Зборная Беларусі: плюс Грабоўскі

28.03.2009 09:59
Спорт Редакция
Пра навуковыя разлікі шанцаў «Таронта», паслягеройскія «матылі» Керціса Дзозефа, новыя НХЛаўскія выклікі Міхаіла Грабоўскага, яго хуткае з`яўленне ў зборная Беларусі і спадзяванні Боба Гэйні на Андрэя Касціцына у аглядзе ад eSport.by
.


Пасля паразы ад «Бафала» «Таронта» страціў усе шанцы на плей-оф. Фота: RUETERSЗгодна кампутэрнай праграме, распрацаванай адным з выкладчыкаў прафесарскага складу ўніверсітэту правінцыі Альберта, шанцы «клёнавых лістоў» трапіць у плэй-оф пасля перамогі ў сераду над «Вашынгтонам» дасягнулі 0,04 адсоткi. Калі перакласці на больш зразумелую мову з матэматычнай, то гэта адзін шанец з двух з паловай тысяч. А яшчэ і чацвер прынес чарговыя перамогі канкурэнтам «Таронта», не парадаваўшы ніяк і іх учорашніх супернікаў — яшчэ аднаго губляючага апошнія шанцы ўдзельніка гонкі за весьмёрку.

Сустрэча «Бафала» і «Таронта» чакалася як супрацьстаянне галкіпераў. У склад «шабляў» вяртаўся Раян Мілер, які прапусціў больш месяца з-за траўмы. «Клёны» ж чакалі працягу 6-хвіліннага геройства, падараваўшага ўзгаданую вышэй перамогу над «Вашынгтонам», ад ветэрана Куджо. І чаканні спраўдзіліся: гульня брамнікаў вырашыла ў гульні калі не ўсё, то шмат.

Толькі 37 секунд трымаліся на табло пачатковыя нулі. Кідок у бліжні верхні вугал Йохана Хехта стаў першым, з якім не саўладаў 41-гадовы Керціс Джозэф. З наступных васьмі Куджо спыніў толькі пяць: робячы адну і тую ж памылку — вельмі рана апускаючыся на калені, яго раз за разам лавілі на гэтым хакеісты «Бафала». Таму яго замена ўжо на 24-й хвіліне пасля прапушчаных за 21 секунду двух галоў на маладога Джасціна Поггі, за дзень да гульні выкліканага з фарма (яшчэ адзін брамнік Марцін Гербер дыскваліфікаваны на тры гульні), стала вымушаным крокам з боку Рона Ўілсана ў пошуках выпраўлення сітуацыі з сакрушальных 0:4.

Яшчэ адзін крок быў — сілавы хакей. Значна павялічыўшаяся колькасць адзінаборстваў і жорсткіх фізічных стыкаў і запланаваных стычак (асабліва дакучалі адзін аднаму Брэд Мэй і Патрык Калета) у розных частках пляцоўкі прывяло да некалькіх боек і мела свой плён. Госці вярнулі імпэт да гульні, а з ім і спадарыню Фартуну перацягнулі ўжо на свой бок: Мэт Стаджан закідваў сваю шайбу ўжо з-за варот.

Акрамя ўдзельнікаў разборак Люка Шэнна, Брэда Мэя і Павела Кубіны у запальванні вачэй парнёраў адзначыць трэба ў чарговы раз і ролю нашага Міхаіла Грабоўскага ды яго славяскай тройкі. Беларус у апошніх сустрэчах дзейнічае больш рознастайна, карысней узаемадзейнічае з парнёрамі і добра адпрацоўвае ў абароне. І калі ў сярэдзіне апошняй трэці гульні «лісты» за 43 секунды скарацілі раўнавагу да мінімума, беларус і кампанія ізноў былі ў самым эпіцэнтры падзей. Грабоўскі ў выніку палепшыў сваю ўнушальную бамбардырскую статыстыку апошніх гульняў (за 8 сустрэч ён набраў 12 ачкоў), дзякуючы дабіванню Мікалая Кулеміна з «пятака» над ужо ляжачым Мілерам.

Дарэчы цікавыя лічбы прапанавалі на адным з паўночнаамерыканскіх тэлевізійных каналаў, абмяркоўваючы гульню Міхаіла Грабоўскага і параўноўваючы яго з іншымі хакеістамі лігі. Так у статусе навічка Джо Торнтан набраў 7 ачкоў, Шэйн Доан — 17, Раян Уітні — 40, а Марк Савар — 45.

Параўнанні параўнаннямі, але Міхаілу яшчэ працаваць і працаваць, каб узгадвацца ў такой ганаровай кампаніі. Асабліва калі больш пільна прааналізаваць яго дзеянні. Так, беларус у гульні з «Бафала» звыкла агрэсіўна спрабаваў атакаваць і весці за сабой партнёраў, але атакуючыя дзеянні ў гэтай гульні для тройкі беларуса двойчы сканчваліся выніковымі абароткамі ў свае вароты. Першы раз Міхаіл завяршаў кідком выхад «тры на два» — міма, і праз 6 секунд рыкашэт ад штангі ў спіну Джозэфа выліўся ў 0:2. У другім жа выпадку няўдалая атака вылілася ў вырашальны эпізод у сустрэчы. Беларус знайшоў добрай перадачай адкрытага перад варотамі Панікароўскага, але ўкраінец ня трапіў па шайбе, а праз лічаныя імгненні Поггі, вымушаны быў даставаць яе з сеткі, так і не зафіксаваўшы пасля кідка Йохана Хехта — 3:5.

11-е месца, дэфіцыт у 10 ачкоў і ў адну гульню ў параўнанні з восьмым «Манрэалем» пры магчымасці набраць за астатнія сустрэчы толькі 14… Ня трэба быць прафесарам універсітэта, каб прагназаваць з’яўленне Грабоўскага ў стане беларускай зборнай праз дні два-тры пасля апошняй сустрэчы ў рэгулярцы НХЛ. Але і да 82-й гульні сезона 11 красавіка супраць «Аттавы» беларус знойдзе вышыні, якія можна штурмаваць. Да паўсотні ачкоў — унушальнага паказчыка для кожнага навічка лігі — яшчэ 7 прыступак.

«Бафала» ж з мэтай захаваць шанцы, якіх яны ўчора пазбавілі таронтаўцаў, сёння паедзе ў Манрэаль. Хоць пераможны склад і не змяняюць, трэнер канадцаў Боб Гэйні спадзяецца на вяртанне ў склад Андрэя Касціцына, які падхапіў вірус грыпа. «Было б моцным ходам з нашага боку вярнуць Касціцына на лёд», — кажа коуч. — «Ён збіраецца быць заўтра разам з камандай. Праўда, у яго раскладзе значыцца сустрэча з медыкамі, таму ўсё будзе залежыць ад стану яго здароўя і словаў дактароў каманды».

Паміж «канадцамі» і «шаблямі» зараз 5 ачкоў і «Фларыда», якая таксама сёння ў суботу пазмагаецца з удзельнікам куды больш гарачай, заходняй, гонкі за месца ў плэй-оф «Далласам».

 
Тэкст: Дзянic Талпека

Как вам новость?