”. Пра свайго Караткевіча раскажуць Адам Глобус,  Уладзімір Арлоў, Кася Камоцкая,  Анатоль Івашчанка і Антон Рудак. Чакаюцца нечаканыя госці.  Вядоўца – Андрэй Хадановіч. Арганізатары – кнігарня “логвінаЎ” і кампанія “Будзьма беларусамі!”

9 лістапада. Кнігарня “логвінаЎ”. 14.00. Дзікае маляванне

Другое мерапрыемства  фестывалю “Лятучы стол Караткевіча” – прэзентацыя дзіцячага комікса Адама Глобуса “Дзікае паляванне і кароль Стах”. Малявальны майстар-клас  для дзетак правядзе мастачка Наталля Гарачая. Дзеткі і дарослыя, прыходзьце – будзем маляваць!

Арганізатары – кнігарня “логвінаЎ” і кампанія “Будзьма беларусамі!”

12 Лістапада. Галерэя “Ў”. 19.00. Скрыпка дрыгвы

На трэцяй імпрэзе  фестывалю “Лятучы стол Караткевіча” Зміцер Вайцюшкевіч сыграе свае песні на вершы Караткевіча з альбома “Беларуская песня”. Арганізатары – кнігарня “логвінаЎ” і кампанія “Будзьма беларусамі!”

 19 лістапада. Кнігарня “логвінаЎ”. 19.00. Karatkievič international

Чарговая імпрэза фестывалю “Лятучы стол Караткевічча”, прысвечаная перакладам твораў Караткевіча на замежныя мовы. Прэзентацыя польскага перакладу рамана “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” з удзелам перакладчыцы Малгажаты Бухалік. А таксама аповед пра легендарнага  нямецкага перакладчыка Норберта Рандаў (1929–2013). Вядоўца – Андрэй Хадановіч. Арганізатары – кнігарня “логвінаЎ” і кампанія “Будзьма беларусамі!”

26 лістапада. Кнігарня “логвінаЎ”. 19.00. Быў. Ёсць. Буду.

У дзень народзінаў класіка выдавецтва “Мастацкая літаратура” на заключнай імпрэзе фестывалю “Лятучы стол Караткевіча” прадставіць публіцы першыя чатыры тамы поўнага збору твораў Уладзіміра Караткевіча. Выступоўцы – Віктар Шніп, Анатоль Верабей, нашчадкі пісьменніка. Арганізатары – кнігарня “логвінаЎ” і кампанія “Будзьма беларусамі!”

Уваход  на ўсе імпрэзы – вольны. Сядзенне за легендарным сталом – дармавое. Лятучыя прэзенты – на падлёце. Катапультуйцеся  да нас!

Как вам новость?
Головоломки