Надзея памірае апошняй

26.03.2009 12:50
Спорт Редакция
Сышліся два прыхільнікі беларускага хакея і вырашылі вызначыць, ці будуць гуляць браты Касціцыны за зборную ў гэтым годзе. «За» і «Супраць» знайшлі, што залежыць гэта будзе ад саміх братоў і супернікаў, Прайса і Гэйні, нават нейкім чынам ад футбольнага «Ліверпуля» і станкоў для галеньня. А яшчэ яны ўстанавілі, што ў працэсе можа істотна зьмяніцца архітэктурны ансамбль вуліц Манрэаля — магчымага горада-пабраціма нашага Наваполацка.


Ці згуляюць браты Касціцыны за сборную Беларусі на чэмпіянаце свету? Фото: Pierre Obendrauf /THE GAZETTEЛагер беларускіх прыхільнікаў хакея, што становіцца ўжо звычайным, па вясне падзяляецца на два бакі. Першыя, як і раней, працягваюць падтрымліваць заакіянскія каманды беларусаў. Другія ж у хаценні ўбачыць мацнейшы склад нацыянальнай зборнай на чэмпіянаце свету па хакеі перабягаюць у стан канкурэнтаў: беларускім хакеістам, вядома, кепскага не жадаюць, чаго не скажаш пра іх клубы-працадаўцы.

За: Кубак Стэнлі на Беларусь

Хочацца ўбачыць нарэшце беларуса, які ўздыме Кубак Стэнлі над галавой, а ўлетку прывязе трафей на Радзіму (візыт Мікалая Хабібуліна ў Менск з самым каштоўным у хакейным свеце срэбным хакейным скарбам ня ў лік). А яшчэ калі Касціцыны зробяць гэта ў час адзначэння ўсім Манрэалем 100-годдзя сваёй любімай каманды, то як мінімум можна чакаць прапановы ад Манрэаля іх хакейнай бацькаўшчыне, Наваполацку, стаць горадам-пабрацімам.
Супраць: Плэй-оф НХЛ перашкаджае «нацыянальным інтарэсам»
Калі ўжо за Стэнлі пабароцца шанцаў выпадае няшмат — з такой-та гульнёй на працягу ўсяго сэзона, можа, ну яго гэты Стэнлі: калі ўжо не атрымліваецца, то хай адразу радыкальна — без плэй-офу. Да таго ж чэмпіянат свету ў гэтым годзе вельмі ранні: пачатак ужо 24-га красавіка — не паспеюць і прайграўшыя ў першым раўндзе пад’ехаць. Ды і зборная ў гэтым годзе якая! З Антоненкай, Мезіным, Калюжным, Салеем, Грабоўскім, натрэніраванымі баямі КХЛ дынамаўцамі можна будзе разлічваць на абнаўленне рэкорду зборнай і ўскокнуць вышэй, чым на шасты радок двухгадовай даўніны. Бо — галоўнае — Хэналан ізноў трэнераваць будзе не па тэлефоне! Ён тут — з намі!

Супраць: Адсутнасць пазытыву

З Бобам Гэйні «Манрэаль» не стаў атрымліваць перамогу за перамогай. Ды і ў гульні асаблівых зменаў не назіраецца пасля звальнення Карбона. Хай лепш у зборную едуць!
За: Змены прыйдуць
Не могуць не прыйсці. Усе сэрыі калі=небудзь маюць свой канец — скончыцца і гэта. Тры гады назад генсек — ой, прабачце, — генмэнаджар Гэйні ўжо прызначаў сабе трэнерам. І тады яго старт быў няўдалым. Але з часам каманда раскачыгарылася і пачала выйграваць. Пачне і зараз. Праўда, мала ўжо часу на выпраўленне ўсіх хібаў засталося: 9 гульняў…

Супраць: Час

Во-во! Няма часу. Эфекту «Піцбурга» ды «Рэйнджэрс», якія таксама змянілі трэнераў апошнім часам, у «Манрэалі» не адбылося. А ўсё што ні рабілася ў гэтым 100-гадовым сэзоне — эфэкту не прыносіла.
За: Пошукі працягваюцца

Вось, напрыклад, Сяргея Касціцына вярнулі ў НХЛ з АХЛаўскай ссылкі. Можа, Касціцын-малодшы, без якога ў апошніх гульнях засумаваў-засушыўся у галоўнай камандзе і Андрэй, стане новым рухавіком каманды? Без малага месяц назад, калі Сяргея панізілі, ён быў сапраўды ня ў лепшым стане. Пра гэта казала і статыстыка першых гульняў за «Гамільтан» у АХЛ: 7 сустрэч — адзін гол і ніводнага асыстэнцкага бала. Зато за наступныя 9 гульняў у Сяргея —  4 галы і 9 перадач. Чаму б не павялічыць яму свае цяперашнія 8+15 такой жа снайперскай сэрыяй у НХЛ?

Супраць: Ні атакі, ні лідэра

У гэтым сэзоне паглядзі на статыстыку «Манрэаля» — лепшы бамбардыр, смешна сказаць, абаронца Андрэй Маркаў! А дзе астатнія? І як з такой атакай яны яшчэ на плэй-оф прэтэндуюць?
За: Вопыт дапаможа
Так. Маеш рацыю. Нават і спрачацца цяжка. Каманда ў гэтым сэзоне зусім не бліскаціць атакуючымі дзеяннямі. Можна спісваць тут на траўмы, якія абрынуліся на мінулагодніх лідэраў: Койву (55 сустрэч згуляна) і Тэнгуэй (41 матч) шмат гульняў прапусцілі. Во і Ланг, які ўзімку было пацягнуў каманду, выбыў да канца сэзону. Два разы выбываў на пару-тройку гульняў Касціцын-старэйшы… Так ці інакш, лічу, што ў самы адказны момант у камандзе з’явіцца той, хто стрэліць. І стрэліць трапна. І не аднойчы. Хутчэй за ўсё гэта будзе нехта з дасведчаных гульцоў. Кавалёў ці той жа Койву.

Супраць: Вялізны псыхалягічны ціск

Ад хакеістаў каманды у гэтым годзе чакалі толькі перамог. Магчыма, з-за гэтага сэзон і атрымаўся такім жудасным. Бо, жывучы ў Канадзе, немагчыма напрыклад ня ведаць, што ў 1955-м годзе, калі дыскваліфікавалі Марыса Рышара, заўзятары разграмілі ўшчэнт цэнтральную вуліцу горада Сан-Катрын. Зараз цяжка ўявіць, што адбудзецца ў адзін момант з цяперашнімі пакуль яшчэ хакеістамі-прыкладамі і хакеістамі-героямі горада, калі яны не выйдуць у плэй-оф.

За: У пошуках плацэба

Побач з Бобам Гэйні на трэнерскім мастку па-за гульцамі каманды ў апошніх гульнях знаходзіцца Дон Лівер. Менавіта пад яго кіраўніцтвам фарм галоўнай канадскай каманды НХЛ «Гамільтан Бульдагз» два гады назад выйграваў Кубак Колдара у АХЛ. Касціцыны з Прайсам тады былі асноўным рухавіком каманды. Лівера зараз называюць галоўным кандыдатам на трэнерскі пост у наступным сэзоне.

Супраць: Нефранцуз Лівер і англійскі «Лівер»

Як можа «Манрэаль» трэніраваць чалавек, які не разумее па-французску ні слова? Не здзіўляюся ўжо, што гаспадар «Манрэаля» жадае пазбавіцца ад гэтай цацкі. Напэўна, паглядзеў апошнім часам на поспехі свайго яшчэ аднаго актыву — футбольнага «Ліверпуля» — і вырашыў скідваць хакей, каб набыць яшчэ акцый «Лівера».
За: «Джылет» — не мыла!
Джорж Джылет — бізнэсмэн. Яму надакучыла паўсядзённасць кампаніі «Джылет» з яго станкамі і гелямі для галенння і ён набыў, прагнучы дыверсіфікацыі і сацыяльнага прызнання, «Манрэаль» з яго «Бэл-Цэнтрам» у 2001 годзе за $181 мільён. Зараз, «канадцы» каштуюць ужо $334 млн. Чаму не зарабіць? Праўда, упэўнены, што да заканчэння фінала Кубка Стэнлі каманда гаспадара ніяк не зменіць. Бо зараз у яго актыву ёсць шанец толькі павялічыць кошт (вядома, у тым выпадку, калі балельшчыкі не спаляць «Бэл-Цэнтр» у знак пратэсту). Прычым, у выпадку завалодвання трафеем — вельмі істотна. А калі і не завалодаюць, то дадатковыя плэйофныя адзін-два дзесятка мільёна даляраў лішнімі ня будуць дакладна. Між іншым, для інфармацыі — $334 млн. — гэта трэцяе месца ва ўсёй лізе! А «Таронта» па грошах наогул на першым.
Супраць: Канкурэнты наступаюць
 
«Фларыда» спіць і бачыць, як абыйсці «Манраэль». А яшчэ і «Аттава» зараз вельмі добры ход набрала. І «Бафала» спадзяецца. Ды і «Таронта» яшчэ марыць пра 16-ку мацнейшых.
За: Нават з тым жахам, што ты вышэй апісваў — і то ў зоне плэй—оф
Але ж «канадцы» пакуль яшчэ знаходзяцца ў зоне плэй-оф. Да таго ж і каляндар у «канадцаў» — не вельмі скаладаны. З дзвевяці гульняў — 5 з камандамі, ідучымі па-за зонай плэй-оф. Наступныя гульні як раз з імі: 4 з 5-ці — «Тампа—Бэй» (26.03, дома), «Бафала» (28.03, дома), «Чыкага» (31.03, дома), «Айлендэрс» (2 красавіка, госці), «Таронта» (4.04, госці). У іх можа быць вырашана шмат што. Ды і з дзевяці гульняў — 5 дома. А дома «Манрэаль» гуляе значна мацней (+21=6-8), чым у гасцёх (+15=3—19).
 

Тэкст: Дзяніс Талпека

Как вам новость?