Змена курса

23.04.2009 10:43
Спорт Редакция

Андрэй Касціцын спыняе сваю «сухую» серыю, але не размочвае лік у серыі. Беларускі сезон НХЛ сканчваецца за 36 гадзін да пачатку чэмпіяната свету-2009. А «Манрэаль» спыняе свой шлях на восьмай паразе запар у плей-офф — перад вачамі роднай публікі, якая назірала поўную капітуляцыю каманды ў супрацьстянні з «Бостанам».

Гэта каманда ў самым хакейным горадзе Канады ды, напэўна, і свету больш на лёд не выйдзе. Яе чакаюць вялізныя змены. Уладальнік каманды Жорж Жылет выставіў яе на продаж і ўжо разглядае прапановы ад будучых пакупнікоў. 11 гульцоў набылі статус неабмежавана свабодных агентаў і маюць права распараджацца сваім лёсам без усялякіх абмежаванняў. Нават нядаўні манрэальскі любімец «новы Патрык Руа» Кэры Прайс ужо адной нагою ступіў прэч з «Канадыенс».

Бадай, галоўным героем супрацьстаяння «канадцаў» і «мядзведзяў» стаў Майкл Райдэр, які толькі мінулым летам пакінуў Манрэаль. Ён учора працягнуў сваё феерычнае вяртанне ў канадскую хакейную сталіцу, якое распачаў у панядзелак, калі закінуў пераможны гол у трэцяй сустрэчы. Агулам жа за чатыры гульні, у якія ўклалася серыя (16:7 па закінутых шайбах), бостнец зарабіў 7 балаў, чатыры разы засмуціўшы былых партнёраў.

Госці перад гульнёй амаль у адзін голас казалі, што чакаюць апошняга штурму і шквала атак з першых секунд з боку апанентаў. Прыкладна таго, з чым сустрэліся ў першым перыядзе трэцяй гульні. І «Манрэаль» іх прадказанні спраўдзіў. Ужо першая змена складу «канадцаў» стала выніковай. Толькі выйшаўшыя на лёд ізноў аб’яднаныя ў адно спалучэнне «Тры К» — Саку Койву, Алекс Кавалёў і Андрэй Касціцын — далі надзею «Бэл Цэнтру», які вось ужо чатыры гады запар збірае на сваіх трыбунах толькі аншлагі ў 21 тысячу 273 гледачы. Фін увайшоў у зону, пакунуў шайбу Касціцыну, а беларус трапна стрэліў у дальнюю «дзевятку» з верху левага кола для ўкідванняў. Серыя з 16-ці «сухіх» гульняў для Андрэя нарэшце перарвалася ў адсутнасці брата, які ізноў быў пакінуты Бобам Гэйні назіраць за гульнёй з прэс-боксаў.

1:0 ужо на першай хвіліне. Які пачатак! Але гэтыя 39 секунд сталі для «канадцаў», напэўна, лепшымі ў гульні. «Бостан», які з самага пачатку быў настроены гуляць на контратаках, стрымліваючы шалёныя наскокі шукаючых свайго свету ў канцы танэля манрэальцаў, па-першае, гэтай самай шалёнасці ў сваёй зоне не дапускаў і, па-другое, заставаўся, памятаючы ход мінулых гульняў, гэткім удавам, што чакаў свайго часу ці памылак з боку супернікаў.

«Засушыўшы» гульню, бостанцы выкарысталі апрабаваны прыём. З ударамі напрыканцы перыяду манрэальцы спраўляцца так і не навучыліся. А яшчэ складаней саўладаць з ударамі двайнымі. Спачатку Дэвід Крэйчы зачысціў зону для галявога кідка Райдэра, высвабадзіўшы асяроддзе перад брамай адразу ад трох манрэальцаў. А на апошняй хвіліне перыяду, ужо Райдэр «вярнуў запазычанасць» Крэйчы. Пасля выйгранай барацьбы за шайбу каля борта і сценачкі з партнёрам, Дэвід кідаў ужо ў пустыя вароты. За 1 хвіліну 58 секунд 1:0 пераўтварылася ў 1:2, і надыходжанне другой перамогі «Бостана» у серыі плэй-оф за апошнія 15 гадоў (першы — дзесяць гадоў назад!) стала адчувацца з кожнай секундай усё больш.

Працягваючы, асабліва не лезучы наперад, чакаць свайго чарговага шанца, бостанцы проста цудоўна трымалі абарону. Лічбы статыстыкі, якімі падзяліліся канадскія тэлевізіёншчыкі ў сярэдзіне трэцяга перыяду казалі, што за 30 хвілін гульнявога часу ў «Манрэаля» было толькі тры галявых моманты! Для беларусаў радасны факт можа заключацца ў тым, што ў нешматлікіх атакуючых камбінацыях, якія завяршаліся хоць нейкай небяспекай, істотную ролю адыгрываў Касціцын-старэйшы. Пра першы эпізод — вышэй. У другім ён вывеў ужо на пакінутыя Цімам Томасам вароты Кавалёва, але той трапіў у Здэна Хару. У трэцім, што адбыўся ўжо другім перыядзе, класна пакінутая Касціцыным пад кідок Джоржэсу шайба, крануўшыся шчытка Томаса, прайшла ў лічаных сантыметрах ад стойкі варот гасцей.

У сярэдзіне перыяду большасць манрэальцы ізноў не выкарысталі (можна ў чарговы раз узгадваць пра траўмаваных абаронцаў спецбрыгады Маркава ды Шнайдэра), праз некалькі секунд выцягнуўшы шайбу ўжо са сваіх варот. Толькі выйшаўшы з лавы для аштрафаваных, Філ Кэсэл выдатна скарыстаўся сустрэчай сам на сам з Прайсам.

А яшчэ праз 45 секунд клічнік для адных і шматкроп’е для іншых у сустрэчы паставіў ізноў жа Райдэр. Яго суперэфектыўная ўчарашнім вечарам звязка з Крэйчы давяла рахунак да 4:1.

Пацверджаннем таго, што «Манрэаль» у чарговы раз быў няздатны супрацьстаяць «нечаканаму» перавароту, які адбыўся напрыканцы першай трэці, можа быць статыстыка: калі першы перыяд па кідках яны выйгралі 16:7, то ў другім ужо мелі значную перавагу госці — 14:4.

Ды і наогул другая палова стала салодкім задавальненнем для «Бостана», якому зараз у кампаніі з адстраляўшымся ад «блюзмэнаў» яшчэ ўчора «Ванкуверам» можна на некалькі дзён перавесці дух і пачакаць суперніка па чвэрцьфінале. Зараз бліжэй да сустрэчы з «мядзведзямі» «Рэйнджэрс», які павёў у серыі з «Вашынгтонам» 3:1.

А вось надыйшоўшыя вакацыі манрэальцы сустракаюць у зусім іншым настроі. Так, напрыклад, Кэры Прайс, пасля атрыманых з’едлівых вітанняў сваіх дзеянняў з боку гледачоў нават паўтарыў рух Патрыка Руа, які той зрабіў у 1996-м годзе, патрабуючы трэйда ў іншы клуб.

Тое, што склад «Манрэалю» зменіцца істотна ў наступныя паўгады — факт, як гаворыцца, медыцынскі. Бо іншага шляху для самай тытулаванай каманды НХЛ зараз няма. Давер гульцы, сабраныя для вялікай задачы ў вялікай камандзе ў істотны для яе момант, не спраўдзілі. Застаецца шукаць іншых гульцоў. І момант для гэтага, здаецца, самы найлепшы. Напрыклад, можна паразважаць над тым, ці магла з усёй сур’ёзнасцю разлічваць на заваёву самага прэстыжнага трафею ў хакейным свеце каманда, якая пасля сваёй апошняй, 24-й перамогі ў Кубку Стэнлі ў 1993-м годзе, за 16 гадоў выйграла толькі 4 серыі…

Будзе час шмат над чым падумаць ў наступіўшым міжсэзонні і для братоў Касціцыных. Але ў адрознінне ад большасці партнёраў думы пра вакацыі ад хакею ім трэба будзе адкласці яшчэ на наступныя дзён 20. Іх з нецярпеннем чакаюць на гэтым беразе Атлантыкі Хэнлан і К. Ужо менш чым праз 48 гадзін наша зборная гуляе з самай хакейнай дзяржавай свету.

Час змяніць свае ўражанні ад сезона-2008/2009 у братоў Касціцыных яшчэ ёсць — 17 дзён чэмпіяната свету.
 
Тэкст: Дзяніс Талпека

Как вам новость?
Головоломки