Акцыі маўклівай салідарнасці ў ГУУС лічаць свавольствам і правакацыяй

22.06.2011 13:55
Архив Редакция

ГУУС Мінгарвыканкама напярэдадні акцыі "маўклівай салідарнасці", ініцыяванай беларускімі карыстальнікамі папулярных сацыяльных сетак, выступіла са зваротам да грамадзянаў, у якім заклікала не паддавацца на правакацыі і не ўдзельнічаць у несанкцыянаваным мерапрыемстве. "Гэтае свавольства пачынае перарастаць з разраду дзіцячых нявінных авантураў у парушэнне беларускага заканадаўства з таго моманту, калі з віртуальнага свету яно перамясціліся ў свет рэальны", — заявілі ў ГУУС.

«Беларускае заканадаўства арыентавана на абарону законных правоў і інтарэсаў кожнага грамадзяніна. І таму калі паміж людзьмі ўзнікае канфлікт, то закон ўстае на абарону таго, чые правы былі парушаныя. Гэта ж датычыцца і грамадскіх адносін: калі ім наносіцца шкода, то закон проста АБАВЯЗАНЫ ўстаць на іх абарону», — растлумачылі ў ГУУС Мінгарвыканкама.
 
Менавіта такім прынцыпам кіруюцца супрацоўнікі органы ўнутраных спраў пры забеспячэнні правапарадку і законнасці.

«З прававога пункту гледжання вынікі віртуальных заклікаў арганізатараў «сацыяльных рэвалюцый» — цалкам рэальнае, прамое парушэнне беларускага заканадаўства. Арганізатары заклікаюць маўчаць або мычаць, тупаць або пляскаць — заканадаўству важны ў першую чаргу сам факт арганізацыі падобных мерапрыемстваў», — адзначылі ў сталічным ГУУС.

ГУУС: нумар з рэвалюцыяй праз сацыяльныя сеткі не пройдзе

Арганізатараў падобных акцый у праваахоўных органах лічаць правакатарамі. «Спачатку свае злачынныя намеры яны старанна хавалі за нявіннымі фармулёўкамі, але з кожным днём завуаляваныя мэты праступалі ўсё больш выразна. Урэшце, правакатары ўжо ў адкрытую агучваюць сваю галоўную мэту — здзейсніць у Беларусі рэвалюцыю праз сацыяльныя сеткі. Дарма стараецеся — не пройдзе гэты нумар», — заявілі ў ГУУС.

У праваахоўных органах звярнулі асаблівую ўвагу на тое, што падобныя несанкцыянаваныя акцыі могуць прывесці да сумных наступстваў, якія цягнуць за сабой не толькі адміністрацыйную, але і крымінальную адказнасць.

ГУУС не запалохвае, а па-бацькоўску папярэджвае

«Кожны з вас цалкам здольны самастойна зрабіць выбар — парушаць закон або не, ісці за правакатарамі ці не. Міліцыя не запалохвае, а папярэджвае. Па бацькоўску, ці што…», — гаворыцца ў звароце ГУУС.

У сваю чаргу ДАІ Мінгарвыканкама пасля з’яўленняў у сацыяльных сетках заклікаў да аўтамабілістаў далучыцца да акцыі, падаючы гукавыя сігналы падчас акцыі, таксама нагадала аўтамабілістам аб недапушчальнасці падобных дзеянняў. Згодна з дзейнымі правіламі дарожнага руху, іх выкарыстанне дапушчальна толькі для прадухілення дарожна-транспартнага здарэння і для папярэджання іншых вадзіцеляў аб намеры здзейсніць абгон. Ва ўсіх астатніх выпадках за падачу гукавога сігналу кіроўцаў могуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці і абавязаць выплаціць штраф у памеры да трох базавых велічынь (105 тыс. рублёў).

Як перадаваў Тэлеграф, у апошняй акцыі маўклівай салідарнасці, якая прайшла 15 чэрвеня, узялі ўдзел не толькі жыхары Мінску, але і ўсіх абласных цэнтраў і іншых гарадоў Беларусі. Па папярэдніх дадзеных, у розных гарадах Беларусі затрымалі больш за 240 удзельнікаў акцыі.

Как вам новость?
Головоломки