Заход на рэкорд

29.03.2009 12:10
Спорт Редакция
«Канадцы» задавальняюцца ачком у сустрэчы з «Бафала» і дазваляюць наблізіцца да сябе канкурэнтам. Пакуль Андрэй Касціцын не гуляе з-за віруса, а Сяргей усё не можа адзначыцца пасля вяртання з АХЛ, Міхаіл Грабоўскі набірае чарговыя выніковыя балы, набліжаючыся да бамбардырскага рэкорда хварэючага партнёра па зборнай. Чарговы гульнявы дзень НХЛ — у аглядзе eSport.by

У апошніх сямі гульнях Міхаіл Грабоўскі насабіраў 13 (4+9) ачкоў. Фота: Getty ImagesБойка за месца ў плэй-оф выходзіць на фінішную прамую. Засталося два тыдні да выяўлення ўдзельнікаў самай цікавай часткі сезону. І таму кожны дзень спіс каманд, для якіх любая памылка можа стаць вырашальнай ці якія ўжо яе зрабілі, павялічваецца. Пасля хатняй перамогі над «Таронта» «Бафала» Ліндзі Рафа, які ўзначальвае «шабляў» з 1997 году (вечнасць па мерках настаўнікаў!), паехаў у госці да яшчэ аднаго «беларуска-канадскага» клуба лігі з мэтай у гэты спіс ня трапіць. І сваю задачу ізноў выканалі.

Праўда, каб выявіць пераможцу «Манрэалю» і «Бафала» не хапіла 60 хвілін асноўнага часу, 5 дадатковага, а таксама 10 штрафных кідкоў. Вырашальнымі сталі бліскучая гульня брамніка Раяна Мілера ды 11-ты па ліку буліт Тоні Людмана, які падчас гульні адзначыўся добрымі дзеяннямі ў абароне: толькі ў авертайме ён заблакаваў два небяспечных кідкі «канадцаў». Адзначым, што для Мілера пераможным стаў другі вечар запар пасля 13-ці гульняў, прапушчаных з-за траўмы.
Сяргей Касціцын выходзіў на лёд спачатку з Томашам Плеканецам і Мэтам Д’Агасціні. Потым апошняга ў спалучэнні замяніў Крыс Хігінс. Праўда, змены асабліва не сказаліся на дзейнасці беларускага форварда: падчас гульні ён быў непрыкметны, кінуўшы адзін раз і адгуляўшы 11 хвілін 49 секунд.

Андрэй Касціцын удзел у сустрэчы ўсё ж не прыняў: дактары і беларус працягваюць змагацца з грыпам. Нягледзячы на аптымістычны настрой настаўніка, учора разлічваўшага на вяртанне беларуса ў строй, з-за захворвання наш нападаючы прапусціў ужо другую гульню запар.

У адсутнасці лепшага снайпера каманды, якім з`яўляецца Касціцын-старэйшы (23 шайбы), двойчы адзначыўся Аляксей Кавалёў. У яго стала 22 галы, 5 з якіх — за апошнія 3 сыстрэчы. Аднак яго намаганняў хапіла толькі для завалодання аднім ачком. Якое, праўда, у сітуацыі «Манрэаля» можа стаць у выніку залатым. Бо ўчора ва Усходняй канферэнцыі стала яшчэ гарачэй: «Фларыда» адолела у гасцях «Даллас» — 6:3, а «Рэйнджэрс» таксама на выездзе саступіў «Піцбургу» — 3:4. Такім чынам, зараз дзесяты «Бафала» і ідучых сёмымі нью-йоркцаў раздзяляюць ужо толькі 5 ачкоў. Да таго ж у «шабляў» яшчэ і гульня ў запасе.

У сустрэчы з адпачываўшым ад гульняў ажно 5 дзён «Бостанам» адбылося вяртанне ў склад «клёнавых лістоў» шведа Нікласа Хагмана. Яно было цікавым тым, што да сваёй траўмы напрыканцы лютага ён часцей за ўсё выходзіў ў спалучэнні з нашым Міхаілам Грабоўскім. Пасля таго пашкоджання шведа настаўнікам Ронам Уілсанам быў зроблены ход, які значна паўплываў на выніковасць беларуса: ён стаў цэнтрам у тройцы з расіянінам Мікалаем Кулеміным і ўкраінцам Аляксеем Панікароўскім.

Таму, вядома, не здзівіла, што набраўшая ход у апошні месяц славянская тройка працягвала выходзіць разам і ў гэтай гульні. І ізноў добра паказала сябе ў атацы, працягнуўшы свае гарачыя серыі, нягледзячы на тое, што супраць таронтаўцаў грала самая добрая абарона лігі. Аляксей Панікароўскі набраў 2+1 і зараз мае 14 (4+10) ачкоў за апошнія 7 сустрэч. Грабоўскі ў тых жа сямі гульнях насабіраў на ачко менш — 13 (4+9), адзначыўшыся ўчора двума асістэнцкімі баламі як раз на ўкраінца. У першым выпадку беларус увайшоў з шайбай у зону і пакінуў яе пад кідок партнёру, у другім — знайшоў адкрытага партнёра пасам з-за варот за імгненне да гэтага атакаваўшы там суперніка і перахапіўшы шайбу (4:3).

Але калі ў атацы справы ў «Таронта» ішлі няблага, то абарона ізноў стала іх слабым месцам. Прычым пару раз няўдала дзейнічаў ззаду і беларускі форвард — двойчы яго памылкі станавіліся выніковымі. У першым голе беларус ў адзінаборстве саступіў каля сваіх варот шайбу. У шостым узяцці варот (4:6) Міхаіл не даглядзеў за аўтарам голу Чакам Кабэз’ю: знаходзячыся побач з ім і суправаджаючы таго ажно з сярэдняй зоны, так і не перашкодзіў трапна кінуць.

Да таго ж другі дзень запар не ратавалі і брамнікі, што распачыналі гульню. Учора толькі 5 з 9-ці кідкоў адвёў Керціс Джозэф і быў заманены на Джасціна Поггі на 24-й хвіліне. Сёння ўжо Поггі дзейнічаў зусім ня бліскуча: 6 галоў пасля 20-ці кідкоў і замена ўжо ў сярэдзіне гульні.

Выніковая статыстыка беларуса: 2 (0+2) ачкі, 19:43 на лёдзе, па варотах Міхаіл не кідаў, выйграў 9 з 22-х укідванняў і скончыў сустрэчу з нулявым паказчыкам «плюс-мінус».
 
Канчатковы вынік сустрэчы — 5:7, а беларус набліжацца да сваёй пяцідзесяткі і паглядае на 53-пунктаваю вышыню, узведзеную ў мінулым годзе Андрэем Касціцыным: зараз на рахунку Грабоўскага 45 (18+27) балаў.

Сёння «Каларада» Руслана Салея наведаецца ў амаль родны для беларуса Анахайм. Праўда, удзел беларускага абаронцы ў сустрэчы пад пытаннем.

 
Тэкст: Дзяніс Талпека

Как вам новость?
Головоломки