Бацька Глеба: «Пашыю сыну бел-чырвона-белы сцяг»

30.05.2009 23:13
Спорт Редакция
Бацька Аляксандра Глеба Павел Рыгоравіч расказаў, як ён глядзеў фінальны матч Лігі чэмпіёнаў і з якой нагоды збіраецца пашыць для сына бел-чырвона-белы сцяг.
 
«Добры матч. Напачатку было крыху страшнавата, калі англічане кінуліся наступаць вялікімі сіламі, але затым іх пыл каталонцы хутка астудзілі. А ў другім тайме і наогул «дабілі».
 
Моцна хваляваўся. Тым больш што я адзін дома глядзеў футбол. Напачатку ў зале назіраў, але гэтая мая зала, як я ўжо зразумеў, дрэнная прыкмета для «Барселоны». Прайграе, калі гляджу там. Таму падчас фіналу я і перайшоў у спальню. Сціснуў кулакі і ціхенька ляжаў на ложку. Толькі зрэдку дзёргаўся ад перанапружання…
 
Сын пакуль не тэлефанаваў. Няхай спачатку супакоіцца. Патэлефанаваў толькі малодшы Слава з Кітая, які гуляе там, ды сказаў: «Баця, мой брат, а твой сын гуляе ў вялікай камандзе». Слаўка нярэдка тэлефануе — у іх там у кітайскіх кішлаках зараз перапынак.
 
Крыўдна, што Аляксандр Глеб вельмі рэдка трапляе ў асноўны склад «Барселоны», а ў фінальным матчы і наогул нават не патрапіў у заявачны склад, але што зробіш? Гэта ж трэнер вырашае, каго ставіць, а каго не. Саша ж не аднойчы выказваў сваю незадаволенасць тым, што даводзіцца шмат часу знаходзіцца на лаўцы запасных. Нічога не зробіш — у камандзе шмат выдатных ігракоў сусветнага класа. Дарэчы, маці наогул адразу не хацела балець за «Барселону», бо заўсёды перажывае, калі сын не гуляе.
 
На жаль, 10 мая Лідзію Уладзіміраўну забралі з інсультам у бальніцу. Зараз праходзіць курс рэабілітацыі. Ведаю, што загадчыца аддзялення нават дазволіла пасля адбою паглядзець футбол. Прыедзе Саша, можа, адправім маці куды-небудзь у санаторый.
 
Калі прыедзе, то запытаю, чаму сын не накінуў сабе на плечы сцягі сваёй краіны. Можа, у Іспаніі няма бел-чырвона-белых сцягоў? Калі так, то пашыю яму дома. Бо я прызнаю толькі бел-чырвона-белы сцяг… Чаго тут баяцца?
 
Ці думае сын пераходзіць з «Барселоны» ў іншы клуб? Пакуль усё на ўзроўні чутак.
 
Восенню месяц з маці гасцілі ў яго. Цудоўны чатырохпавярховы дом, які ён арандуе, траўка, басейн… Маці там ля басейна пастаянна нешта вязала. А я больш па горадзе хадзіў. Куплю карту горада — і панёсся! На футбол, натуральна, хадзілі.
 
Аляксандр згуляе за зборную Беларусі з Андорай, а пасля з жонкай Настай, напэўна, накіруюцца ў адпачынак», — цытуе Паўла Глеба «Народная Воля».

Как вам новость?
Головоломки