#Павага, цi як у айчынным спорце прасоўваецца беларуская мова

24.07.2013 14:21
Спорт

Як сумна пажартаваў адзін з наведвальнікаў сайта: «Толькі ў нашай цудоўнай краіне слова на беларускай мове цягне на топ-навіну». Аднак, дажыліся... За апошнія тыдні такіх навінаў было адразу некалькі. Карыстаючыся выпадкам, мы узгадваем, хто з прадстаўнікоў беларускага спорту не застаецца ў баку ад роднай мовы.

Віталь Гуркоў і тайцы

Пачнем з людзей, якія натхнілі на працу. Віталь Гуркоў — адзін з тых, кім ганарыцца краіна, сын свайго народа, які паважае беларускую мову, культуру і гісторыю. На словах і на справах.

— Нельга не заўважыць, што ў нашай краіне зараз адбываецца культурны заняпад. Нават калі ты не размаўляеш на сваёй мове, ты павінен яе ведаць. Я намагаюся больш размаўляць па-беларуску, каб паказаць людзям, што не трэба забываць родную мову і цурацца яе.

Дарэчы, «ліцвіны» узгадваюцца таксама ў дачыненні да мінскага клубу па амерыканскім футболе, які носіць менавіта такую назву.

Не так даўно на адным з айчынных рок-канцэртаў прайшла прэзентацыя новага канцэпту грамадскай кампаніі «Будзьма беларусамі» «Культура паляпшае жыццё». Першым удзел у прадстаўленні ідэі прыняў менавіта Гуркоў. Калі вы яшчэ не бачылі гэтага цудоўнага роліка, не шкадуйце трафіка.

А ўжо на гэтым тыдні беларуская зборная па тайскім боксе выправілася на чэмпіянат Еўропы ў Лісабон. У Партугаліі нашых байцоў можна будзе пазнаць па фірмовых цішотках з эмблемай у выглядзе крылатага гусара ВКЛ.

Прозвішчы байцоў і трэнераў на цішотках падпісаныя беларускай лацінкай.

Фота: «Будзьма»

Футбалісты

Самы папулярны від спорта ў краіне зносіны з беларускай мовай мае цяжкія. Узгадаем, як напачатку сезона грамадскі актывіст Ігар Случак накіраваў у айчынныя клубы лісты з прапановамі больш шырока выкарыстоўваць у паўсядзённым жыцці родную мову. Рэакцыя была самая розная. Большасць з прадстаўнікоў клубаў вышэйшай лігі абмежаваліся кароткімі адказамі з падзякай за прапанову, але былі і такія, хто абяцаў «разгледзець», «правесці апытанне», «звярнуцца не сёння, а ў бліжэйшым будучым». Карацей, мірна пасылалі.

Адзіным клубам, які вырашыў пісаць прозвішчы гульцоў на футболках па-беларуску, стала брэсцкае «Дынама». Шчыра кажучы, лепш у Брэсце і надалей пісалі б па-руску. Таму што «Петроў» ды «Сітчінава» – гэта наогул на якой мове?

За спробу, аднак, плюсік у карму Брэст заслугоўвае. Жодзінскае «Тарпеда-БелАЗ», дзе працуе знакаміты прыхільнік роднай мовы Сяргей Пузанкевіч, які падчас працы настаўнікам «выкладаў тэорыю эканомікі, а па панядзелках — інфу пра выезды каманды», з гэтага сезону вырашыла адмовіцца ад беларускага варыянта напісання прозвішчаў. Прычына — вынікі апытання футбалістаў, якія ў поўным складзе аддалі перавагу рускай мове. Прыкладна тое ж самае адбылося і ў «Гомелі».

— Тое, што гульцам усё роўна, гэта натуральна. Не пачнуць жа яны лепш ад гэтага бегаць, — дасціпная заўвага мовазнаўцы.

Як казаў менеджэр БАТЭ Віктар Хадасевіч, «змяніць прозвішчы на футболках — самае простае, што можна зрабіць». З іншага боку, пачынаць таксама з чагосці трэба. Прыемна, што клубы не спыняюцца на няўдалых спробах угаварыць сваіх футбалістаў, а шукаюць іншыя сродкі папулярызацыі мовы. Напрыклад, у Гомелі, Брэсце і Жодзіна абвесткі па стадыёне робяцца выключна па-беларуску. А БАТЭ ў хуткім часе разлічвае зрабіць беларускамоўную версію афіцыйнага сайта.

— Наш дыктар — гэта не проста знаходка, — распавядае дырэктар «Гомеля» Яўген Пабалавец. – Сапраўдны поспех! Гэта не мова дзеля мовы. Чалавек з футбола, заўзятар, ён стварае непаўторную футбольную атмасферу.

Ну, а самы вялікі ўнёсак, як правіла, робяць заўзятары, сярод якіх насамрэч мноства сапраўдных патрыётаў.

Фота: nn.by

Не будзем забываць і пра футбалістаў, якія выклікаюць павагу сваім стаўленнем да роднай мовы. Бадай самы яскравы прыклад – Віталь Радзівонаў:

— Агляды чэмпіяната Беларусі па футболу я хацеў бы глядзець на беларускай мове. Не буду адчуваць ніякага дыскамфорту, калі яна будзе гучаць. Наадварот лічу, што наша родная мова павінна часцей ужывацца і на тэлебачанні, і ў сродках масавай інфармацыі, і на радыё.

Віталь можа быць задаволены — агляды тураў чемпіяната краіны робяцца па-беларуску. Дарэчы, узгадаем, што ў далёкім 2009 годзе яшчэ адзін футбаліст БАТЭ Сяргей Крывец на рэсурсе eSport.by рабіў запісы ў сваім блоге на беларускай мове. Хаця і казаў, што ў паўсядзённым жыцці мову амаль не выкарыстоўвае.

Нельга абмінуць увагай яшчэ адну актыўнасць, звязаную з Віталем Радзівонавым. У чэрвені ён прыняў удзел у запісу беларускамоўнага варыянта роліка «Футбол — гэта…».

Каментатары

Пашыранаму выкарыстанню беларускай мовы на тэлебачанні, да якога заклікаў Раздівонаў, спрыяе дзейнасць айчынных каментатараў. Раней тэлерэпартажы па-беларуску можна было пачуць ад Уладзіміра Навіцкага, але апошнім часам мэтр чамусьці працуе выключна на рускай мове. Аднак добра, што яго справа па-ранейшаму жыве. Побач з Навіцкім вырастаюць іншыя беларускамоўныя каментатары — Павел Баранаў і Зміцер Герчыкаў.

— Каментаваць па-беларуску было маёй марай, — распавядае апошні. – На маю думку, мова ў спартовым каментары – рыса, якая вылучыць нас на тэлiвiзiйнай прасторы. Да таго ж дзецi ды моладзь адчуюць асалоду, сакавiтасць роднай мовы. Будуць ставiцца да яе больш паважлiва.

Ад працы хлопцаў на гульнях чэмпіяната Беларусі па футболе, аглядах англійскай лігі і алімпійскіх спаборніцтвах атрымаў асалоду не адзін айчынны заўзятар. Праўда, у Лондане ўсё гэта нечакана спынілася. Як тлумачыў пасля Аляксандр Казюкевіч, з-за недасканалага ведання аўтарамі беларускай мовы. Іншае меркаванне мае дыпламаваны мовазнаўца Таццяна Абдулхакава, да якой мы звярталіся з прапановай ацаніць узровень айчынных каментатараў.

Таксама Таццяна выказала меркаванне, што беларусізацыя спорта — справа не толькі саміх спартоўцаў і працаўнікаў айчынных клубаў: «Каб гэта адбылося, павінны спачатку нешта зрабіць лінгвісты, распрацаваць тэрміналогію, прычым не толькі агульнаспартыўную, але і ў кожнай галіне спорта».

Пакуль лінгвістам не надта хочацца займацца гэтай справай, беларускую мову ў спорт прасоўваюць, бадай, толькі энтузіясты. Такія, як Баранаў і Герчыкаў, хакейны аглядальнік Леанід Лекарэвіч, які адказвае на пытанні ў сваёй канферэнцыі выключна на роднай мове, а з апошняга часу і прэс-служба хакейнага «Дынама».

«Цмокі-Мінск»

Самы яскравы прыклад прасоўвання беларускай мовы і культуры ў спорт — рэнэймінг баскетбольнага клуба «Мінск-2006». Ініцыятыва належыць дырэктару цэнтра маркетынга і развіцця цяпер ужо «Цмокаў» Аляксандру Кулю.

— Ідэя адразу была ўспрынятая «ў штыкі», — згадвае Аляксандр. – Людзі пад уплывам рускай культуры чулі там штосьці іншае — нешта пра пацалункі. Пераадолеўшы першую хвалю негатыву і кпінаў, вобраз цмока пачаў граць на карысць клуба. Мы здабылі папулярнасць, назва каманды аказалася на слыху. І, дарэчы, прыцягнулі новую частку аўдыторыі — дзеці, якім вобраз вельмі спадабаўся.

Змена клубнага брэнда насамрэч дапамагла «Цмокам» знайсці новую, яшчэ не кранутую частку аўдыторыі, якая раней не цікавілася баскетболам, а ў некаторых выпадках і спортам наогул. Асабіста ведаю тых, хто ў мінулым сезоне прыходзіў на «Мінск-Арэну» менавіта за новымі уражаннямі, прыцягнуты незвычайнай назвай клуба. Аляксандр Куль знайшоў там, дзе іншыя нават не спрабавалі шукаць.

Далейшай беларусізацыі «Цмокаў» часткова перашкаджае ўдзел клуба у міжнароднай лізе. Дарэчы, з такога ж кшталту праблемай сутыкнуліся і ў хакейным «Дынама». Кіраўнік клубнай прэс-службы Іван Караічаў узгадваў, што колькі год таму дынамаўцы спрабавалі прасунуць напісанне прозвішчаў хакеістаў на джэрсі па-беларуску, на што не атрымалі дазвол ад КХЛ. Па розных прычынах тармазілася таксама стварэнне беларускамоўнай версіі афіцыйнага сайта. Яе прынамсі няма нават ў «Цмокаў», якія абмяжоўваюцца толькі рускім і ангельскім варыянтамі.

Што датычыцца «Дынама», то стаўленне да роднай мовы, па словах Караічава, «у клубе цалкам пазітыўнае» (узгадаем, напрыклад, гімн у выкананні гурта «Палац»), таму ў будучыні чакаем ад дынамаўцаў іншых крокаў, накіраваных на папулярызацыю беларускай культуры.

Бонус. Як не трэба

Пра прозвішчы на спінах брэсцкіх футбалістаў мы ўжо ўзгадалі, але самы, бадай, яскравы прыклад таго, як не павінна здарацца, адшукваем у мінулым.

Жнівень 2011-га. Гомель. Мемарыяльная дошка ў гонар 100-годдзя беларускага футбола ў горазде. Як кажуць, каментарыі не патрэбны.

Фота: «Еўрарадыё»

Без лішніх словаў

Мемарыяльная дошка Руслану Салею ў Анахайме