20-я шайба Грабоўскага

08.04.2009 11:21
Спорт Редакция
Грабоўскі пад увагай тэлекамер, a«клёны» засыпаюць «д’яблаў», «канадцы» вяртаючы Касціцына, прайграюць ды дзякуюць «лётчыкаў», «ураганы» разносяць «астраўны» Нью-Йорк, «акулы» прымяраюцца да Прэзыдэнцкага Кубка і іншыя навіны з гарачых кропак НХЛ за 5 дзён да заканчэння рэгуляркі — у аглядзе eSport.by.
 
Мікалай Грабооўскі закінуў сваю 20-ю шайбу ў сезоне. Фота: Getty ImagesНяўдалае вяртанне
 
Cёння ноччу «Манрэаль» братоў Касціцыных меў магчымасць у супрацьстаянні з адным са сваіх непасрэдных канкурэнтаў забяспечыць месца ў васьмёрцы плэй-оф ад Усходу. Для гэтага трэба было перамагаць у гасцях «Рэйнджэрс». Пасля двухматчавага «безхваробнага» карантыну на лёд ізноў вярнуўся Андрэй Касціцын: трэнер Боб Гэйні вырашыў праверыць, ці падзейнічалі яго выхаваўчыя метады на беларуса.
 
Праўда, можна быць упэўнены, што думы пра лінію атакі ў коўча «Хабсаў» адольвалі не так моцна, як пошукі залатвання дыраў ззаду, якія выявіліся ў суботняй гульні з «Таронта»: былі выкліканы ў асноўны склад Раян О’Бёрн і Дуг Янік.
 
Нагадаем, што ў суботу Міхаіл Грабоўскі жорсткім, але ў межах правілаў прыёмам прымусіў пакінуць лёд у сярэдзіне трэцяга перыяда лепшага гульца сезона ў складзе «канадцаў» Андрэя Маркава. А яшчэ ў першай трэці скончыў гульню Мэцью Шнайдэр.
 
Учора ў гульні з яшчэ аднімі канадцамі, «Аттавай», пераможны шлях без лідэраў абароны «Манрэалю» адшукаць не ўдалося — параза на родным лёдзе пры поўных трыбунах 2:3 спыніла 6-матчавую серыю з наборам ачкоў (11 з 12-ці). Сёння ў нью-йоркскім «Мэдзісан Скуэр Гардэн» вынік казаўся таксама несуцяшальным. Прычым бяда прыйшла адкуль і чакалі…
 
Усе тры шайбы «рэйнджэры» закідвалі пасля памылак абаронцаў. У першым голе наляцеўшыя ў зоне «канадцаў» коршунамі на Майка Камісарэка Крыс Друры і Раян Калахан сумеснымі намаганнямі адабралі ў таго шайбу, і першы, трапна стрэліўшы ў блізкую дзевятку над плячом вярнуўшагася ў брамку Кэры Прайса, адкрыў лік. Другі гол стаў следствам непаразумення Джоша Жоржаса і Прайса: выкаціўшуюся перад пустымі варотамі шайбу ў дайверскім стылі першым крануўся былы партнёр Грабоўскага, а зараз нью-йоркер Мік Антропаў. Трэці гол — вынік яшчэ адной памылкі Камісарэка і сумесных узгодненых дзеянняў пары снайпер Друры — перахопшчык-асыстэнт Калахан.
 
Нажаль, пры другім і трэцім узяцці на лёдзе знаходзіўся і наш Андрэй Касціцын. У нейкай ступені суцешыць яго прыхільнікаў і самаго Андрэя можа
толькі факт, што знаходзіўся ён далёка ад эпіцэнтраў пажараў. Праўда, ад «мінус 2» гэта яго не выратавала. За 15:08 праведзенага на лёдзе часу Андрэй зрабіў 2 кідкі, выступаючы ў спалучэнні з Мэтам Д’Агасціні і Томашам Плеканецам. У большасці Андрэй, якога раней часцей выкарыстоўвалі ў розыгрышы, выконваў некалькі разоў запар крыху нязвыклую для яго ролю слупа. Было бачна, што яго падрыхтоўка на сённяшні дзень пакідае жадаць лепшага: лёгкасці нашаму форварду не хапала.
 
Калі ж вяртацца да «Манрэаля» агулам, то, кажучы тэніснай мовай, нявымушаныя памылкі «канадцаў» істотна паўплывалі на гульню, і хутчэй у
гаспадароў было больш магчымасцяў лік павялічыць (Прайс зрабіў 41 сэйв), чым у «Манрэаля» наблізіцца да канкурэнтаў.
 
Максімум, чаго дамагліся госці — двойчы паспрабавалі на трываласць перакладзіну варот Лундквіста. Але лік у трэцім перыядзе не змяняўся. У выніку — другая параза «Манрэаля» запар, перарваная снайперская серыя лідэрскага спалучэння Койву-Кавалёў-Тангуэй, і толькі дзякуючы канкурэнтам перавага «канадцаў» над 9-м месцам складае ранейшыя 3 ачкі.
 
Ёсць 20!
 
А вось яшчэ адзін прадстаўнік Беларусі адзначыў сваё чарговае ў гэтым сезоне дасягненне. 20-ты гол стаў следствам актыўнасці нашага форварда ў чужой зоне: ён перахапіў рукой пас абаронцы «д’яблаў» Коліна Уайта, падпрацаваў пад зручны бок і трапна стрэліў з круга ўкідвання ў дальні вугал лепшага брамніка НХЛ апошніх гадоў Марціна Брадо — 1:0.
 
Адкрыўшы лік, «клёнавыя» потым увесь час абараняліся, выстрэльваючы імклівымі конртатакамі (па кідках — 18:48). І такая тактыка прынесла ім поспех. 47 сэйваў Марціна Гербера (за два матчы перад гэтым «клёны» між іншым напрапускалі ажно 14 галоў), першы гол у кар’еры сына вядомага за акіянам актора Дэйва Хэнсана — падпісанага «Таронта» толькі на мінулым тыдні Крысціяна, маналітная абарона, крыху ўдачы — і «Нью-Джэрсі», якое збіралася аформіць чэмпіёнства ў сваім дывізіёне, аказваецца бітым «Таронта» на сваёй пляцоўцы 1:4.
 
Беларус акрамя закінутага гола адзначыўся вялізным аб’ёмам працы. Больш узважанае трыванне шайбы і ўваход з ёй у зону, аказанне напружання на абаронцаў супернікаў, імклівыя наскокі на валоданні гаспадароў, узаемадзеянне з партнёрамі, вяртанне «дадому» — усё выглядала апошнім вечарам больш якасна, чым на пачатку сезона. Толькі вось над укідваннямі Міхаілу трэба яшчэ істотна працаваць. Учора ён іх выйграў толькі 3 з 13-ці (23%). Астатнія яго статыстычныя паказчыкі: 14:51 часу, 1+0, +1, 2 кідкі.
 
Адказваючы на пытанні рэпарцёраў пасля гульні, Міхаіл адзначыў, што думаў напачатку сезона пра вышыню ў 20 галоў, «таму што сябар мне сказаў, што я магу гэта зрабіць». Атрымалася гэта, па словах форварда, дзякуючы дастатковаму часу на лёдзе і партнёрам па камандзе, якія напрыканцы сезона нарэшце сталі пастаяннымі. Фразу журналіста аб тым, што калі б ён быў больш стабільным, мог бы закінуць і 30-35, Грабоўскі з усмешкай прапусціў міма вушэй, адказаўшы, што пачне думаць пра новыя бамбардырскія паказчыкі ўжо ўлетку.
 
Калі большасць таронтаўцаў думкі адносяць у лета, то асноўная частка лігі мае менш доўгатэрміновыя і больш барадатыя мэты.
 
Дзякуючы перамозе, узмацніў свае пазіцыі перад вырашальным для сябе двухматчавым супрацьстаяннем з «Філядэльфіяй» «Рэйнджэрс». Пропускам у плэй-оф для іх стане адна перамога. Яны маюць на 2 вікторыі больш за «пантэр», саступіўшых «лётчыкам» 1:2 і адстаючых на 2 пункты.
 
Забяспечыў сабе месца ў плэй-оф сёння і «Піцбург» Малкіна-Кросбі. Гэта адбылося дзякуючы той жа паразе «Фларыды» ад «Філядэльфіі». Праўда, і самі «пінгвіны» учора парадавалі сваіх прыхільнікаў, адолеўшы «Тампу» 6:4.
 
Тэкст: Дзяніс Талпека

Как вам новость?