Брат за брата на вачах бацькоў

01.04.2009 11:14
Спорт Редакция
Сяргей Касціцын, дачакаўшыся вяртання старэйшага брата, сам пакідае гульню ўжо ў сярэдзіне першага перыяда. Андрэй ізноў гуляе ў хакей, страчвае адзінаасобнае лідэрства ў спісе снайпераў камнады, на cекунду губляе галаву і, баронячы малодшага, змяняе снайперскую ролю на гладыятарскую, праводзіць пасля бокса ў штрафных боксах амаль перыяд. Усе гэтыя сваяковыя жарсці адбываюцца на вачах бацькоў Касціцыных, разам з якімі за гульнёй «Манрэаль» — «Чыкага» назіраў eSport.by.


Гульня з «Чыкага» зкончылася для Сяргея Касціцына ўжо ў першым перыядзе. Фота: John Mahoney /THE GAZETTEУчора вечарам адбылося вяртнанне лепшага снайпера «канадцаў» у сезоне — Андрэя Касціцына. Прапусціўшы два матчы з-за віруса грыпа, беларус прымусіў ізноў казаць пра сябе заўзятараў каманды на павышаных танах. Пасля працяглай бамбардырскай паўзы, якая расцягнулася ўжо на доўгіх 15 гульняў (за гэты час ён, закінуўшы аднойчы, набраў толькі 2 ачкі) увага Андрэю — нібыта добры знак. Праўда, абмяркоўвалі сёння ў Манрэалі па большасці не гульнявыя здольнасці форварда, а баксёрскія. Іх, як аказалася, яшчэ развіваць і развіваць. Хоць, да шчасця, і хакейныя ён прадэманстраваць здолеў. Чаго не скажаш пра яго брата: яму ў гульні было адведзена толькі 4 хвіліны 13 секунд чыстага часу… Але аб усім па чарзе.

За доўгачаканым новым выхадам у адным спалучэнні братоў прыехалі з Наваполацку паглядзець іх бацькі. Гэта, безумоўна, дадавала жадання Касціцыным праявіць сябе менавіта ў гэтай гульні. Перад любячымі вачыма сваякоў. Перад крытычнай манрэальскай аўдыторыяй. Перад знаходзячымся ў пошуках мінулагодняга (і нават крыху лепшага, бо ў гэтым ад каманды прыхільнікі ўсё яшчэ чакаюць максімальнага выніку) хакея Боба Гэйні.

Сустрэча з «Чыкага» стала для «Манрэаля» 5-й запар на родным лёдзе і 9-й з 10 апошніх. Перад наведваннем у чацвер Нью-Йорка («Айлендэрс») ды Таронта ў суботу, нягледзячы не на самыя вялікія сённяшнія здольнасці будучых апанентаў, але ведаючы не самую прывабную гасцявую статыстыку каманды, «канадцам» жыццёва неабходна было перамагаць. 2 ачкі не дазволілі б і ідучай за «Манрэалем» «Фларыдзе» нават у выпадку перамогі нарэшце параўняцца ў табліцы з «канадцамі».

І распачаў «Манрэаль» — лепш немагчыма. Ужо на 25-й секундзе Аляксей Кавалёў скарыстаўся памылкай абаронцы ілінойсцаў Данкана Кейта, сляпым пасам з-за спіны вывеўшага расіяніна на ўбойную пазіцыю: той майстэрскі кинуў у блізкі вугал Крыстабаля Юэ — яшчэ год назад свайго партнёра па камандзе, безумоўна, чакаўшага гульні. Шайба Кавалёва стала для яго 23-й у чэмпіянаце. Столькі ж у беларуса Андрэя Касціцына. Яны — лідэры снайперскага спісу «канадцаў».

Але галоўнае зараз — не асабістыя паказчыкі, а перамогі. Прычым зусім ня мае розніцы — прыгожыя ці не. Прыгажосць зараз клапоціць мала. У апошніх чатырох гульнях «Манрэаль» страціў толькі адно ачко і пачаў нарэшце ўсё больш дэманставаць хакей, які прынёс ім год назад тытул пераможцы канферэнцыі.

Павялічваецца ад гульні да гульні і эфектыўнасць «канадцаў» пры гульні ў няроўных складах, што было праблемай на працягу ўсяго сезона. Учора яны вызначыліся ў большасці двойчы: на дапамогу форвардам у чарговы разы прыйшлі абаронцы — Андрэй Маркаў і Мэцью Шнайдэр.

Для Сяргея Касціцына гульня скончылася ў першым перыядзе. За варотамі «Чыкага» ён патрапіў пад сілавы прыём на борт абаронцы Аарана Джонсана. Хоць арбітры парушэння і не зафіксавалі, ён выглядаў вельмі небяспечным: Сяргей моцна ўдарыўся галавой, якая патрапіла як раз паміж шклом агароджы і тулавам Джонсана, і не ўздымаўся з лёду. Брат, які знаходзіўся побач, з рашэннем рэферы быў ніяк не згодзен і судзіў супернка па-свойму. Суда Лінча па-касціцынску, праўда, не адбылося: некалькі секунд барацьбы, пара фэйсаправерачных удараў-тычкоў (Андрэй пры гэтым нават адну з пальчатак не скінуў) і падзенне «баксёраў». А вось пасля гэтага «лінчаваць» беларуса сталі суддзі: 19 хвілін штрафу склаліся з пяці за бойку, двух за неспартыўныя паводзіны, яшчэ двух за развязванне бойкі і дзесяці за працяг неспартыўных паводзін.

Такім чынам, бацькам Касціцыным было не пазайздросціць у гэты вечар: малодшы сын аказаўся пад наглядам дактароў, а старэйшы амаль на перыяд аказаўся па-за гульнёй.

Напрыканцы сустрэчы Андрэй усё ж паказаў прыклады добрага хакею і меў магчымасць адзначыцца двойчы. Першы выхад сам на сам з Юэ яму рэалізаваць, парушыўшы правілы, перашкодзіў абаронца гасцей (шайба апынулася ў сетцы праз 22 секунды, усталяваўшы канчатковы лік 4:1), у другім выпадку мацней аказаўся Юэ. Выніковая статыстыка беларуса: 10:06 гульнявога часу, 19 хвілін штрафу (да гэтай сустрэчы за 70 гульняў было агулам 50 хвілін), 2 кідкі.

У апошні час нешта не шанціць братам-беларусам гуляць разам: спачатку спасылка Сяргея ў фарм, посля яго вяртання — хвароба Андрэя, а зараз — ужо пашкоджанне малодшага Касціцына. Яно медыкамі пакуль апісваецца як траўма верхняй часкті тулава.

Трэба адзначыць, што не дагуляў сустрэчу ў складзе «Манрэаля» яшчэ і Раман Хамрлік, пасля непрыемнай «сустрэчы» з бортам таксама больш не выходзіўшага з раздзявальні.

Галоўны трэнер «канадцаў» Боб Гэйні сказаў на пасляматчавай прэф-канферэнцыі, што не ўбачыў нічога экстраардынарнага ў сілывых прыёмах супраць яго хакеістаў. А ці паедуць траўміраваныя на адказны выезд з камандай, ён вырашыць заўтра пасля дэталёвага медычнага агляду форварда і абаронцы.

Дарэчы цікавы стратэгічны ход прыняў яшчэ да пачатку гульні. Раскладам было запланавана, што на сустрэчу «кандцы» выйдуць у гістарычнай форме з чаргуючыміся чырвонымі, блакітнымі ды белымі палосамі, у якой каманда гуляла ў сезоне-1912/1913. Аднак, узгадаўшы што апрануўшы яе мінулы раз, каманда саступіла «Піцбургу», трэнер вырашыў ужыць больш пераможную форму сезону-1915/1916.

Што б не паўплывала ўчора на выніковы лік, а перамога «Манрэаля» прыйшлася вельмі дарэчы: «Фларыда» адолела 5:2 «Аттаву» і працягвае пераслед «канадцаў», адстаючы толькі на 1 пункт.

Сёння «Таронта», якое страціла апошнія нават тэарэтычныя шанцы на працяг сезону ў гэтым годзе (учора «шанцы» па падліках адной наварочанай кампутэрнай праграмы, пра якую мы раскажам у бліжэйшы час, складалі 1 з 50-ці мільёнаў), прыме на сваім лёдзе «Філядэльфію». Нагадаем, што Міхаіл Грабоўскі зараз вядзе барацьбу за першую прыступку сярод бамбардыраў-навічкоў НХЛ. Знаходзячыся ўжо паблізу прэстыжнай для любога першагодкі (па НХЛаўскіх прынцпах падліку) пяцідзесяткі ачкоў (зараз мае 45), ён пры працягу сваёй гарачай серыі можа пасягнуць і на беларускі рэкорд Андрэя Касціцына (53), усталяваны ў мінулай рэгулярцы.

 
Тэкст: Дзяніс Талпека

Как вам новость?
Головоломки