Какие ошибки делают комментаторы, говоря по-белорусски

22.05.2013 11:20
Спорт Редакция

На думку мовазнаўцы Таццяны Абдулхакавай, айчынныя каментатары робяць не так і шмат памылак, калі гавораць па-беларуску

Яшчэ нядаўна Зміцер Герчыкаў і Павел Баранаў каментавалі футбол па-беларуску. Зараз гэтага няма. Ды і ўвогуле, беларускай мовы ў нашым спорце амаль не сустрэць. Goals.by адшукаў апошнія беларускамоўныя каментары і праслухаў іх разам з перакладчыцай Таццянай Абдулхакавай, якая пісала дыпломную работу па ўжыванню спартыўных тэрмінаў у беларускай мове. Мовазнаўца ацаніла ўзровень каментатараў і дапамагла скласці слоўнік арыгінальных перакладаў спартыўных абазначэнняў.

— Варта пачаць з таго, што каментар, на дзіва, вельмі якасны. Напэўна, гэта лепшыя прыклады каментавання па-беларуску, якія я калі-небудзь чула. Бачна, што людзі не проста механічна перакладаюць у галаве словы, а думаюць па-беларуску. Памылак сапраўды вельмі мала, але некалькі ўсе ж такі ёсць.

Першае. Слова «стопа». У беларускай мове такога няма. Есць такі літаратурны тэрмін. У спорце толькі ступня. Усё ж такі няма слова «скамейка», толькі лаўка. Цікавае ужыванне слова «угол». Яны кажуць «кут», але «вуглавы». Гэта можна дапусціць, але лепш «кутні». Таксама дзеяслоў «сканчваецца». Гэта не памылка, але больш правільна «заканчваецца». Яшчэ яны чамусьці ўжывалі «Брасан», каклі правільна «Брэсан». Можа, хваляваліся. А так, усё добра. Асобна адзначу правільны націск на першы склад у слове «спіна», у якім вельмі часта робяць памылку нават тыя людзі, якія добра валодаюць мовай.

Тут яшчэ менш. Зноў сустрэлася гэтая «скамейка». Цікавы выпадак з словам «прямо». Павел казаў «прама», але ж правільна «проста». Напрыклад, біць проста. Як бы дзіўна гэта не гучала, але гэта так. Дарэчы, я аднойчы так адказала на вуліцы мужчыне, куды ісці, на што ён: «Я вроде несложно шел». Безумоўна, правільна «ноль», а не «нуль». Напэўне, агавыруўся каментатар.  Вось і ўсё. Не так дрэнна.

— Насамрэч, трансляцыі з каментарамі па-беларуску я не глядзела сто гадоў. Апошняе, што бачыла, дык гэта калі на мінулым чэмпіянаце свету па хакеі Уладзімір Навіцкі нешта каментаваў па-беларуску. Потым вось гэтыя футбольныя відэа. Больш амаль нічога і няма. Гэта галоўная праблема.

— Якія агульныя памылкі ў нашых каментатараў?

— Напрыклад, пры скланенні назоўнікаў з’яўляюцца памылкі. Часта гавораць «удар па варотам», але правільна «удар па варотах».  Потым праблемы з сінаніміяй. Ужываюць слова «ігракі». Я супраць яго наогул, таму што «ігра» – гэта калі на музычных інструментах. Напрыклад, ігрок на домбры. А у спорце есць толькі гульні, і ў іх гуляюць. Таксама «балельшчыкі» – гэта тое яшчэ слоўца. Лепш заўзятары ці аматары. Але тэрміналогія у нас не настолькі распрацаваная, каб агульна гаварыць, што вось гэта правільна, а гэта не. Няма адзінай тэрміналогіі.

— Чаму?

— Не працуюць над гэтым лінгвісты, таму і няма. Хаця ў нас ёсць руска-беларускія слоўнікі спартыўнай тэрміналогіі. І не так мала. Штук сем агульнаспартыўных, напэўна, набярэцца, але і там дастаткова памылак у перакладзе. Напрыклад, «ответная атака» перакладаюць як адказная. Але ж «адказная» – гэта «ответственная» па-руску. Вось і атрымліваецца зусім іншы сэнс.

Яшчэ, напэўна, ніхто не ведае, што ў нас ёсць руска-беларускі слоўнік гандбольнай тэрміналогіі. Такая маленькая кніжачка, надрукаваная, відаць, на друкавальнай машынцы. Аўтар у тым ліку і Анатоль Пятровіч Мяшкоў. Слоўнік быў складзены ў 1995 годзе, і мае каля 400 з нечым тэрмінаў. Але слоў павінна быць больш. І там увогуле жах, якія памылкі. Сустракаюцца і адрукоўкі, і граматычныя памылкі. Есць таксама недакладнасці і ў перакладзе слоў, як сэнсавыя (физическое совершенствование — фізічная дасканаласць, руки на бедра — рукі ў бокі) , так і няправільна ўтвораныя формы слова, з няправільным выбарам марфем, з ужываннем неўласцівых беларускай мове марфем (опережающий рывок — апяраджаючы рывок, отвлекающие движения — адхіляючыя руханні). Гэта ўсё была мая дыпломная работа.

— З чаго яна складалася?

— Вялікая яе частка — гэта слоўнік ганбольных тэрмінаў. Нешта брала з рэпартажаў у СМІ, з існуючых агульнаспартыўных слоўнікаў і перакладала. У мяне атрымалася 1000 слоў. Разглядала праблемы сінаніміі, мнагазначнасці і гэтак далей. Вось тыя ж кут ці вуглавы, ігрок ці гулец. Цікава, што мне дапамаглі гульцы Максім Бабічаў і яго брат Дзіма. Гандбол, канешне, я ведаю, але не да дробязей. А яны тлумачылі некаторыя словы, потым я іх ужо перакладала.

— На якой мове павінна гучаць наша тэлебачанне? Як лепш?

— Ніхто не ведае гэтага. На мой погляд, калі б ведалі, як лепш, так бы і зрабілі. Калі гаварыць асабіста пра мяне, я талерантны чалавек у плане моў. Па-мойму, трэба даваць людзям выбар. Тая сітуцыя, якая ёсць зараз, яна непрымальная ў любым разе. Ёсць толькі рускамоўныя каментары, а беларускамоўных амаль няма. Трэба каб было і тое, і тое. Як гэта зрабіць? Гэта ўжо пытанне. Можа быць, раздзяляць гукавыя дарожкі ці яшчэ што-небудзь.

— Многія пагаджаюцца з думкай Віталя Радыёнава, што ўжыванне беларускай мовы павінна пачынацца з радыё і тэлебачання. Няўжо гэта самае галоўнае?

— Не прынцыпова, але гэта быў бы вялікі плюс. Як можна прачнуцца раніцай і пачаць гаварыць па-беларуску? Не чуючы правільную мову па радыё ці тэлебачанні, ты не пачнеш гаварыць правільна. А так, быў бы ідэал. Таксама, калі не чуць мову нідзе, то і думкі на мове ў галаву не прыйдуць.

— Праблема беларусаў — трасянка. Некаторыя каментатары баяцца збіцца на яе падчас эфіра, таму ўвогуле не працуюць на мове…

— Нельга пасадзіць чалавека, які ні разу не каментаваў па-беларуску, і сказаць: «На! Трэніруйся! Рабі, што хочаш, але пачынай!» Так рабіць нельга. Зразумела, што чалавек павінен нейкім чынам вучыцца. Перад люстаркэм ці перад гледачамі, якія нешта разумеюць і могуць папраўляць гэтага челавека. Ды і наўрадці ў нас будзе такі прафесіянал, які адразу ўсе ідэальна пракаментуе.

— У нас недастаткова беларускай мовы?

— Канешне! У нас і раўнапраўя няма. Амаль усюды руская мова. Дамінанты беларускай мовы ў нас не будзе яшчэ доўга. Чаму? Людзі яшчэ не гатовы. І вось тэлебачанне робіць так, як падабаецца большасці. І толькі апошнім часам з’яўляюцца каментарыі па-беларуску. Раней наогул нічога не было. У гэтым накірунку трэба рухацца, і хутчэй.

— Што думаеш наконт мовы ў спорце?

— Не толькі каментарыі павінны быць па-беларуску. Але і ўсе частачкі, якія складаюць спартыўнае спаборніцтва. Тыя ж прозвішчы на майках, тыя ж банэры, тыя ж суддзі-інфарматары. Усе гэта паступова павінна пераходзіць на беларускую мову. Але каб гэта адбылося, павінны спачатку нешта зрабіць лінгвісты, распрацаваць тэрміналогію, прычым не толькі агульнаспартыўную, але і ў кожнай галіне спорта.

— Дзе перш за ўсе павінна гучаць мова?

— Вось я пайшла на трыбуны паглядзець гандбол. А на арэне беларускую мову не пачуеш нідзе. Абсалютна нідзе! Менавіта мне хочацца, каб суддзі-інфарматары пачалі казаць усё па-беларуску. Лік, хто забіў і гэтак далей. У прынцыпе, неістотных рэчаў тут няма. Калі нам пераходзіць, то наогул усюды. Паступова, але ўсюды.

— Існуе шмат спрэчак наконт напісання прозвішчаў гульцоў. Некаторыя клубы наогул супраць напісання па-беларуску. У чым тут заключаецца праблема?

— Тое, што гульцам усё роўна, гэта натуральна. Не пачнуць жа яны лепш бегаць ад гэтага. Я яшчэ бачу праблему ў напісанні лацінкай. Думаю, калі замежныя каментатары пачнуць чытаць нашу гэтую лацінку, язык зламаюць. Нават узяць маё прозвішча. Яно ўвогуле не такое простае, а калі пераходзіць на лацінку, застрэліцца можна. Таму тут трэба неяк унармаваць гэты момант, каб прозвішчы нармальна чыталіся і гучалі.

— Пераклад прозвішчаў з рускай мовы на беларускую — гэта праблема мовазнаўцаў?

— Так, дастаткова шмат нюансаў існуе. Існуе шмат пытанняў, на якія нават мовазнаўцы не заўседы адкажуць. Збольшага тут усё не так складанана: Хачатуран, Няхайчык, Гарбуноў. Але гэта калі пісаць кірыліцай.

— Табе не крыўдна, што мова ў нашай краіне ў незразумелым становішчы?

— Вельмі! Дзецям кажу, каб вучылі беларускую мову. У адказ: «А навошта? Я яе не ўжываю, яна мне не спатрэбіцца». А некаторыя наогул гавораць, што мы рускія.

Насамрэч, беларуская мова не такая ўжо і складаная. І каментаваць спартыўныя спаборніцтвы па-беларуску не так цяжка. Таму што «аут» – гэта аўт, «ворота» – вароты, «удар» – удар і гэтак далей. Але Goals.by з дапамогай Таццяны склаў слоўнік самых цікавых нетыповых перакладаў спартыўных тэрмінаў і некаторых выразаў са СМІ:

Вне игры — па-за гульнёй

Угловой — кутні

Перекладина — ашэстак, папярэчына

Штанга — бэля

Штрафная площадь — штрафная пляцоўка

Удаление — выдаленне

Время от времени — сітавінай

Разыгрывающий — гульнёвы

Переползание на четвереньках — рачкаванне

Фигурное катание — фігурнае коўзанне

Бросок от синей линии — кідок з блакітнай лініі

Как вам новость?