Дзеці, якія згубіліся ў лесе пад Лельчыцамі, баяліся прыёмнай маці

21.07.2010 11:25
Архив Редакция

Двое сутак 16-гадовая Юлія Ляхавец і яе 10-гадовы брат Дзмітры з Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці блукалі па лесе, баючыся, што прыёмная маці будзе на іх сварыцца за тое, што сабралі мала чарніцаў. «Мы хацелі спецыяльна застацца ў лесе, таму што, калі прыносім дадому мала ягадаў, мамка нас лае», — сказаў Дзмітры Ляхавец.

«А чарніцы цяпер ужо заканчваюцца, і шмат іх назбіраць цяжка. Мы шукалі ягады ўвесь дзень, а калі пачало цемнець, знайшлі месца, дзе шмат шышак, леглі на іх і спалі. Я прытуліўся да сястрычкі. Звяроў мы не бачылі, але мне было страшна і халодна. Елі толькі чарніцы, якія назбіралі. А калі пасвятлела, пайшлі ў бок вёскі, таму што ў лесе не маглі больш жыць», — распавёў хлопчык, перадае «Комсомольская правда».

Як паведамілі ў міліцыі, прыёмная сям’я некалькі дзён запар пасылала дзяцей у чарніцы ў лес. Аднак версія супрацоўнікаў Лельчыцкага РАУС адрозніваецца ад расказанай дзецьмі. «Нам яны патлумачылі, што назбіралі кошык чарніцаў і паставілі яго на дарозе каля ровара. Потым ўзялі вядзерца і, каб знайсці яшчэ больш ягад, пайшлі ўглыб лесу. А дарогу да ровара знайсці не змаглі. У іх былі з сабою швэдры, але апранаць іх не давялося, таму што ў лесе было цёпла», — паведамілі ў інспекцыі па справах непаўналетніх.

У дадзены момант дзеці праходзяць абследаванне ў раённай лякарні, іхні стан ацэньваецца як здавальняючы, яны не на што не скардзяцца. У Дзмітрыя знойдзены алергічны сып, але без прастуды і тэмпературы. Юлія па невядомай прычыне адмаўляецца ісці на кантакт з лекарамі, таму да яе будуць запрашаць псіхолага.

Маці дзяцей была пазбаўленая бацькоўскіх правоў, і тры гады дзеці жывуць у прыёмнай сям’і. Уранку 19 ліпеня яны пайшлі ў лес у чарніцы і не вярнуліся. Прыёмны бацька выправіўся на пошукі і праблукаў ноч па лесе. Не знайшоўшы дзяцей, ён раніцай занёс у міліцыю заяву аб згубе дзяцей. Пачаліся вышуковыя мерапрыемствы. Але ўвечары Юлія і Дзмітры самі выйшлі на дарогу, дзе іх заўважылі вяскоўцы, якія выклікалі міліцыю. Праваахоўнікі забралі дзяцей і перадалі іх медыкам.

Па словах супрацоўнікаў РАУС, далейшы лёс дзяцей яшчэ не вызначаны, бо ў органаў апекі і міліцыі ёсць падставы меркаваць, што прыёмная сям’я не спраўляецца са сваімі абавязкамі, прапісанымі ў дамове. Прыёмная маці з’яўляецца сацпрацаўніком і атрымлівае грошы за выхаванне дзяцей, аднак яна пасылае Юлію і Дзмітрыя без нагляду ў лес. Да таго ж, сям’я звярнулася ў міліцыю толькі на наступны дзень пасля знікнення дзяцей.

10-гадовы Дзмітры вяртацца ў прыёмную сям’ю таксама не хоча і спадзяецца на вяртанне да роднай маці, што, аднак, немагчыма, паколькі тая пазбаўленая бацькоўскіх правоў.

Как вам новость?
Головоломки