Дзіцячая вопратка ад Будзьма-крамы – у падтрымку мультфільма “Блізняты-важаняты”

07.05.2021 12:05
Кино Редакция
Усе мы памятаем дзяцінства, ахутанае казкамі, таямніцамі і

Інтэрнэт-крама беларускіх адметнасцяў budzma-krama.by не толькі прадае, але і дапамагае. Таму мы выпусцілі калекцыю дзіцячых лонгсліваў з героямі беларускамоўнага мультфільма “Блізняты-важаняты”. Набываючы іх, вы дапаможаце ў стварэнні новых серый мультфільма, бо 50% ад продажу лонгсліваў будзе пералічана аўтарам праекта.

Усе мы памятаем дзяцінства, ахутанае казкамі, таямніцамі і чараўніцтвам. У любым веку мы памятаем мультфільмы, на якіх выраслі. Гэтыя персанажы – назаўжды ў нашых сэрцах. Ды што хаваць: героі любімых мультфільмаў выхоўвалі нас не менш за бабуль ды дзядуляў.

Дзіцячая вопратка ад Будзьма-крамы – у падтрымку мультфільма “Блізняты-важаняты”

Таму так важна даць магчымасць дзеткам з дапамогай мульцяшных сяброў лепш разумець гэты свет, даць ім добрыя прыклады для пераймання. Менавіта ў маленстве фармуюцца каштоўнасці, ад якіх залежыць, якімі дзеткі вырастуць, на якой мове будуць размаўляць і якія кнігі чытаць.

“Для нас прапанова Будзьмы зрабіць кофты стала неймавернай радасцю, — гаворыць аўтарка ідэі мультфільма, прадзюсарка Марыя Грыц.  — Гэта так чароўна, што важаняты будуць жыць не толькі ў мульціках, але і займеюць уласныя прыгоды разам з новымі маленькімі сябрамі. Цяпер ствараць штосьці ўтульнае вельмі патрэбна, бо ў такія часы станоўчых эмоцый усім бракуе. А дзеткі маюць права на шчаслівае дзяцінства”.

Дзіцячая вопратка ад Будзьма-крамы – у падтрымку мультфільма “Блізняты-важаняты”

Дырэктарка “Будзьма-крамы”, каардынатарка грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” Ніна Шыдлоўская адзначае: “На жаль, ні для каго не сакрэт, што для большасці дзяцей сёння беларуская мова як замежная. Нам вельмі хацелася б, каб гэтая сітуацыя змянілася да лепшага. Найбольш эфектыўная і ненапружлівая форма навучання мове для дзяцей – гульнявая, і мультфільм “Блізняты-важаняты” надзвычай добра для гэта падыходзіць. Дзякуючы простым дыялогам, вясёлым вершыкам і песенькам дзеткам лёгка разумець сюжэт мультфільма і запамінаць беларускія словы. Ён будзе цікавы не толькі беларускамоўным дзеткам.  Але, канешне, двух серый вельмі мала, таму мы вельмі спадзяемся, што пакупнікі нашай крамы, набываючы лонгслівы з героямі мультфільма, дапамогуць сабраць грошы на яго працяг.  Да таго ж, нам вельмі хацелася б, каб дзеткі мелі магчымасць насіць адзенне не толькі  з выявамі  свінкі Пэпы і іншых замежных герояў, але і з персанажамі нашых, родных беларускіх мультфільмаў”.

Дзіцячая вопратка ад Будзьма-крамы – у падтрымку мультфільма “Блізняты-важаняты”

Цяпер зрабіць добрую справу вельмі проста! Набываючы лонгсліў з важанятамі, Вы не толькі атрымліваеце прыгожую, якасную рэч, якая штодня будзе радаваць вас і Вашае дзіця, але і дапамагаеце ствараць новую серыю мультфільма пра прыгоды важанятаў.

Праект “Блізняты-важаняты” – добры спосаб даць дзецям новых герояў і  разам напісаць новую гісторыю.

Дзіцячая вопратка ад Будзьма-крамы – у падтрымку мультфільма “Блізняты-важаняты”

Как вам новость?