"Роснефть": глабальных "нафтавых" крызісаў з Беларуссю не чакаецца

20.01.2011 16:43
Архив Редакция

Віцэ-прэзідэнт буйнога расійскага экспарцёра нафты "Роснефть" Пітэр О'Браен заявіў, што не чакае глабальных крызісаў у сферы паставак нафты з Расіі ў Беларусь. Па словах прадстаўніка кампаніі, экспарцёры чакаюць, што ўжо 20 студзеня, пасля сустрэчы прэм'ераў Беларусі і Расіі, пастаўкі бяспошліннай нафты ў Беларусь могуць аднавіцца.

Прэм’ер-міністры дзвюх краін Міхаіл Мясніковіч і Уладзімір Пуцін у чацвер, 20 студзеня, у ходзе сустрэчы ў Маскве маюць намер абмеркаваць умовы паставак расійскай нафты ў Беларусь на 2011 год, аб якіх бакам не ўдалося дамовіцца раней. Прэм’ерам трэба будзе абмеркаваць пытанні цэнаўтварэння і аб’ёмаў давальніцкай перапрацоўкі, перадае Reuters.

Як раней перадаваў Тэлеграф, спыненне паставак расійскай нафты ў Беларусь ужо прывяло да таго, што Мінск перастаў пастаўляць дызельнае паліва ў Еўропу, хоць пастаўкі расійскіх нафтапрадуктаў і нафты еўрапейскім спажыўцам па трубаправодзе «Дружба» ажыццяўляюцца без абмежаванняў.

Расійскія нафтаздабываючыя кампаніі настойваюць на неабходнасці павышэння цаны на пастаўляную ў Беларусь нафту на 45 даляраў за тону. У Расіі гэта тлумачаць ростам сусветных коштаў на нафту, а таксама тым, што Беларусь з 1 лютага павышае на 12,5% тарыф на транзіт «чорнага золата». У студзені Расія павінна была паставіць у Беларусь 1,5 млн. тон нафты, аднак з 1 студзеня пастаўкі не ажыццяўляюцца.

Між тым, Беларусь падала ў Эканамічны суд СНД іск да ўрада Расіі за парушэнне расійскім бокам палажэнняў дзейных міжнародных дамоваў аб свабодным гандлі і Мытным саюзе ў рамках Еўразійскай эканамічнай супольнасці. Беларускі бок лічыць парушэннем ўвядзенне экспартных мытных пошлін на нафтапрадукты, якія вывозяцца з тэрыторыі Расіі ў Беларусь. 19 студзеня калегія Эканамічнага суда СНД адклала на тры месяцы судовае паседжанне па дадзеным пытанні, даўшы бакам дадатковы час для пагаджальных працэдураў.

Как вам новость?