Баксёр Сяргей Хаміцкі сенсацыйна адабраў чэмпіёнскі пояс у англійскага накаўцёра

01.04.2015 11:40
Спорт Редакция

За некалькі тыдняў да бою ў нашага байца памёр бацька. Але Сяргей здолеў узяць сябе ў рукі і шакаваць спартовую Англію 40-гадовага беларускага баксёра Сяргея Хаміцкага выставілі супраць маладой зоркі Адама Этчыса. Гэта здарылася ў суботу 28-га сакавіка на перапоўненай “Матарпойнт-Арэне” ў Шэфілдзе.

Да сустрэчы з беларусам Адам Этчыс перамог ва ўсіх сваіх 18 двубоях, зрабіўшы 16 (!) накаўтаў. У англічан не было сумневаў, што і гэты паядынак скончыцца датэрмінова на карысць іх байца. Здарылася наадварот: у чацвёртым раўндзе Сяргей Хаміцкі відовішчна накаўтаваў Этчыса класічным правым прамым у галаву.

— Я адчуў, што набраў добрую форму і магу біць. Трэба было паказваць, што і мы не з гліны злепленыя і мы не баімся, — згадвае Хаміцкі пра настрой перад тытульным боем.
Наш баксёр заваяваў вельмі прэстыжны пояс Інтэркантынентальнага чэмпіёна IBF. У сталічнай зале ўніверсітэта фізкультуры паплечнікі Сяргея Хаміцкага з гонарам фатаграфуюцца побач з новаспечаным чэмпіёнам і разглядаюць яго каштоўны трафей.   

Трэнер Канстанцін Маханькоў распавядае пра трагедыю, якая напаткала Сяргея за некалькі тыдняў да паядынку. У байца памёр бацька…
Ад паездкі ў Англію, было, адмовіліся, але потым перадумалі. Сяргей Хаміцкі нават пры такіх абставінах здолеў узяць сябе ў рукі. Часу на паўтавартасную падрыхтоўку да 12-раўндавага тытульнага двубою, лічы, не было. Але баксёр выйшаў на пік формы. 

— Хачу прысвяціць гэтую перамогу свайму бацьку і сказаць дзякуй за тое, што ён у мяне ўклаў, — кажа баксёр.  
Сяргей Хаміцкі некалькі разоў сыходзіў з вялікага спорту, але ў выніку лёс прымушаў яго вярнуцца. Ён не баяўся змагацца з наймацнейшымі баксёрамі свету і часам пагаджаўся на баі, калі не меў 100-працэнтных фізічных кандыцый.

Многім гэта падаецца неверагодным, але росквіт кар’еры прыйшоўся на час, калі ўзрост Сяргея набліжаўся да 40. Год таму Хаміцкаму нарэшце прапанавалі тытульны бой супраць не бітага на той час байца Фрэнка Бугліёні. Беларус нечакана для многіх накаўтаваў саперніка, адабраўшы у таго пояс Інтэркантынентальнага чэмпіёна WBO.

Улетку 2014-га Хаміцкі абараняў гэты тытул супраць немца Роберта Шцігліца — экс-чэмпіёна планеты, якога ведаюць паўсюль і які зарабляе мільёны. Было відавочна, што па ачках у гасцях беларусу перамогу не аддадуць.  Напрыканцы бою Хаміцкі зваліў Шцігліца, але той здолеў падняцца. І тады рэферы дыскваліфікаваў Сяргея за…адматаныя пластыры на пальчатках. Беларусу залічылі кур’ёзны тэхнічны накаўт. Тады трэнер Канстанцін Маханькоў выказаў здагадку, што арганізаваць Хаміцкаму яшчэ адзін бой з тытулаваным сапернікам будзе складана. Рэч у тым, што  беларус, нягледзячы на свой высокі клас, не мае гучнага імені і не прыносіць прамоўтарам высокіх прыбыткаў. Затое прыносіць агромністыя праблемы зорным апанентам.

Але шанец вярнуцца на вяршыню сусветнага бокса здарыўся. І Хаміцкі ім бліскуча скарыстаўся.
Віншуем нашага выбітнага і мужнага байца з такой трыумфальнай перамогай і ганарымся ім!  
 
Фота — Аляксандр Tarantino Ждановіч