Агульнадзяржаўныя інтарэсы

04.04.2009 13:14
Спорт Редакция
Міхаіл Грабоўскі вітае другую сотню гульняў у мацнейшай лізе свету, закідваючы чарговы гол. Зборная ЗША для Уілсана, розныя «Філядэльфіі» Джозэфа і тры хвіліны бейсболак «лётчыка» Картэра ў аглядзе сустрэчы яго «Таронта» за дзень да апошняга беларускага НХЛаўскага дэрбі сезона 2008/2009.


«Таронта» саступіў «Філядэльфіі» 5:8. Фота: Getty ImagesСёння ноччу другую сустрэчу запар з «Філядэльфіяй» правёў «Таронта» Міхаіла Грабоўскага. Пасля хатняй перамогі «клёнавых» (3:2) іх чакала выпрабаванне чужой пляцоўкай. І візіт канадскай каманды ў першую сталіцу Злучаных Штатаў быў афарбаваны зусім у іншыя колеры. Прычым канчатковы вынік 5:8 — не самы дрэнны варыянт, калі глядзець на тое як развіваліся падзеі ў гульні.

Сапраўдным бедствам для таронтаўцаў стаў першы перыяд. 9 кідкоў — 3 шайбы дастае з сеткі, адседзеўшы 3-матчавую дыскваліфікацыю, Марцін Гербер, яшчэ 5 — і 2 галы выцягвае з-за спіны ўжо герой таронтаўскай гульні двухдзённай даўніны гэтых жа супернікаў Керціс Джозэф.

З пяці «прабоін» беларус знаходзіўся на лёдзе падчас чацвёртай: яго пас на Панікароўскага галявым не стаў, у адрознінне ад хуткай атакі ў адказ «лётчыкаў», сапраўды лятаўшых гэтай ноччу не толькі ў першыя 20 хвілін гульні.

Каб хоць неяк узняць баявы узровень каманды і не дапусціць далейшага росту ліку напрыканцы перыяду таронтаўцы ідуць па правераным энхаэлаўскім шляху: две бойкі — Шэнн супраць Хартнэла і Майерс супраць Альбэртса — умясціліся ў 23 секунды чыстага часу напрыканцы першай 20-хвілінкі. 0:5 прымусілі Рона Ўілсана ўжо ў першым перапынку пайсці на адваротную змену галкіпера: вярнуўся на лёд Гербер.

У другім перыядзе гульня выраўнялася (13:8 па кідках на карысць «клёнавых»; 5:14 было ў першым), што адбілася і на ліку. Праўда, спачатку сваю другую шайбу паспеў закінуць лепшы снайпер «Філы» Джэф Картэр, павялічыўшы лік да 6:0 (беларус знаходзіўся на лёдзе, спрабаваўшы перахапіць шайбу ў трымаўшых яе на блакітнай лініі абаронцаў, якія праз Брыра вывелі на зручную пазіцыю аўтара гола).

Таронтаўцы, а з імі і Грабоўскі, падключыліся да галевой феерыі толькі напрыканцы другога перыяда. Свой 19-ты гол у сезоне беларус закінуў з падбора. Пальнуўшы, здаецца, з усёй злосці «з-за вуха» з метраў трох з пазіцыі насупраць варот, Міхаіл завяршыў 3-хвілінны залп партнёраў і скараціў адлегласць да супернікаў удвая — 3:6. Адзначым, што беларус стаў яшчэ і «безачковым» суаўтарам гола ў большасці Кулеміна, перашкодзіўшы брамніку бачыць далёкі кідок расіяніна.

Але ж учорашні герой гуляў у чорна-памаранчавай форме. 44-ты гол у рэгулярцы Джэфа Картэра стаў трэцім для яго ў гульні і быў закінуты сапраўды па-майстэрску: амаль з нулявога вугла над плячом брамніка. Першы ў кар’еры хет-трык арэна святкавала тройку хвілін. Рытуальнае закідванне лёда бейсболкамі другому на сёння пасля Аляксандра Авечкіна у спісе лепшых снайпераў лігі і герою дня вельмі спадабалася. Як і канчатковыя лічбы 8:5.

Міхаіл Грабоўскі за праведзеныя на лёдзе 16:30 гульнвога часу акрамя закінутага гола адзначыўся чатырма кідкамі, 11-цю выйгранымі ўкідваннямі (з 19-ці, 57,9%) і завяршыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці «мінус 2» (да пералічаных вышэй шайб трэба дадаць апошнюю, калі беларус не паспеў дапамагчы партнёрам, «завісшы» у чужой зоне). Агулам жа ў сваёй кар’еры ў НХЛ выйшаў на прыгожую мяжу ў 55 ачкоў — 22 галы + 33 пасы.

Для гасцей добрымі навінамі візіт у горад братэрскай любові быў небагаты, але адна (пакуль, праўда, толькі на ўзроўні чутак) можа быць успрынята імі толькі станоўча. Трэнер Рон Уілсан на сёняшні момант называецца як найбольш рэальны кандыдат на пасаду галоўнага трэнера зборнай ЗША на Алімпіядзе-2010 у Ванкуверы. Настрой у яго паразай і няўдалай гульнёй сваёй каманды быў пагоршаны, таму пракаментаваў трэнер амерыканскай каманды-пераможцы зборнай Канады ў трохматчавым фінале Кубка Свету-1996 чутку коратка: «Убачымся ў наступным годзе».

Так што, як і ў Грабоўскага, які ўжо праз тыдзень з невялічкім павінен ад’ехаць у стан беларускай зборнай, у яго цяперашняга коўча Уілсана «агульнадзяржаўных» думак ужо ў самы блізкі час, магчыма, істотна дадасца. Імя трэнера афіцыйна будзе названа ў панядзелак.

У кандыдатах на прэстыжнае і адказнае месца таксама знаходзіцца цяперашні трэнер «Рэйнджэрс» Джон Тартарэлла. Але яго думкі зараз поўнасцю занятыя клубнымі справамі. Застацца ў запаветнай васмёрцы мінулай ноччу нью-йоркцам дапамагла становячаяся сапраўдным бедствам для каманд-шукальнікаў месца ў плэй-оф «Атлантай». Яны за апошні тыдзень перамагалі «Бафала» (у авертайме) і «Рэйнджэрс» (па булітах). Зараз надышла чарга «Фларыды», якая магла параўняяца па ачках з «рэйнджэрамі». У выніку ж у адрознінне ад канкурэнтаў «пантэры» не зарабілі і ачка, саступіўшы 1:3.

Сёння «Манрэаль», які займае 7-мы радок і апярэджвае на адзін пункт «Рэйнджэрс», едзе на канадскае дэрбі ў «Таронта». У мінулы раз сустрэча «беларускіх» каманд вылілася ў бенефіс Грабоўскага, які адзначыўся ажно чатырма баламі.

Тэкст: Дзяніс Талпека

Как вам новость?
Головоломки