Дэпутаты гатовыя "прыкласці максімум высілкаў" для таго, каб выканаць задачы, якія паставіў у сваім пасланні да народа і парламент прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. "Пастаўленыя прэзідэнтам задачы ў вобласці эканомікі, палітыкі набудуць у выніку працы ўрада і парламента больш канкрэтныя формы", — запэўніў парламентарый Аляксандр Антаненка.
«Прэзідэнт выразна і зразумела сказаў, што мы павінны дамагацца ўстаноўленых паказчыкаў: росту ВУП на ўзроўні 11% у 2010 годзе і не ніжэй за гэты паказчык — у 2011 годзе», — сказаў старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце, фінансах і падатковай палітыцы.
Дэпутат дадаў, што агучаная кіраўніком дзяржавы неабходнасць рэгулявання занясення ўдакладненняў у законы «даўно наспявала» і пагадзіўся з патрабаваннем змяняць дзейсныя законы не часцей за адзін раз на год, перадае БелТА.
«Гэта правільны пасыл, але трэба памятаць, што ў любым правіле ёсць выключэнні, таму трэба прадугледзець сітуацыі, калі неабходна больш аператыўная і частая змена заканадаўства. А ў астатніх выпадках, магчыма, законы варта змяняць нават не раз на год, а раз на тры гады», — адзначыў Аляксандр Антаненка.
Орда: дэпутаты павінны прыбраць усе перашкоды для выканання задач з паслання прэзідэнта
У сваю чаргу, старшыня сталай камісіі Палаты прадстаўнікоў па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Міхаіл Орда адзначыў, што ў рэалізацыі дадзеных Аляксандрам Лукашэнкам «новых сігналаў да развіцця грамадства і дзяржавы» дэпутаты будуць адыгрываць істотную ролю.
У прыватнасці, як заявіў парламентарый, дэпутаты павінны будуць прыбраць «перашкоды і правалокі», якія цяпер з’яўляюцца пры паляпшэнні якасці тавараў, укараненні інавацыйных тэхналогій, прыцягненні інвестыцый у эканоміку.
«Сёння шмат ахвотнікаў укласці грошы ў беларускую эканоміку і прамысловасць, але яны часта сутыкаюцца з бюракратызмам на месцах. Ад гэтага таксама варта пазбаўляцца», — падкрэсліў Міхаіл Орда.
Бусько: прынцыпы знешняй палітыкі Беларусі застануцца непарушнымі
Член пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах і сувязях з СНД Віталь Бусько заявіў, што прэзідэнт Беларусі пацвердзіў непахіснасць асноўных прынцыпаў знешняй палітыкі краіны: шматвектарнасці, захаванні суверэнітэту і незалежнасці ў любых інтэграцыйных аб’яднаннях і саюзах, а таксама ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.
«У пасланні прэзідэнт яшчэ раз ясна даў зразумець: мы гатовыя супрацоўнічаць з усімі, няхай гэта будзе Усход, Захад, Поўдзень ці Афрыка, але толькі без шкоды для нашых нацыянальных інтарэсаў. Мы рухаемся ў розных кірунках, гатовыя прапанаваць канкрэтныя праекты, але толькі там, дзе нас прымаюць і будуць наладжваць зносіны на роўных, без дыктату і націску», — сказаў дэпутат.
Зараз, па словах Віталя Бусько, камісія будзе шукаць новыя шляхі такога ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, а таксама паспрабуе павялічыць інвестыцыйную прывабнасць Беларусі, у тым ліку, з дапамогай прыняцця «выразных законаў, у якіх будуць прапісаны канкрэтныя дзеянні чыноўнікаў у выпадках, калі да іх прыходзяць інвестары».