Футбол. 24-ы тур чэмпіянату Беларусі прынёс два скандалы

13.09.2010 11:34
Архив Редакция

У нядзелю, 12 верасня, матчам у Горадні, дзе мясцовы "Нёман" абыграў "Партызан" — 1:0, завяршыўся 24-ы тур 20-га чэмпіянату Беларусі па футболе ў вышэйшай лізе. Акрамя практычна прагназаваных вынікаў, тур запомніцца двума эпізодамі, што без нацяжкі прэтэндуюць на ролю скандальных. Усё пачалося ў Барысаве, дзе мясцовы БАТЭ ў дададзены арбітрам час здолеў вырваць перамогу ў "Нафтана" — 1:0.

Як паведамляюць наведвнікі сайту газеты «Прэсбол», якія прысутнічалі на паядынку, форвард гасцей Філіп Рудзік павёў сябе не зусім адэкватна.

«Рудзік быў заменены ў самым канцы пры ліку 0:0. Калі ён ішоў да лавы, паказаў гледачам вялікія пальцы абедзвюх рук — маўляў класна ўсё. А пасля фінальнага свістка заўзятары Рудзіка «трошкі» асвісталі (ну любяць яго ў Барысаве), а той спачатку жэстам запрасіў прайсціся з ім за трыбуну (мабыць для мужчынскай размовы), а праз колькі секундаў зняў трусы і прадэманстраваў тысячам гледачоў свае філейныя часткі. Вось і ўсё!» — піша на сайце наведнік deniska13.

Другі скандал адбыўся ў Жодзіне ў прэс-цэнтры стадыёну «Тарпеда». Як паведамляе goals.by, не задаволены вынікам паядынку («Тарпеда» ў канцы паядынку саступіла «Шахцёру» — 0:1), галоўны трэнер аўтазаводцаў Сяргей Гурэнка абрынуўся тырадай на адрас судзейскай брыгады, па сутнасці, абвінаваціўшы яе ў прадузятым судзействе.

«Зарвакаўся не абмяркоўваць судзейства. Гэтыя людзі не вартыя, каб пра іх нешта казалі. Пакуль такія арбітры будуць працаваць у футбольнай гаспадарцы, аб якім мы можам казаць прагрэсе беларускага футболу?! Калі ўсё вырашаецца ў кабінеце… Не бачыў суддзяў, якія падышлі б пасля гульні і папрасілі прабачэння перад гульцамі. А тое, што суддзю адхілілі на адзін матч, дык для яго гэта, можа, і лепш. З’ездзіць у які-небудзь танны трохзоркавы гатэль у Турцыі, адпачне», — заявіў Гурэнка пасля матчу.

Абодвума эпізодамі відавочна павінны зацікавіцца ў Дысцыплінарным камітэце Асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футболу», адзначае выданне «Мы».

Зрэшты, калі каментары трэнера могуць прывесці да футбольных штрафаў, то дзеянні футбаліста, калі будуць даказаны дакументальна, могуць пацягнуць і на адміністрацыйную адказнасць. Астатнія матчы прайшлі «ціха-мірна».

Мінскае «Дынама», што вядзе барацьбу за медалі, сур’ёзна абыграла дома «Белшыну» — 4:0. Іх аднаклубнікі з берагоў Буга адолелі «Віцебск» — 2:0. У Магілёве мясцовы «Дняпро» дастаткова нечакана разграміў «Мінск», які ідзе пакуль другім у табліцы, — 3:0. Галоўнакамандуючы «гараджан» Віталь Тараканаў прызнаўся ў эфіры канала СТВ пасля матчу:

— У нас сёння нічога не атрымалася ні ў атацы, ні ў абароне. Далі суперніку згуляць у яго ўлюбёны футбол на контратаках. За што нас і пакаралі.

Турнірная табліца чэмпіянату выглядае цяпер наступным чынам:

1. БАТЭ — 54
2. «Мінск» — 48
3. «Шахцёр» — 45
4. «Дынама» (Мн) — 43
5. «Белшына» — 36
6. «Дынама» (бр) — 32
7. «Дняпро» — 31
8. «Нафтан» — 30
9. «Віцебск» — 22
10. «Нёман» — 18
11. «Тарпеда» — 17
12. «Партызан» — 14.

Как вам новость?