Барысаў зняў сваю кандыдатуру на карысць Рымашэўскага

08.10.2010 08:55
Архив Редакция

Патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты пенсіянер, інжынер-будаўнік Пётр Барысаў вырашыў аб'яднацца з прэтэндэнтам на прэзідэнцкі пост ад незарэгістраванай партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Віталём Рымашэўскім. У найбліжэйшы час Пётр Барысаў плануе зрабіць афіцыйную заяву аб зняцці сваёй кандыдатуры.

Акрамя таго, Пётр Барысаў заклікаў астатніх прэтэндэнтаў рабіць па яго прыкладзе і зняцца на карысць Віталя Рымашэўскага. Разам з тым, ужо былы прэтэндэнт на прэзідэнцкі пост адмовіўся казаць, колькі подпісаў сабрала за яго ініцыятыўная група, у склад якой увайшло 110 чалавек, перадае «n#####n».

Такім чынам, у перадвыбарчай кампаніі працягвае ўдзельнічаць 16 чалавек. Сярод іх — кіраўнік грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў, які, як ужо перадаваў Тэлеграф, па апошніх дадзеных лідзіруе сярод апазіцыі па колькасці сабраных подпісаў у сваю падтрымку.

Працягвае перадвыбарную гонку і дзейны кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, які ўжо набраў патрэбную для вылучэння ў кандыдаты колькасць галасоў.

Акрамя таго, за прэзідэнцкі пост працягваюць змагацца намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук, кіраўнік Беларускай партыі «Зялёныя» Юры Глушакоў, лідар кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў, старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч, лідар саюза «За мадэрнізацыю» Алесь Міхалевіч , намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, адзін з лідараў незарэгістраванай партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі і лідар Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікола Статкевіч.

Таксама за сваё вылучэнне ў кандыдаты прэзідэнта збіраюць подпісы начальнік сектара знешнеэканамічнай дзейнасці ААТ «Віцебскі плодагароднінны камбінат» Сяргей Рыжоў, віцебскі індывідуальны прадпрымальнік Уладзімір Правальскі, прадпрымальнік з Мінску Дзмітры Ус, беспрацоўны мінчук Сяргей Іваноў, загадчык лабараторыі абсталявання ядзерных энергетычных установак Аб’яднанага інстытута энергетычных і ядзерных даследаванняў «Сосны» Іван Кулікоў і старшыня Савета Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Віктар Цярэшчанка.

Как вам новость?