Напрыканцы

12.04.2009 09:42
Спорт Редакция
Cерыял «Канадцы» і «мядзведзі» — 32-я серыя. Джына — яшчэ адзін «пінгвін». Грабоўскі — тройчы трэці. Манрэаль — чатыры па 862 тысяч 193. Дванаццаты «бублік» Касціцына-старэйшага. Лічбы і факты ад «беларускіх» каманд НХЛ за адзін дзень да канца рэгуляркі і позірк у недалёкую будучыню нашых хакеістаў — у аглядзе eSport.by

«Таронта» зкончыла сезон перамогай. Фота: Craig Abel PhotographyТройкі Грабоўскага

Міхаіл Грабоўскі ў апошняй гульні сезона супраць суседзяў па правінцыі Антарыа «Аттавы» на лёд выходзіў з новым партнёрам. У сувязі з траўмай нагі Мікалая Кулеміна, большую частку сустрэчы беларус правёў са старым-новым калегай па спалучэнні — крайком Нікласам Хагманам. І швед адзначыўся дублем. Яму аднойчы вынікова асыставаў Міхаіл Грабоўскі.

Героямі ж гульні сталі не яны. Мэт Стэйджан і Бойд Дэверо знаходзіліся на лёдзе падчас шасці з сямі ўзяццяў варот у гэты вечар. А апошні наогул стаў аўтарам хет-трыку.

Гульня была вызначальнай і для брамніка «клёнаў» Марціна Гербера, які пачынаў сезон менавіта ў «Аттаве». Хоць ён і памыліўся двойчы, калі за сваімі варотамі спачатку быў абакрадзены Джэйсанам Спеццай, а потым ізноў жа за варотамі яго пас на Йана Уайта перахапіў Крыс Кэллі, дазволіўшы параўняць лік 2:2, 37 «сэйваў» швейцараца істотна дапамаглі яго цяперашняй камандзе абыграць былую — 5:2.

Праўда, і тая, і тая сканчваюць сезон па-за межамі плэй-оф. Прычым з «сенатарамі» такога не здаралася ажно апошнія 13 гадоў. А вось «Таронта» у паслялакаўтны перыяд ніводнага разу з чатырох у васьмёрку лепшых у сваёй канферэнцыі не трапляла: 9-е, 9-е, 12-е і ізноў 12-е месцы.

Так што для генмэнэджэра «клёнавых лістоў» Брайана Бурка ўжо распачаўшаяся некалькі часоў назад міжсезонка будзе вельмі гарачай. Па яго словах, мэтай на лета стане пошук гульцоў, здольных біцца ў кожным эпізодзе і весці за сабой партнёраў. Хоць канадзец мякка кажучы, не вельмі шануе хакеістаў з былога СССР, ён настроены будаваць каманду вакол Міхаіла Грабоўскага. Так што за будучыню беларуса можна не турбавацца.

Для беларускага форварда асыстэнцкім балам у апошняй сустрэчы сезона стаў яго кідок па варотах «Аттавы», які на дабіванні у гол ператварыў Хагман. Гэты выніковы бал стаў апошнім набраным Міхаілам у чэмпіянаце. Такім чынам, ён скончыў сезон з 20 галамі і 28 перадачамі — трэці паказчык выніковасці за сезон сярод беларусаў, выходзіўшых на лёд у НХЛ. Той жа трэці радок у беларуса перад апошнім днём рэгуляркі ў спрэчцы навічкоў лігі па набраных ачках і перадачах.

Цікава, што калі б «Таронта» прайграў у асноўны час, то ў каманды заставаўся б шанец на першае месца ў латэрэі да чэрвеньскага драфту, што адбудзецца ўжо праз пару дзён. Аднак хоць, безумоўна, хакейныя планы ў большасці гульцоў накіраваныя ўжо ў сезон наступны, а стратэгічныя мэнэджэраў — куды далей, пакідаць родны лёд заўсёды прыемна пераможцам.

Малкін + «Піцбург» = «Бостан»

Што атрымалася ў каманды з правінцыі Антарыа, не змаглі зрабіць канадцы Квэбека. «Манрэаль», нягледзячы на цэлы шэраг суперсэйваў Кэры Прайса саступіў «пінгвінам» на сваім лёдзе 1:3. Чацвёрты сезон запар уся 41 хатняя гульня рэгуляркі распрадаецца на 100%. 872 тысячы 193 глядач паназіралі за матчамі «канадцаў» на працягу сезона 2008/09. Гэты паказчык — аднолькавы ва ўсіх паслялакаўтных сезонах.

У 41-й хатняй гульні сезона 21273 гледачы сталі сведкамі ўзыходжання ўжо чацьвёртага «пінгвіна»-суперфорварда на першы радок ганаровага спіса лепшых бамбардыраў лігі. Пасля 6-ці разоў Марыа Лем’е, 5-ці Яраміра Ягра і тытулу лепшага цяперашняга партнёра па камандзе Сідні Кросбі ў 2006/07-м з 113-цю баламі ў скарбонцы «зэ бэст оф зэ бэст» стаў расіянін «Джына», ці ў простанароддзі Яўген Малкін. Яго дабіванне пасля кідка ад блакітнай лініі партнёра па камандзе Сяргея Ганчара стала 35-й шайбай у рэгулярцы для яго і першай шайбай у гульні для ўсіх.

Пасля шайбы заляталі ў вароты таксама толькі ад «пінгвінаў». Нават калі лік стаў роўны 1:1, апошнім каго крануўся гумавы круг стаў Хэл Гіл: кідок Рамана Хамрліка прыйшоўся ў грудзі абаронцы-велікану, а пасля гэтага шайба адскочыла ў вароты.

Вырашальным у гульні стала выдаленне «пінгвіна» Бруса Орпіка ў сярэдзіне апошняй траціны. Адразу дзьве контратакі… гасцей у меншасці сталі выніковымі. Макс Талбат скарыстаўся пасам Паскаля Дзюпуі пры выхадзе 2 у 1. А Крыс Летанг, стрэліўшы ад блакітнай лініі і знайшоўшы дзірку ў бліжнім вугле варот Прайса, прымусіў брамніка — лепшага хакеіста сустрэчы — відавочна паміліцца бадай што ўпершыню.

1:3 — і калі «Піцбург» сканчвае сезон у цудоўным настроі (з галоўным трэнерам Дэнам Білсмай яны правялі 25 гульняў, у якіх атрымалі 18 перамог!) з класнай гульнёй Марка-Андрэ Флэры, з двума з трох лепшых бамбардыраў лігі, з узнавіўшымся пасля цяжкай траўмы абаронцам Сяргеем Ганчаром, з цудоўнымі паказчыкамі пры гульні ў няроўных складах на фінішы сезона, то ў «Манрэаля» агменьчык у канцы танэля куды больш размыты…

Боб Гэйні пасля звальнення Гі Карбона 9-га сакавіка правёў 15 гульняў у якасці галоўнага трэнера каманды, у якіх атрымаў толькі 5 перамог. Забівала ў апошні час толькі спалучэнне раскачыгарыўшагася напрыканцы сезона Аляксея Кавалёва. Не зможа ў бліжэйшыя тыдні дапамагчы камандзе бамбардыр-абаронца Андрэй Маркаў (дактары прапісалі яму тры тыдні адпачынку). Да таго ж сустракацца «канадцы» у першым раўндзе будуць з бясспрэчным лідэрам канферэнцыі «Бостанам»…

Ды і беларускі ўнёсак у 100-гадовае святкаванне квебекцаў з пункту гледжання апошняга месяцу сезона выглядае туманным. Сяргей Касціцын працягвае знаходзіцца ў спісе траўмаваных, а Андрэй працягвае не закідваць. У першым перыядзе сустрэчы з «пінгвінамі» ён меў выдатнейшую магчымасць перарваць сваю «сухую» серыю (ужо 12 гульняў!), аднак ліхая прыгожая камбінацыя з удзелам беларуса і Томаша Плеканеца скончылася промахам міма шайбы знаходзіўшагася ўжо насупраць пустых варот беларуса… Безвынікова скончыліся і астатнія кідкі 24-гадовага беларуса, 2 з якіх адвёў Флэры…

Малым суцяшэннем можа служыць тое, што «Бостан» быў учора нечакана моцна біты. У гасцявой гульні з падначаленымі Ліндзі Рафа ён саступіў 1:6. І гэта пры тым, што калі б «мядзведзі» адолелі «шабляў», яны заўтра маглі б узняць над галавой Прэзыдэнцкі Кубак за перамогу ў рэгулярным сэзоне. Бо сёння безумоўны лідэр Заходняй канферэнцыі «Сан-Хасэ» таксама пакуінуў пляцоўку на шчыце, саступіўшы «Лас-Анджэлесу» 3:4.

Апошні дзень рэгуляркі для беларусаў можа быць адзначаны вяртнаннем на лёд пасля атрыманай траўмы Руслана Салея. Лепшы беларускі абаронца плануе далучыцца да зборнай 18-га сакавіка ў французскім Граноблі. Міхаіл Грабоўскі будзе ў стане зборнай на 2-3 дні раней.

З чыстага ліста

Наступны ж тыдзень распачнецца ўжо 32-й за ўсю гісторыю серыяй плэй-оф паміж «Манрэалем» і «Бостанам». У мінулым годзе яны таксама сустракаліся ў першым раўндзе — знаходзячыся на супрацьлеглых месцах. Перамог «Манрэаль». 7 гадоў назад «Бостан» апошні раз выйграваў Усходнюю канферэнцыю, і тады з ім у 1/8 таксама гулялі «канадцы». Ізноў тады перамог «Манрэаль». А вось калі зірнуць не так далёка ў гісторыю, то пасля 12-матчавай пераможнай серыі «канадцаў» на працягу апошніх сезонаў, у гэтым годзе татальна дамінавалі «мядзведзі» — 5 перамог і адна параза ў авэртайме.

«Я ня ведаю колькі разоў сустракаліся каманды, але гэта — традыцыйнае супрацьстаянне. Толькі я папрашу пачакаць да панядзелка, калі мы сапраўды пачнем размаўляць пра «Бостан». А пакуль дайце нам крыху часу, каб прывесці нашы думкі ў лад», — сказаў пасля гульні Гэйні.

Пачакаем да новага тыдня разам з Гэйні і 16-цю камандамі лігі і мы. Плэй-оф стартуе ў сераду 15 красавіка.

 
Тэкст: Дзяніс Талпека

Как вам новость?
Головоломки