Кудрын ацаніў антыкрызісную праграму Беларусі ў 10 млрд даляраў

20.05.2011 09:45
Архив Редакция

Паводле ацэнак міністра фінансаў Расіі Аляксея Кудрына, на рэалізацыю трохгадовай праграмы па стабілізацыі эканомікі і пераадоленні валютнага крызісу Беларусі давядзецца выдаткаваць каля 10 млрд даляраў. Пра гэта Аляксей Кудрын заявіў 19 траўня пасля паседжання Міждзяржсавета ЕўрАзЭС, які прайшоў у Мінску.

Кіраўнік мінфіна Расіі лічыць, што для пераадолення эканамічных цяжкасцяў, у тым ліку звязаных з вялікім дэфіцытам гандлёвага балансу, Беларусі неабходна прыняць дадатковыя меры па ўзмацненні экспартнай выручкі і інвестыцый у эканоміку краіны, перадае БелТА.

Аляксей Кудрын адзначыў, што беларускі ўрад адэкватна ацэньвае наяўную сітуацыю, прадпрымаючы неабходныя меры для яе стабілізацыі, у прыватнасці, звярнуўшыся па крэдыт у Антыкрызісны фонд ЕўрАзЭС. Плануецца, што агульная сума крэдыту складзе тры мільярды даляраў, якія Беларусь будзе атрымліваць на працягу трох гадоў.

На думку Аляксея Кудрына, яшчэ не менш за тры мільярды даляраў Беларусі неабходна прыцягнуць за кошт іншых крыніц або ад продажу актываў. «У Беларусі дастаткова актываў, каб дапоўніць праграму крэдытавання неабходным аб’ёмам валютных рэсурсаў, якія можна атрымаць за бліжэйшыя два-тры гады і максімальна забяспечыць стабілізацыю эканомікі і валютнай сістэмы», — адзначыў Аляксей Кудрын.

Кіраўнік мінфіна Расіі таксама лічыць, што магчымы зварот Беларусі ў Міжнародны валютны фонд будзе спалучаны з пэўнымі складанасцямі, бо МФВ патрабуе выканання жорсткіх патрабаванняў, у тым ліку структурных рэформаў.

«Тут трэба выбіраць і, магчыма, больш абапірацца на продаж актываў, якіх у Беларусі дастаткова і якія важкія. Паводле нашай ацэнкі, такая праграма патрабуецца не менш чым на 7,5-9 млрд даляраў за тры гады. Тады гэта дасць магчымасць максімальна спакойна стабілізаваць эканоміку ад наступстваў сусветнага крызісу і вырашыць усе валютныя праблемы», — ацаніў віцэ-прэм’ер.

Пры гэтым Аляксей Кудрын растлумачыў, што расійскі бок не лічыць продаж актываў абавязковай умовай крэдытавання, аднак лічыць неабходным правесці пэўную прыватызацыю.

Міністр фінансаў таксама адзначыў, што ўмовы крэдытавання для Беларусі будуць у нечым падобныя з умовамі МВФ. «Беларусь сёння мае вялікае адмоўнае сальда бягучага рахунку аплатнага балансу, ненармальнае для стабільнай эканомікі. Патрэбныя меры па зніжэнні гэтага сальда, для чаго ёсць набор стандартных інструментаў, а вынікам падтрымкі павінна стаць выраўноўванне плацёжнага балансу да стану, калі ён будзе прымальным і без такой падтрымкі», — растлумачыў міністр.

«Мы не хочам, каб гэтыя грошы траціліся — частка гэтых сродкаў павінна пасля служыць павелічэнню золатавалютных рэзерваў. Дэфіцыт павінен зніжацца, а назапашаныя сродкі павінны стаць рэзервам, страхоўкай для будучых крызісных сітуацый», — дадаў Аляксей Кудрын.

Кіраўнік мінфіна таксама паведаміў, што працэнтная стаўка будзе не менш, чым стаўка, па якой запазычвае Расія.

Як раней перадаваў Тэлеграф, прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч 20 траўня паведаміў, што Антыкрызісны фонд ЕўрАзЭС выдзеліць Мінску крэдыт у памеры 3-3,5 млрд даляраў на працягу трох гадоў. «Умовы ўсе ўзгодненыя, сумы таксама вывераныя», — падкрэсліў кіраўнік беларускага ўрада.

Как вам новость?