Які вірус адолеў Андрэя Касціцына?

27.03.2009 08:45
Спорт Редакция
Чарговы крок да плэй-оф каманда братоў Касціцыных зрабіла па-манрэальску своеасабліва. Вярнуўшы два дні назад з фарма Сяргея, Боб Гэйні пакінуў па-за гульнёй ужо Андрэя. Як «канадцы» дамінавалі ўсю гульню, але дадамінавалі толькі ў дадатковы час і распачалі першую пераможную серыю свайго трэнера — у аглядзе ад eSport.by.

Яшчэ здаровы ва ўсіх сэнсах Андрэй Касціцын пасля чарговай шайбы. Фота: REUTERS«Манрэаль» сёння ноччу сустракаўся дома з «Тампай». Гэты клуб валачэцца ўнізе табліцы з самага пачатку сезона, таму, безумоўна, ад «канадцаў» іх прыхільнікі чакалі перамогі. Яна магла стаць другой запар для Боба Гэйні. Вядома, ня вельмі ўражваючая серыя, але — першая хоць такая для новага трэнера. Пазітыўная.

Пасля звестак пра траўму калена Рулана Салея днём раней (ён прапусціць мінімум сёняшнюю гульню з «Ванкуверам» і хутчэй за ўсё нядзельную з «Анахаймам»), нядобрыя навіны прыйшлі і з Манралю. Да самага пачатку гульні было пад пытаннем, ці з’явіцца на лёдзе Андрэй Касціцын. У выніку месца беларуса ў спалучэнні з братам і Томашам Плеканецам заняў Мэт Д’Агасціні. Паведамляецца, што прычынай гэтаму — вірус, які падхапіў Касціцын-старэйшы.

Тыднем раней Боб Гэйні папярэджваў беларускага форварда аб тым, што, калі той не выправіць свае бамабардырскія паказчыкі, то хакей будзе назіраць з прэс-боксаў. Магчыма, справа і сапраўды ў вірусе, але лічбавыя пакачыкі беларуса зусім не радуюць апошнім часам ні яго самога, ні Гэйні, ні беларускіх заўзятараў: адзіны гол за 14 апошніх гульняў, 6 сустрэч наогул без ачкоў, 5 апошніх — з адмоўным паказчыкам «плюс-мінус». Можа, з дапамогай спасылкі на вірус медыцынскі і ссылкі ў прэс-боксы, трэнер спрабуе пазбавіць Касціцына-старэйшага (між іншым — з 23 шайбамі лепшага снайпера каманды ў гэтым сезоне) ад безгалявога віруса?

Так ці інакш, а ў адрознінне ад гульні з «Атлантай» «Манрэаль» з камандай Рыка Токкета гуляў па-іншаму, выбраўшы новы шлях да перамогі. З першых секунд гаспадары пляцоўкі кінулі вялікія сілы на штурм валоданняў «маланак». Разлік быў, магчыма, і на тое, што не вытрымае такога ціску малады брамнік гасцей 22-гадовы фін Кары Рамо з яго 3,59 галамі за сустрэчу ў сярэднім.

Агрэсіўная манера гульні значна больш падабалася гледачам, чым абарончая тактыка супрацьстаяння «Атланце», аднак шлях да цалкам заслужанай перамогі аказаўся куды больш складаным, чым двума днямі раней. Наогул «Манрэалю» у іх юбілейным сезоне мала што даецца лёгка. Вось і зараз усё перавярнулася ў адзін момант.

Перавага гаспадароў не выклікала сумневаў. Кідкі па варотах Рамо сыпаліся адзін за адным, у той час як «маланкі» і ў зону гаспадароў уваходзілі з цяжкасцю. Дадала ўпэўненасці ім і выкарыстаная колькасная перавага першым спалучэннем форвардаў. Здавалася, яшчэ крыху — і «маланкі» пасыпяцца.

Аднак перавага ў кідках расла — 7:2, 11:2, 17:4, 23:5, 27:8, а цуды ў варотах працягваў дэманстраваць Рамо, і лік заставаўся тым жа. І тут класную шайбу закінуў, зрабіўшы манеўр за вароты, Гіём Летандрэс.

2:0. Па такой гульні, здаецца, усё. Лік стаў не такім хісткім і нервовым. Аднак усе змянілася ў момант. «Тампа» пачала з больш рашучых выпадаў у стан супернікаў, стала кідаць часцей і закінула шайбу ў адказ. Трыбуны прыціхлі. Стала адчувацца магчымасць перавароту, пра які нават не думалася яшчэ 7-8 хвілін назад. А шайба Лукаса Крайчака апусціла мяртвецкую цішыню на «Бэл Цэнтр» і прымусіла ўзгадаць усіх, што «Тампа» двойчы ў гэтым сезоне ўжо брала верх над «Манрэалем» — у тым ліку і ў Канадзе.

У апошнія 5 хвілін асноўнага часу каманды прыйшлі да пагаднення распісаць на свае рахункі на ачку, асабліва не надакучваўшы атакамі адзін аднаму. У авертайме ж другую гульню запар выцягнулі тыя, на каго разлічвалі ўвесь сезон, але хто спадзяванняў не спраўджваў. Пераможную шайбу з завалу перад варотамі з трэцяй спробы закінуў Саку Койву, прабіўшы ўрэшце рэшт свайго маладога суайчынніка і пазбавіўшы таго звання першай зоркі гульні.

Сяргей Касціцын адгуляў 11 хвілін 46 секунд, выкарыстоўваўся пры гульні ў большасці, знаходзіўся на лёдзе падчас першага ўзяцця варот «маланкамі» (паказчык карыснасці «мінус 1») і меў у сустрэчы две неблагія магчымасці адзначыцца. Кідок беларуса ў першым перыядзе з метраў пяці з пазіцыі перад варотамі прыйшоўся ў брамніка. У другой трэці Сяргея на дальняй штанзе знайшоў лепшы хакеіст гульні Андрэй Маркаў, аднак і з метра наваполацкі «канадзец» ня здолеў змяніць лік на табло. Яшчэ аднойчы — у трэцім перыядзе пры ліку 2:1 — Сяргей стварыў у большасці момант для Плеканеца: той не змог праціснуць шайбу ў блізкі вугал, а праз хвіліну лік стаў роўным.

Але добра то, што добра заканчваецца. «Манрэаль» перамог і ўтрымаў двухачковую перавагу ў спрэчцы за восьмы радок над адолеўшай 4:2 у гасцях «Філядэльфію» «Фларыдай».

Сёння «Таронта» Грабоўскага згуляе сваю чарговую вырашальную гульню — у гасцях з канкурэнтамі з Бафала.

 
Тэкст: Дзяніс Талпека

Как вам новость?
Головоломки